У залатых руках і каласы залатыя

Сёлетняе жніво для Віктара Рабчынскага з СВК “Дарапеевічы” было ўжо 20-ым па ліку. Аднак, нягледзячы на тое, што і вопыт ёсць, і неабходныя веды, і навыкі працы на хлебаробчай ніве, уборачны сезон Віктар Пятровіч што­год пачынае ўсё ж такі з асаблівым хва­ляваннем. Хо­чац­ца, каб і надвор’е паспрыяла, і каб ума­­­лотнай была ні­ва, і каб паломкі кам­­байна не было ў разгар жніва.

Віктар Рабчынскі штогод працуе старанна, з энтузіязмам і ведае, што жніво – напружаны час, сур’ёзны экзамен, аснова будучага дастатку гаспадаркі і краіны ў цэлым. Ёсць хлеб – будзе і жыццё.
Віктар Пятровіч — вопытны камбайнер, сапраўдны майстар сваёй справы. У яго падыход да працы на зямлі такі, як у селяніна гаспадарлівага, разважлівага і памяркоўнага. Віктар Рабчынскі разважае прыкладна так, як і Міхал з “Новай зямлі” Якуба Коласа, гаворачы, што зямля – найвялікшая каштоўнасць, не проста пэўная тэрыторыя, а святое месца.
-Хіба можна родную зямлю падводзіць і працаваць на ёй абы-як? — пытаецца Віктар Пятровіч, а пасля з задавальненнем цытуе на памяць урывак з паэмы “Новая зямля”: — Зямля не зменіць і не здрадзіць, зямля паможа і дарадзіць, зямля дасць волі, дасць і сілы, зямля паслужыць да магілы, зямля дзяцей тваіх не кіне, зямля — аснова ўсёй айчыне.
Віктар Рабчынскі нара­дзіўся і вырас у вёсцы Новы Двор. Пасля службы ў арміі вярнуўся ў калгас імя Н.Крупскай, дзе ўладкаваўся на працу трактарыстам, затым узяў шлюб з Аленай Уладзіміраўнай, настаўніцай пачатковых класаў, і на пастаяннае месца жыхарства пераехаў у Дарапеевічы. Думкі змяніць прафесію хлебароба на іншую ні разу не ўзнікалі і на новым месцы.
Любіць зямлю, старанна працаваць на ёй вучыўся Віктар Пятровіч ў сваіх бацькоў. Між іншым, яго бацька, Пётр Пятровіч, адпрацаваў трактарыстам у калгасе 45 гадоў. Многае ад яго Віктар Рабчынскі атрымаў у спадчыну. Цяпер жа сакрэты хлебаробчай справы і любоў да яе перадае свайму сыну Дзмітрыю, які скончыў 3 курсы Пружанскага аграрна-тэхнічнага каледжа. Праз год, атрымаўшы дыплом механіка, Дзмітрый прыедзе на працу ў родную гаспадарку. Між іншым, юнак на камбайне “КЗС-1218” сёлета з бацькам шчы­раваў на жніве ўжо 4-ы сезон.
— Здаецца, што мы ра­зумеем адзін аднаго без слоў, — усміхаецца Дзмітрый Рабчынскі. – Памочнік камбайнера – гэта як сакратар, заўжды на падхваце. Не памылюся, калі скажу, што работа памочніка не нашмат лягчэйшая ад камбайнерскай справы. Мне ж працаваць побач з бацькам заўжды было лёгка, бо ўсяму неабходнаму вучуся ў яго, больш вопытнага і спрактыкаванага.
Сямейны экіпаж Рабчын­с­кіх на камбайне “КЗС-1218” сёлета на жніве — адзін з лепшых у СВК “Дарапеевічы”. За 16 дзён жніва Віктар Пятровіч і Дзмітрый Вік­таравіч намалацілі 872 тоны збожжа. У мінулым годзе, напрыклад, гэты паказчык быў ніжэйшы – 864 тоны.
Кіраўніцтва гас­падаркі адзначыла, што сямейны экіпаж у складзе сына і бацькі Рабчынскіх заўсёды працуе вынікова, зладжана, якасна. Не стаў выключэннем і сёлетні год.
— Чым адрозніваецца гэты экіпаж ад іншых? – цікаўлюся.
— Віктар Пятровіч і Дзміт­рый Віктаравіч Рабчынскія — гонар СВК “Дарапеевічы”, — чую ў адказ. — Бацька працавіты, і сын такі ж. Для іх абодвух характэрна дысцыплінаванасць, адказнасць за даручаную справу, высокі прафесіяналізм хлебароба. Сваю справу ведаюць бездакорна. А яшчэ, напэўна, выклікае прыхільнасць і характар Віктара Пятровіча. З добрым настроем пачынае ён свой працоўны дзень, з такім жа і заканчвае яго. Гэта таксама ўплывае на вынік.
— Калі сею, то заўсёды не забываю аб тым, што мне ж давядзецца і жаць, — гаворыць Віктар Рабчынскі. – Праца механізатара – заўсёды быць у полі. Восенню і вясною я засяваю палеткі, праводжу падкормку, апрацоўку пасеваў ад шкоднікаў і хвароб. Але вынік бачны толькі летам падчас уборкі. І так кожны год.
— Якое яно, жніво, для вас?
— За 20 гадоў яно было розным. У кожнага жніва свае адметнасці, асаблівасці, – разважае Віктар Рабчынскі. – Аднак не памылюся, калі скажу, што з кожным годам убіраць хлеб новага ўраджаю становіцца лягчэй. Спрыяе гэтаму мадэрнізацыя сельскагаспадарчай галіны, удасканальванне арганізацыі працы. Ды і тэхніка не такая, якой яна была, напрыклад, два дзясяткі гадоў таму.
У памяці Віктара Рабчынскага назаўсёды застаўся самы першы выезд на жніво на “Ніве”.
— Мне тады хацелася нават спяваць, — прызнаецца камбайнер. – Ад такога хараства навокал і ўсведамлення патрэбнасці і важнасці справы, якую раблю. Калі набіраў у прыгаршчы зерне, здавалася, што трымаю золата.

* * *
Жніво ў гаспадарцы закончана, але Віктар і Дзмітрый Рабчынскія не сядзяць без справы. Віктар Пятровіч цяпер заняты на ўборцы травы, а Дзмітрый Віктаравіч працуе на трактары.
А праз год бацька і сын Рабчынскія зноў плануюць выйсці на жніво ў скла­дзе сямейнага экіпажа, каб убраць ураджай да апошняга каласка ў полі.
Мікалай НАВУМЧЫК.

На здымку: Віктар Пятровіч і Дзмітрый Віктара­віч Рабчынскія, кам­байне­ры з СВК “Дара­пеевічы”.
Фота Алега Крэмянеўскага.

Опубликовано ГЧ № 64 от 23.08.17 г.

Добавить комментарий


profvest.com

profvest.com/2017/10/crypto-fx-hyip-otzivi-obzor.html

www.profvest.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!