дарылі радасць

У апошні час на Маларытчыне пачала актыўна развівацца жаночая паэзія. Імёны мясцовых паэтэс на слыху ў многіх. Нядаўна аддзел бібліятэчнага маркетынгу раённай бібліятэкі выдаў першую кніжку паэзіі для дзяцей “Чаму рэчка сіняя?” Надзеі Кухцей.
-Я нарадзілася і вырасла ў Пінску, — расказвае пра сябе Надзея Міхайлаўна. – Там закончыла гімназію №3, пасля атрымала спецыяльнасць “Псіхолаг. Выкладчык псіхалогіі” ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С.Пушкіна. Пасля заканчэння ВНУ некаторы час працавала ў в. Парахонск (Пінскі раён), цяпер – працую па атрыманай спецыяльнасці ў СШ №2 г.Маларыты. Я ўдзячна сваім бацькам – Міхаілу Серафімавічу і Надзеі Васільеўне Кучынскім, якія з дзяцінства выхавалі ў мяне любоў і павагу да кнігі. У нашай звычайнай кватэры налічвалася больш за 2 тысячы экзэмпляраў розных кніг. Аднак галоўнае месца ў дамашняй бібліятэцы займала мастацкая літаратура. Гэта дзіцячыя кнігі, усе творы школьнай праграмы, класічная беларуская, руская і замежная літаратура ў зборах твораў.
— Надзея Міхайлаўна, а вершы калі сталі пісаць?
— Яшчэ са школьных гадоў. Да прыгожага і чароўнага свету мастацкага слова далучыла мяне настаўніца рускай мовы і літаратуры Святлана Мікалаеўна Банцэвіч. Пад яе ўплывам і самой захацелася паспрабаваць напісаць вершы. Я была ў захапленні ад лірыкі Аляксандра Пушкіна, Мікалая Някрасава, Ганны Ахматавай, Сяргея Ясеніна, Марыны Цвятаевай, Канстанціна Сіманава, Бэлы Ахмадулінай… Любіла і люблю таксама чытаць класікаў беларускай літаратуры. Многаму вучуся ў іх. Мне вельмі падабаецца творчасць Яўгеніі Янішчыц, асабліва яе верш “Напэўна, шчасце ў мяне не па ўзросту”.
— Аднак пісаць вершы сталі для дзяцей. Чаму?
— Напэўна, адназначнага адказу няма. Штодзённая праца ў школе, безумоўна, уплывае на мой светапогляд. Дзіцячая энергетыка, іх усмешкі і частыя “Чаму?”, “Навошта?”, “Для чаго?” даюць мне магчымасць зноў і зноў убачыць дзяцінства знутры. Каб пісаць для дзяцей, трэба захаваць у душы штосьці дзіцячае. Гэты працэс творчасці больш адказны і складаны. Для дарослых прыдумаць і выкласці думкі на паперу прасцей. Невыпадкова адзін пісьменнік на гэты конт сказаў: “Для дзяцей трэба пісаць так, як для дарослых, але яшчэ лепш”. Ведаеце чаму? Бо неабходна ўвайсці ў дзіцячы свет, зразумець яго унутраны стан, адчуванні, думкі, перажыванні. Даросламу гэта зрабіць бывае няпроста. Калі пішу вершы для дзяцей, то заўсёды думаю аб тым, ці будуць яны зразумелы маленькаму чытачу ці слухачу. Верш павінен быць цікавым і лёгка чытацца. Толькі тады ён хутка знойдзе шлях да чытача. Заўсёды хвалююся, калі свае творы чытаю дзецям – дачцэ Святлане і сыну Яўгену, а таксама мужу Андрэю. Яны мае першыя крытыкі. Да іх думкі заўсёды прыслухоўваюся.
-Вершы, як і густы чытачоў, бываюць розныя. Мастацкую вартасць таго ці іншага верша аматарам паэзіі вызначыць цяжка. Колькі чытачоў, столькі будзе і думак. Мне падабаюцца вершы, у якіх ёсць рытм і рыфма, глыбіня і шырыня паэтычнай думкі, пачуццёвасць… Перакананы, што яны больш меладычна і пранікнёна гучаць, вершы, напісаныя з удзелам таленту і ад душы. Тады захапляе мелодыя твора, яго хочацца вывучыць на памяць. І сярод вашых вершаў ёсць цудоўныя, запамінальныя, якія мне падабаюцца, кранаюць і чытаюцца лёгка. Надзея Міхайлаўна, а ці ёсць у вас, як аўтара, сярод напісаных вершаў самы любімы?
— Напэўна, не. Кожны верш – любімы, дарагі, блізкі і родны, як сваё дзіця. Здаецца, каб не было нейкага напісанага верша, то я была б іншай. Кожны верш – гэта перажытае, перадуманае, прапушчанае праз сэрца.
— За які час напісаны вершы, якія ўвайшлі ў ваш дэбютны зборнік паэзіі “Чаму рэчка сіняя?”
— Трыццаць вершаў, якія ўключаны ў зборнік, напісаны ў асноўным за апошнія 2 гады. Між іншым, вокладка зборніка — гэта малюнак маёй дачкі Святланы.
— Надзея Міхайлаўна, акрамя вершаў, у зборніку ёсць і загадкі.
— Так. Пісаць іх стала таму, што прасілі дзеці. Усе загадкі, якія былі ў нас, дзецям загадвала шмат разоў. Патрэбны былі новыя. Па гэтай прычыне і стала іх прыдумляць. Загадкі вельмі спадабаліся дзецям. У зборніку “Чаму рэчка сіняя?” 75 тэматычных загадак: “Загадкі пра прафесіі”, “Загадкі пра школьныя прылады”, “Загадкі пра жывёл”, “Загадкі пра насякомых”, “Загадкі пра транспарт і тэхніку”. Яны развіваюць трапнасць, назіральнасць, вобразнае ўяўленне.
— Надзея Міхайлаўна, у вас таксама ёсць вершы, напісаныя на беларускай мове.
— Безумоўна. Вершамі на роднай мове як бы падказваю дзецям, што яна прыгожая, напеўная, меладычная, мілагучная. Думаю, што адзін са зборнікаў, які напішу, абавязкова будзе цалкам беларускамоўным. Хочацца, каб вершы дарылі маім чытачам радасць і ўсмешкі на тварах.
— Як вы знаходзіце час на творчасць? Напэўна, ахвяруеце дзеля гэтага сваёй сям’ёй, працай…
— Вершы нараджаюцца нечакана, прыходзяць з глыбіні душы. На паперу кладуцца тады, калі з’яўляюцца натхненне і вольны час.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: маларыцкая дзіцячая паэтэса Надзея Кухцей.
Фота аўтара.

Добавить комментарий


доставка воды по Киеву

ここに

medicaments-24.com/
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!