Юныя лесаводы з “Папараць-кветкі”

Ва ўстановах адукацыі Маларытчыны цяпер дзейнічае 3 школьныя лясніцтвы, членамі якіх з’яў­­­ляецца 42 вучні. Самае шматлікае з іх — лясніцтва “Папараць-кветка” Гвозніц­кага д/с-СШ.

Яно было створана ў 2003 годзе па ініцыятыве Марыі Афанасенкі, сённяшняга дырэктара ўстановы адукацыі, пры падтрымцы Гвозніцкага лясніцтва Маларыцкага лясгаса. “Папараць-кветку” Марыя Афанасенка ўзначальвала на працягу 5 гадоў. Цяпер ім загадвае Галіна Добыш.
— З Гвозніцкім лясніцтвам мы сябруем ужо больш за 17 гадоў, – кажа Марыя Афанасенка. – Гэта ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва. У 2016г., напрыклад, на спецрахунак школы за выкананыя аб’ёмы работ лясгас пералічыў 680 рублёў, у 2015г. — 670 рублёў, у 2014г. — 820 рублёў, у 2013г. – 800 рублёў, у 2012г. – 500. Для вясковай установы адукацыі, лічу, гэта нядрэнны заробак. Ён заўсёды ідзе на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы.
Школьнае лясніцтва “Папараць-кветка”, якое налічвае 18 вучняў 8-10 класаў, спрыяе не толькі іх экалагічнаму выхаванню, але і садзейнічае пашырэнню ведаў па лесаводстве, прафесійнай арыентацыі. Для вучняў Гвоз­ніцкага д/с-СШ быць членам школьнага лясніцтва — аўтарытэтна, ганарова, пачэсна.
— Неабходна не толькі любавацца хараством мясцовых краявідаў, але і ахоўваць прыроду, памнажаць яе багацце, клапаціцца пра экалогію, — пераканана Марыя Афанасенка. — Мы імкнемся навучыць дзяцей жыць у гармоніі і суладдзі з навакольным светам. Фарміраваць беражлівыя адносіны да роднага краю пачынаем яшчэ ў дзіцячым садку. З гэтай мэтай ва ўстанове адукацыі праводзіцца шмат мерапрыемстваў.
У пасадачным сезоне школьныя ляснічыя з “Папараць-кветкі” працуюць прыкладна 7-10 дзён. Кожны год яны садзяць дрэвы у сярэднім на 20 гектарах, а таксама збіраюць шышкі, нарыхтоўваюць лекавыя расліны, развешваюць кармушкі для птушак…
-У нас ёсць даўняя мара, – гаворыць Марыя Міхайлаўна. – Мы плануем стварыць на базе школьнага лясніцтва экалагічную сцежку, каб паказаць багацце, разнастайнасць і непаўторнасць флоры і фаўны нашага рэгіёна. Цяпер гэтае пытанне актыўна прапрацоўваецца.
Між іншым, члены школьнага лясніцтва “Папараць-кветка” пастаянна прымаюць удзел у штогадовых акцыях “Наш чысты лес” і “Тыдзень лесу”, а ў мінулым годзе былі ўдзельнікамі абласнога злёту юных лесаводаў. Па выніках тэарэтычнага туру спаборніцтва “Лясныя знатакі” Аляксандра Сухарэвіч заняла ІІ выніковае месца, а Вадзім Касцючык – ІІІ месца.
Вучні Гвозніцкага д/с-СШ не толькі вучацца беражліва адносіцца да прыроды, але і набываюць практычны вопыт, садзяць лес будучыні, даглядаюць за ім, пішуць навукова-даследчыя работы. Некаторыя нават мараць звязаць сваё жыццё з лесам. Школьнае лясніцтва прадвызначыла будучую прафесію для Яўгеніі Навакоўскай, якая цяпер працуе ў лясным аддзеле Драгічынскага лясгаса, а таксама Івана Пракапука, Генадзя Пракапука, Руслана Жука, Рамана Вашэсцюка, якія працуюць на розных пасадах Гвозніцкага лясніцтва Маларыцкага лясгаса.
Вучні школьнага лясніцтва “Папараць-кветка” Гвозніцкага д/с-СШ перакананы, што паса­джаныя іх рукамі на забалочаных месцах, пажарышчах і няўдобіцах тоненькія дрэўцы хутка ўбяруцца ў сілу і пойдуць у рост. А праз некалькі гадоў у аколіцах вёскі, упрыгожыўшы яе, зашуміць сапраўдны лес.
Аснова паспяховай дзейнасці школьнага лясніцтва Гвозніцкага д/с-СШ – у шматгадовых традыцыях, у энтузіязме педагогаў і вучняў, у жаданні зрабіць прыгожым і змяніць навакольны свет да лепшага.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: юныя лесаводы са школьнага лясніцтва “Папараць-кветка” Гвозніцкага д/с-СШ.

Опубликовано Гч № 64 от 23.08.17 г.

Добавить комментарий


https://avtomaticheskij-poliv.kiev.ua

лабораторный термометр

форд фиеста
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!