Маларыцкі салавей

Станіслаў Кулецкі, маларытчанін, прыняў удзел у міжнародным музычным конкурсе-фестывалі “Венскі зоркапад-2017” (Аўстрыя). Па яго выніках юнак заняў І месца і ўзнагароджаны Кубкам, медалём і граматай. Пра сябе, свой шлях да перамогі і творчыя планы Станіслаў расказаў падчас сустрэчы з карэспандэнтам раённай газеты.
Юнак нарадзіўся і вырас у Маларыце, скончыў 9 класаў СШ №1, затым — Брэсцкі дзяржаўны каледж сувязі (2017), а нядаўна стаў студэнтам ІІ курса дзённай формы навучання Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі, дзе будзе набываць спецыяльнасць “Інфакамунікацыйныя сістэмы”.
-Станіслаў, каб перамагчы на такім міжнародным конкурсе, акрамя таленту, неабходна выдатная музычная адукацыя. Дзе ты яе набываў?
-Напэўна, не памылюся, калі скажу, што нідзе. Два гады наведваў Маларыцкую школу мастацтваў: вучыўся іграць на баяне ў Эльвіры Рустамаўны Хабібулінай. Гэта цудоўны настаўнік. Я з радасцю і задавальненнем ішоў на кожны яе ўрок. Аднак праз 2 гады вучобу кінуў са слязамі на вачах па той прычыне, што палічыў непатрэбнымі іншыя музычныя спецпрадметы, якія прадугледжвала праграма. Так першая спроба стаць музыкантам у мяне закончылася ў 2007г. Бацькоў такое рашэнне не вельмі задаволіла, але прымушаць далей займацца музыкай яны не сталі.
Імкліва ляцеў час. У 2013г. Станіслаў выпадкова ўзяў у рукі сяміструнную гітару, на якой яшчэ калісьці іграла яго маці Наталля Паўлаўна Кулецкая. Гітара была старой, некалькі струн у ёй адсутнічала. Юнак паспрабаваў іграць. Віртуознасці не атрымалася, гукі не паліліся. Гітара ў руках не заіграла, а, здалося, заплакала. Ад гэтага ў сэрцы нешта зашчымела. Нечакана прамільгнула думка: “Хіба я не магу навучыцца іграць прыгожа?” Неўзабаве купіў новыя струны, але таго эфекту, якога чакаў, зноў не атрымалася. Аднак жаданне асвоіць гітару не знікла. Дапамог выпадак.
-Неяк мяне на дзень нараджэння запрасіў сябар, — успамінае Станіслаў. – Памятаю, што ў яго была новенькая сучасная гітара. Я ўзяў яе ў рукі і не паверыў сабе: заіграў так, што ўсе адразу заслухаліся. Знаёмыя сталі цікавіцца, дзе я гэтаму навучыўся.
Пасля гэтага юнак загарэўся жаданнем купіць сабе новую гітару. На ёй іграць вучыўся сам. Спрабаваў і спяваць, аднак нешта ішло не так.
-Я зразумеў, што патрэбны вопытны педагог, які навучыў бы ўсяму неабходнаму, «паставіў» голас, — расказвае Станіслаў. – Пошукі прывялі ў вакальны гурток пры Брэсцкім дзяржаўным каледжы сувязі. Я пастаянна быў вядучым на розных мерапрыемствах, якія праводзіліся ва ўстанове. Неяк на чарговай рэпетыцыі ўзяў у рукі мікрафон і проста так заспяваў. Але шчыра, ад душы. Педагогі, якія прысутнічалі, сказалі, што мне тэрмінова неабходна запісацца ў адну з вакальных студый абласнога цэнтра. Да іх слоў прыслухаўся. Так я апынуўся ва ўзорнай вакальнай студыі “Аліса” Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі г.Брэста.
Аднак заняткі Станіслаў наведваў нядоўга. Педагог, у якога вучыўся, з працы па нейкіх прычынах звольніўся, ды і набліжаўся час сесіі. Неабходна было думаць пра тое, як паспяхова здаць экзамены.
Пасля 3 курса практыку Станіслаў Кулецкі праходзіў у Маларыцкім раённым вузле электрасувязі РУП “Белтэлекам”.
-Гэта быў час роздумаў, пошук свайго месца, — гаворыць Станіслаў. – Пра што б ні разважаў, у рэшце рэшт заўсёды прыходзіў да аднаго і таго ж: неабходна сур’ёзна заняцца музыкай. Каб паставіць голас, за дапамогай звярнуўся да аднаго са спецыялістаў абласнога цэнтра. Калі хварэў, “даспяваўся” да таго, што сарваў голас, зноў давялося зрабіць перапынак.
Новым штуршком стала прапанова педагога дадатковай адукацыі каледжа сувязі выступіць у песенным вакальным конкурсе.
— Я згадзіўся, — успамінае Станіслаў. – Пачалася сур’ёзная падрыхтоўка да яго. Конкурсныя песні для выступлення ў Аўстрыі выбраў сам. На суд журы ў намінацыі “Сольнае выкананне” вырашыў прадставіць 2 песні: “Як маладымі мы былі” на рускай мове, а таксама — “Everybody love somebody” на англійскай мове з рэпертуару Дзін Марціна, амерыканскага эстрадна-джазавага спевака і акцёра.
На перамогу Станіслаў не разлічваў. Разумеў, што на конкурс прыехалі выступаць моцныя выканаўцы з Балгарыі, Ірана, Аўстрыі, Расіі… Чакалася сур’ёзная і напружаная творчая барацьба.
— На рэпетыцыі, як здалося, праспяваў дрэнна. Не паверыце, але мяне напужала пустая зала. На такой вялікай сцэне выступаў упершыню. Не адчуваў зоны камфорту. Акрамя таго, вельмі хваляваўся. Я зразумеў, што неабходна сябе ўзяць у рукі, сабрацца і праспяваць, каб вынік не быў нулявым.
Пасля выканання першай песні ўздыхнуў з палёгкай. Прагучала яна добра, хоць пэўныя хібы ў час выканання заўважаў сам. Затое другая кампазіцыя прынесла асалоду і задавальненне. Здзівіла тое, што падчас выканання твора, недзе ў сярэдзіне, у зале пачуліся апладысменты. На тварах слухачоў я заўважыў усмешкі. Гэта мне надало яшчэ большай упэўненасці. Першае месца на міжнародным музычным конкурсе-фестывалі “Венскі зоркапад-2017” для мяне стала сапраўднай прыемнай нечаканасцю.
— Станіслаў, што даў табе удзел у гэтым фестывалі-конкурсе?
— Гэтае творчае спаборніцтва шмат чаму навучыла. Я ўбачыў свой узровень, аб’ектыўна, рэальна ацаніў свае магчымасці і пераканаўся, што для прафесійнага ўдасканальвання няма межаў. Каб чагосьці дасягнуць, трэба працаваць над сабой. Гэтым і планую заняцца.
— А ўдзел у конкурсе не пераканаў, што тваё месца з такім моцным голасам, яго запамінальным тэмбрам — на сцэне? Песні ж у тваім выкананні гучаць прыгожа і кранальна. Так і хочацца сказаць: “Маларыцкі салавей”.
— Спачатку неабходна закончыць вучобу. Калі ж атрымаецца, а можа, і пашанцуе, то стану прафесійна займацца спевамі і музыкай. Пакуль жа я як бы стаю на раздарожжы і шукаю сябе.
Між іншым, запісы конкурсных выступленняў Станіслава Кулецкага можна паглядзець у інтэрнэце па адрасе: http://www.russianaustria.com (раздзел “Фестывалі і конкурсы”).
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Станіслаў Кулецкі на міжнародным музычным конкурсе-фестывалі “Венскі зоркапад-2017”.

Опубликовано ГЧ № 62 от 16.08.17 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


www.xn----7sbajornvhu8c.com.ua

details medicaments-24.net

topobzor.info/vernee-apollo-lite/