Філатэлістычны поспех

Надзея Дземядзюк закончыла 7 класаў Олтушскай СШ Маларыцкага раёна. Але нягледзячы на такі ўзрост, яна ўжо сталы і вядомы філатэліст. У скарбонцы дасягненняў Надзеі Дземядзюк некалькі ўзнагарод рознага ўзроўню.

Яе калекцыя “Птушкі возера Олтуш і яго ваколіц” вярнулася з узнагародамі ўжо з некалькіх міжнародных філатэлістычных выстаў. У жніўні 2013 г. яна, напрыклад, адзначана пазалочаным памятным медалём і дыпломам за ўдзел у выставе, якая была прымеркавана да 85-годдзя Гродзенскага заапарка. У жніўні 2013г. гэтая ж самая экспазіцыя яшчэ выстаўлялася і ў польскім горадзе Чэрамха. Там яна адзначана кубкам, дыпломам і таксама пазалочаным медалём. За гэтую ж калекцыю Надзея атрымала і вялікі сярэбраны медаль міжнароднай філатэлістычнай выставы “Лондан EUROPHILEX 2015”.
І вось чарговая ўзнагарода. Дасягнуты поспех – гэта сумесная праца Надзеі і яе дзядулі Вячаслава Зезюкова, метадыста раённага Цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі, філатэліста са стажам.
Расказвае Вячаслаў Зезюкоў:
-У ліпені гэтага года прайшоў чарговы чэмпіянат (выстава) Еўропы па філатэліі ў г.Тампэрэ (Фінляндыя). На выставе было прадстаўлена амаль 500 экспанатаў. Трапіць на яе зусім не проста. Трэба мець ўзнагароды вышэйшай пробы ў сваёй намінацыі, якія атрыманы хаця б на некалькіх буйных міжнародных выставах. У намінацыі да 15 гадоў магчымасць выстаўляцца была прадастаўлена 14 філатэлістам. Адным са шчасліўчыкаў стала Надзея Дземядзюк. За прадстаўленую экспазіцыю яна атрымала пазалочаны медаль — максімальную ўзнагароду ў намінацыі. Гэта ўжо другі медаль у скарбонцы Надзеі, які прывезены з еўрапейскіх чэмпіянатаў.
Дасягнуць такога выніку складана. Перамога на Лонданскай выставе, якая праходзіла ў маі мінулага года ў сталіцы Вялікабрытаніі пад патранажам каралевы Вялікабрытаніі Лізаветы ІІ і была прымеркавана да 175-годдзя з дня выпуску першай у свеце паштовай маркі, дала права прадставіць працу ўжо не на адным, а на двух стэндах.
-Каб паспець павялічыць экспанат удвая, давялося працаваць амаль усю зіму, — расказвае На­дзея Дземядзюк. — Матэрыялы збіралі на аўкцыёнах у многіх краінах свету. Потым трэба было пашырыць і больш падрабязна сфармуляваць тэму, дадаць цікавыя нюансы, стварыць макет на 32 аркушах фармату А4. Перакладаць тэкст на нямецкую мову дапамагала мая мама — Алеся Вячаславаўна Дземядзюк, настаўніца нямецкай мовы Олтушскай СШ. За два месяцы да пачатку выставы ў Фінляндыю былі накіраваны сканы. Колькі было радасці, калі даведаліся, што праца дапушчана да ўдзелу!
Перамога ў двух еўрапейскіх чэмпіянатах дала права Надзеі Дземядзюк у наступным го­дзе выставіць экспазіцыю ўжо на 5 стэндах, як у дарослай намінацыі. Гэта складана, адказна, але і вельмі ганарова. Няпроста знаходзіць рарытэтныя матэрыялы, без якіх перамагчы немагчыма, ды і дорага.
-Аднак мэта пастаўлена, жаданне ёсць, таму будзем чакаць новых перамог, — гаворыць Вячаслаў Зезюкоў.
Мікалай НАВУМЧЫК.

На здымку: Надзея Дземя­дзюк, юная філатэлістка з Олтушскай СШ.

Опубликовано ГЧ № 60 от 9.08.17 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.