Аптымістычны настрой – галоўны лекар

Неаднойчы даводзілася мне сустракацца з людзьмі сталага ўзросту, якія пасля размовы станавіліся героямі газетных замалёвак. І кожны раз, калі ідзеш да іх на сустрэчу, думаеш, які момант з жыцця гэтага чалавека можа ўсхваляваць тваё сэрца. І заўсёды такі момант знаходзіцца. Быў ён і на гэты раз.

Невялічкая вясковая хатка, наўкол кветкі, ля хаты лавачка… Заходзіш у двор да Марыі Сцяпанаўны Бягеза, што жыве ў вёсцы Перавое, і адразу адчуваецца рука гаспадыні. А гэтай гаспадыні ўжо восемдзесят сем гадоў….
Марыя Сцяпанаўна нарадзілася ў лютым 1930 года на хутары непадалёк ад вёскі Дрочава. У сям’і дзяўчынка была першым дзіцем, а пасля яе нарадзіліся яшчэ тры хлопчыкі. У бацькоў да калектывізацыі была свая зямля, на якой і гаспадарылі, каб гадаваць дзетак. Безумоўна, дапамагала па гаспадарцы бацькам і Марыя.
— У нас была вялікая гаспадарка. Аж сем кароў. І ўсіх іх маме трэба было даіць рукамі два разы на дзень, а гэта вельмі цяжка. Бацька таксама ўвесь час аддаваў працы. Калі я падрасла, пачала пасвіць авечак. А яшчэ даглядала за малодшымі братамі. Мы з дзяцінства ведалі, што такое сельская праца, — успамінае жанчына.
Але, на жаль, дзеці таго часу, асабліва вясковыя, у нейкай ступені былі абдзелены магчымасцю атрымання адукацыі. Марыя Сцяпанаўна пачала вучыцца яшчэ ў польскай школе, закончыла два класы. Як прызнаецца, школа была далёка, таму хадзіць на заняткі не заўжды атрымлівалася. Дома патрэбна была дапамога. Марыя Сцяпанаўна ўспамінае сваё дзяцінства з пяшчотай і ўсмешкай, але толькі да 1941 года.
— Калі пачалася вайна, мне адзінаццаць гадоў было, — распавядае мая субяседніца, — таму я ўжо добра ўсё разумела. Калі даведаліся, што пачалася вайна, зразумелі, што трапілі ў бяду, з якой немагчыма знайсці выйсце. Гэта было вельмі страшна і балюча. Асабліва мне запомніліся тыя моманты, калі на адну ноч да нас ў хату прыходзілі партызаны, а на другую — немцы. Мы нават і слова баяліся сказаць, глядзець на немцаў было страшна. А пасля, калі нашу тэрыторыю вызвалілі, майго тату прызвалі ў дзеючыя войскі. Маці вельмі хвалявалася, ды і недарэмна. На жаль, мы яго больш ужо не ўбачылі. Зусім мала не дачакаўся тата Перамогі. У красавіку сорак пятага ён загінуў. Так маці засталася адна з дзецьмі.
Які цяжкі быў пасляваенны час, мы ведаем толькі з кніжак і фільмаў. Але ёсць яшчэ тыя людзі, якія яго ведаюць па ўласных успамінах. Застаўшыся адна з дзецьмі, маці Марыі Сцяпанаўны старалася, каб у іх было ўсё неабходнае. Але лёс і жыццё маюць свой сцэнарый для чалавека, які нельга змяніць.
— Мама думала аб тым, як нас выгадаваць, таму і трымала вялікую гаспадарку. Памятаю, у той дзень мы з ёй ехалі на машыне ў Брэст, каб набыць парася, — расказвае жанчына, — але трапілі ў аўтамабільную аварыю. Я ся­дзела ў мамы на руках і вылецела з машыны, што і дапамагло мне застацца жывой. А вось мама мая, на жаль, загінула тады. Так мы ў кастрычніку 1945 года страцілі яшчэ і маці. Не ведаю нават, што было б з намі, калі б не наш дзядуля. У дзеда, дарэчы, мой бацька быў адзіным сынам. Дзед вельмі пакутаваў, калі даведаўся аб яго смерці. Памятаю, устане ноччу, калі мы спім, і гаворыць з ім. Дзед жыў тады ўжо адзін, бабуля памерла раней. Вось так ён, немалады мужчына, узваліў на свае плечы нялёгкую ношу. Мне здаецца, яму было цяжка з намі, але ён ніколі не скардзіўся.
Менавіта гэты момант ў жыцці Марыі Сцяпанаўны і крануў маё сэрца, усхваляваў душу. Калі жанчына распавядала пра бацькоў і дзядулю, на вачах яе блішчалі слёзы. Напэўна, таму, што боль гэты кранае сэрца і зараз.
Час ішоў, дзеці выраслі. Свой працоўны шлях Марыя Сцяпанаўна ў мясцовым калгасе пачала ў шаснаццаць гадоў. Яна, як і многія жанчыны, хадзіла на працу ў паляводчую брыгаду. І дома была немалая гаспадарка.
Маладосць – час кахання. Знайшло яно і маю суразмоўцу.
— З Карпам мы сустракаліся доўга, амаль тры гады. Ён быў малодшы за мяне на два гады, — расказвае Марыя Сцяпанаўна, — але гэтай розніцы мы не адчувалі. Вяселля ў нас не было, але было вянчанне, пасля яго крыху пасядзелі за святочным сталом. Сталі жыць з яго маці. Калі нашаму першаму сыночку Косці было толькі пяць месяцаў, майго Карпа прызвалі на тры гады служыць у армію.
Калі прыйшоў ён з арміі, уладкаваўся таксама ў мясцовы калгас. А праз нейкі час у сям’і нарадзіўся другі сын, Павел. Маладая сям’я пабудавала свой уласны дом. Карп працаваў на гусенічным трактары, на камбайне, а Марыя Сцяпанаўна ўсё жыццё працавала ў паляводстве. У пяцьдзясят пяць гадоў пайшла на заслужаны адпачынак, але яшчэ чатыры гады працавала. Як прызнаецца сама жанчына, добрае жыццё пражыла яна са сваім Карпам, у згодзе і каханні.
Цяпер Марыя Сцяпанаўна жыве адна. Муж памёр восем гадоў назад. Але не забываюць бабулю чацвёра ўнукаў і трое праўнукаў.
Марыя Сцяпанаўна шчырая, добрая жанчына, з якой прыемна размаўляць. Яна распавядала аб сваім жыцці з эмоцыямі і пачуццямі. Слухаеш яе, нібы глядзіш нейкую кінастужку. Але ёсць у гэтай жанчыны і яшчэ адна, на мой погляд, вельмі важная якасць, якая дапамагае жыць. Гэта — аптымізм. На развітанне Марыя Сцяпанаўна пажадала мне ўсяго добрага, а я ў сваю чаргу пажадала ёй моцнага здароўя. А яшчэ, каб яна абавязкова сустрэла свой стагадовы юбілей, на што жанчына з усмешкай адказала: “Паспрабую!”
Анастасія Пархамук.
На здымку: Марыя Сцяпанаўна Бягеза.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 62 от 16.08.17 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


читать далее

читайте здесь biceps-ua.com

www.dopingman.com.ua