Клопат пра хлеб надзённы

Жніво ў гаспадарках Маларытчыны завершана. Аднак убранае зерне неабходна дапрацаваць, давесці да ладу. І тут на дапамогу традыцыйна прыхо­дзяць студэнты. Не стаў выключэннем на Маларытчыне і сёлетні год.
Маладыя людзі, якія не сядзяць склаўшы рукі падчас летніх канікулаў, а, як гаворыцца, зарабляюць хлебам на хлеб, шчыруюць на зернетаку ў ААТ “Макраны”. Роднай гаспадарцы дапамагаюць з дапрацоўкай зерня Дзмітрый Максімук (Пінскі дзяржаўны аграрны тэхналагічны каледж), Вікторыя Навасадзец (Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна), Сяргей Баланцэвіч (Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна), Дзмітрый Горнік (Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт) і інш.
-Адны з нас пачалі працаваць 18 ліпеня, другія – 20, — расказвае Дзмітрый Максімук. — Работа на зернетаку для нас — не толькі магчымасць адпачыць ад заняткаў. Гэта яшчэ — сумленна заробленыя грошы, безліч станоўных эмоцый, цудоўны і бадзёры настрой. Мы працуем пазменна штодзень, але ніколькі не стамляемся. Адчуванне патрэбнасці нашай справы надае сілы.
Работай студэнтаў задаволены і Васіль Радчанка, загадчык складоў ААТ “Макраны”:
-Работа кіпіць на зернетаку з раніцы да вечара. Каб не было страты ўраджаю, абмалочанае зерне трэба своечасова ачысціць і высушыць. Усе студэнты, часовыя нашы работнікі, з энтузіязмам дапамагаюць гаспадарцы, працуюць зладжана, старанна, адказна і ў тэрмін выконваюць даручаную работу. А інакш і быць не можа, бо ўсе падчас гарачай пары на вёсцы жывуць спрадвечным клопатам пра хлеб надзённы.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: студэнты дапамагаюць у дапрацоўцы зерня ў ААТ “Макраны”.
Фота Алега Крэмянеўскага.

Опубликовано ГЧ № 62 от 16.08.17 г.

Добавить комментарий


контейнерные перевозки грузов
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!