Сваёй вёсцы нізка пакланюся

Лукава… Пра што гаворыць гэтая назва па-за межамі Маларытчыны? Для некаторых яна найперш асацыіруецца з летнім адпачынкам на берагах Лукаўскага вадасховішча ці з біялагічным заказнікам рэспубліканскага значэння “Лукава”. Астатнім – гэта толькі адна з многіх геаграфічных назваў на карце нашай Беларусі. Для тых, хто нарадзіўся і вырас у Лукаве, – гэта бацькоўскі дом, месца, якое стала пачаткам жыцця і лёсу. І менавіта сюды яны імкнуцца душою, стомленыя рознымі нягодамі. Тут заўсёды светла, добра, ціха, цёпла і ўтульна, ёсць вера і надзея, падтрымка і дапамога.
У цэнтры аграгарадка “Лукаўскі” прайшло свята вёскі “Сваёй вёсцы нізка пакланюся”. Мерапрыемства атрымалася яркім і запамінальным, дзякую­чы яго ініцыятарам і арганіза­тарам: ААТ “Чырвоны партызан”, сельскаму Савету, СДК і мясцовай бібліятэцы.
Ад душы весяліліся ў гэты дзень як жыхары, так і госці свята. У яго праграме былі разнастайныя мерапрыемствы, у тым ліку — спартыўныя. Афіцыйная частка свята вёскі прайшла ля Лукаўскага СДК. Яе адкрыла Алена Васільеўна Марук, старшыня Лукаўскага сельскага Савета. Яна выказала падзяку мясцовым жыхарам, якія штодзень самааддана працуюць, ствараюць утульнасць і хараство на сваіх падворках, падтрымліваюць адзін аднаго ў розных жыццёвых абставінах.
Са словамі ві­тан­ня да землякоў звярнуўся таксама Сяргей Яфімавіч Сцепанюк, дырэктар ААТ “Чырвоны партызан”, і настаяцель храма ў гонар Лукаўскай іконы Божай Маці іерэй Сергій Бірук-Русу.
Падчас свята вёскі адбылося ўшанаванне наро­джанага і зарэгістраванага ў сельскім Савеце немаўляці – Яўгеніі Боўт, а таксама выпускнікоў Лукаўскай СШ 2017 года. Яны ад сельвыканкама атрымалі памятныя падарункі. Акрамя таго, ААТ “Чырвоны партызан” падарыў будучым першакласнікам школьныя ранцы.
Пажаданні дастатку, шчас­ця і ўдачы прымалі сямейныя пары, якія ў гэтым годзе адзначаюць сярэбранае вяселле. Гэта Сцяпан Сцяпанавіч і Таццяна Аляксееўна Гаркаўчукі, Анатоль Андрэевіч і Люд­міла Іванаўна Герасімукі. Не абмінулі ўвагай ар­ганізатары свята вёскі і залатых вясельных юбіляраў: Васіля Сцяпанавіча і Вольгу Цярэнцьеўну Алесіюкоў, Васіля Піліпавіча і Вольгу Іванаўну Анішчукоў, Аляксея Мікалаевіча і Ганну Пятроўну Баліцэвічаў, Васіля Харытонавіча і Лідзію Мікалаеўну Герасімукоў, Пятра Аляк­сандравіча і Марыю Мі­калаеўну Міхальчукоў. Гэтыя сямейныя пары, як і шмат гадоў назад, за­мацавалі свой шлюб под­пісамі у ганаровай кнізе вясельных юбіляраў і падзяліліся сакрэтамі, як пражыць разам шчасліва, доўга і душа ў душу.
Павіншаваць жыхароў Лукава са святам прыехалі жаданыя госці — народны ансамбль народнай песні “Рыцкі куфэрак”. Самадзейныя артысты дэманстравалі мастацкі густ і сапраўдны песенны майстар-клас, уражваючы сваім талентам. Гледачы жывое выступленне прынялі “на ўра”, віталі дружнымі і гучнымі апладысментамі.
* * *
Свята аграгарадка “Лу­каўскі” не было б святам, калі б не ўвага і спонсарская дапамога ААТ “Чырвоны партызан” (дырэктар С.Я.Сцепанюк), Ужоўскага лясніцтва (ляс­ні­чы Л.У.Прыступчык), магазіна “Алькор” (дырэктар М.І.Варановіч).
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымках: падчас свята вёскі ў аграгарадку “Лукаўскі”.

Опубликовано Гч № 64 от 23.08.17 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


http://220km.com.ua

http://www.biceps-ua.com/

https://militarycenter.com.ua