“Якім яшчэ можа быць шчасце?..”

Таццяна Васільеўна, Леанід Сця­панавіч, Дзіна, Віталь, Вікторыя, Міка­лай, Максім, Аліна – усё гэта вялікая, дружная, гасцінная сям’я Абрамчукоў з вёскі Дворышча. Сям’я, у якой пануюць павага і каханне, давер і ўзаемападтрымка. Добрая аўра такой сям’і адчуваецца з першых хвілін знаёмства.

— Ой, якія ўсе падобныя, ну проста копія мамы, — не змагла стрымаць сваё прыемнае здзіўленне, калі ўбачыла перад сабою Таццяну Васільеўну і яе чарнабровых дзетак.
— Гэта Вы яшчэ нашага тату не бачылі, тады б, на­пэўна, іншы вывад зрабілі, – з усмешкай канстатуе Таццяна Васільеўна.
Забягаючы наперад, скажу, што сапраўды, варта было ўбачыць тату, як мне адразу здалося, што дзеці – яго адлюстраванне. І калі Таццяна Васільеўна і Леанід Сцяпанавіч побач, становіцца відавочным, што яны паміж сабой вельмі падобныя, як дзве палавінкі аднаго цэлага.
У той момант, калі Таццяна і Леанід упершыню пазнаёміліся, магчыма, і не заўважылі яны гэтага падабенства, а вось моцнае прыцяжэнне і з’яднанасць пачуццяў праігнараваць не маглі. Так дзяўчына з Добрага, што ў Арэхаўскім сельсавеце, і хлопец з Дворышча сталі мужам і жонкай. Першай у іх маладой сям’і з’явілася на свет дзяўчынка – Дзіна. Было гэта 15 гадоў назад. Паслухмяная, старанная, дачка радуе тату і маму сваімі поспехамі ў школе. 9 класаў закончыла яна з выдатнымі адзнакамі, атрымала грамату. Добры вучань і добры памочнік бацькоў і сын Віталь, якому ідзе ўжо 11-ы год. Як прызнаецца Таццяна Васільеўна, яна заўжды марыла аб тым, што ў яе дзяцей будзе шмат сясцёр і братоў. Сама яна была чацвёртым і апошнім дзіцем у сям’і і вельмі хацела ў дзяцінстве, каб у яе былі малодшыя брат ці сястра. А таму трэцяе дзіця ў сям’і Абрамчукоў, дачка Вікторыя, была для ўсіх вялікай радасцю. А вось хлопчыкі Коля і Максім да бацькоўскай радасці дабавілі яшчэ і нечаканы сюрпрыз.
— Я паехала ў Брэст на ультрагукавую дыягностыку, на якую накіроўваюць усіх цяжарных. Урач глядзіць на экран і з усмешкай пытаецца ў мяне: “У Вас дома колькі дзяцей?” — “Трое”, – адказваю ёй. А яна і кажа: “Цяпер будзе пяцёра, бо і тут у Вас двое!”. Спачатку не паверыла, папрасіла, каб паглядзелі яшчэ. Мяне адправілі пагуляць і праз пэўны час зноў сказалі вярнуцца. Прыйшла. Паглядзелі зноў і ўпэўнена адзначылі: рыхтуйцеся да нараджэння двойні.
Нялёгка даліся бацькам хлопчыкі-двайняты. Нарадзіліся яны заўчасна, былі слабенькія. Ды і справіцца з дваімі было няпроста. Затое яны яшчэ больш згуртавалі сям’ю. А калі падраслі, і ім, і старэйшым дзеткам падарылі бацькі яшчэ сястрычку Алінку.
Вялікая сям’я – вялікія клопаты. Гэтым нікога не здзівіш. Сапраўды, шмат дзяцей – гэта і шмат затрат. Трэба і адзен­не ўсім набыць, якое каштуе нятанна, і ў школу ўсе неабходныя прылады купіць. А таму даводзіцца бацькам у многім спадзявацца на сваю падсобную гаспадарку – гадаваць кабанчыка, курэй, садзіць агарод. Калі ёсць прадукты, можна зэканоміць сродкі на нешта іншае. Праўда, трэба шмат працаваць. І вось у гэтым мнагадзетная сям’я ведае свой “сакрэт поспеху”. Абрамчукі прывыклі ўсю работу рабіць разам.
— Калі прыбіраем, дык працуем усе, без выключэння, на градку таксама разам ідзем, таму і работа хутка робіцца, — заўважае Таццяна Васільеўна.
Між іншым, у сям’і распрацаваны графік дзяжурстваў, і кожнае дзіця ведае, што менавіта яно павінна зрабіць. Так з малых гадоў і дзяўчынкі, і нават хлопчыкі (што між іншым у большасці сямей рэдкасць) прывыкаюць да адказнасці за даручаную справу.
— З навядзеннем парадку ўсё зразумела, а вось на кухні, напэўна, маме цэлы дзень даводзіцца стаяць, каб на восем чалавек штодня сняданкі, абеды і вячэры нагатаваць? – цікаўлюся ў Таццяны Васільеўны.
Яна смяецца:
— Ну чаму гэта ў людзей такі стэрэатып склаўся, што калі вялікая сям’я, дык абавязкова павінна быць велізарная каструля, і гатаваць трэба без перапынку. Не, вялікімі порцыямі я не гатую, бо ўсе любяць свежую ежу. Ды і дзеці самі ахвотна дапамагаюць. Віталік можа катлеты пасмажыць, а Дзіна — спячы нешта смачненькае.
Калі сям’я збіраецца разам, у ёй, як кажуць, не засумуеш. Хлопцы ахвотна дапамагаюць тату ў двары. Леанід Сцяпанавіч — гаспадар умелы. Сваімі рукамі шмат прылад да трактара зрабіў. Ад яго і сыны ўмельству вучацца. Разам Абрамчукі працуюць, разам любяць і адпачываць. У лес на прагулку адпраўляюцца, пікнік арганізоўваюць, у Брэсцкі парк любяць паехаць, а зімою абавязкова ёлку ў абласным цэнтры наведваюць.
— Падыходзім мы да ёлкі сёлета зімой, а людзі побач здзіўляюцца, маўляў, нейкі дзіцячы сад прывялі, — смеючыся, расказвае Таццяна Васільеўна.
Калі б мне сказалі намаляваць партрэт шчаслівай жанчыны, напэўна, за ўзор я б узяла менавіта Таццяну Абрамчук. На яе твары ўвесь час на працягу нашай размовы была шчырая, светлая ўсмешка. А калі расказвала яна пра дзяцей, дык ў вачах свяціўся нейкі цёплы агеньчык. Такія Мамы з вялікай літары сапраўды заслугоўваюць пашаны і ўзнагароды. І мінулай восенню Таццяна Васільеўна за нараджэнне і добрае выхаванне шасцярых дзяцей атрымала ордэн Маці. Атрымліваць узнагароду, як прызнаецца, было прыемна, бо гэта ўвага, якая не бывае лішняй.
Калі спытала Таццяну Ва­сільеўну пра тое, як уяўляе яна сабе жаночае шчасце, жанчына на хвілінку задумалася, а потым рэзюміравала:
— Шчасце для кожнага сваё. Нехта бачыць яго ў грошах. Але праходзіць час, і чалавек разумее, што яны нічога не значаць. А вось дзеці – гэта сапраўднае шчасце. Калі яны бягуць да цябе, наперабой клічуць “мама”, калі нясуць табе намаляваную паштоўку ці букецік кветак – душа замірае ад радасці. Якім яшчэ можа быць шчасце?
НА ЗДЫМКУ: вялікая сям’я Абрамчукоў.

Опубликовано ГЧ № 64 от 23.08.17 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


https://winnerlex.com.ua

Buy PT-141 online in USA

www.kamod.net.ua