Музей А.С.Пушкіна ў Арэхаўскай СШ

Ва ўстановах адукацыі Маларытчыны цяпер налічваецца адзін музейны пакой і 11 музеяў, з іх 6 – ваенна-патрыятычных, 4 — краязнаўчых. І толькі адзін — літаратурны. Знаходзіцца ён у Арэхаўскай СШ і прысвечаны класіку рускай літаратуры А.С.Пушкіну.
Заснавальнікам музея, які быў урачыста адкрыты 29 студзеня 1984г., з’яўляецца Марыя Пятроўна Жыгалава, доктар педагагічных навук, кіраўнік навукова-даследчай лабараторыі па сацыякультурных праблемах беларуска-польска-ўкраінскага пагранічча, пра­фесар кафедры беларускай і рускай моў Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, сапраўдны член Акадэміі педагагічных і сацыяльных навук РФ, заслужаны настаўнік Беларусі.
Цяпер у музеі захоў­ваецца каля тысячы экспа­натаў асноўнага і дадатко­вага фондаў, якія адлюстроўваюць розныя бакі асобы і твор­часці паэта. Тут ёсць, напрыклад, такія раздзелы, як “Пятроўскае”, “Сябры”, “Міхайлаўскае”, “Дзекабрысты”, “Сям’я”, “А.С.Пушкін і Вялікая Айчынная вайна”, “А.С.Пушкін і наш час”, “А.С. Пушкін і Беларусь”, “Нашчадкі А.С.Пушкіна ў Беларусі”. Асобная экспазіцыя расказвае пра захавальніка музея-запаведніка С.С.Гейчанку.
У музеі зберагаюцца магні­тафонныя запісы цікавых сустрэч, свят пушкінскай паэзіі, літаратурных чытанняў, канферэнцый. У яго экспазіцыі і фондах — матэрыялы краязнаўчых знаходак вучняў, фотаздымкі, альбомы, лепшыя сачыненні школьнікаў, кнігі паэта, перакладзеныя на розныя мовы свету (у тым ліку і на японскую), кнігі з аўтографамі беларускіх, расійскіх і ўкраінскіх пісь­меннікаў, паштоўкі, маркі… Усё гэта сведчыць аб разнастайнай пошукавай рабоце вучняў, аб іх цікавасці да творчасці рускага паэта.
У музеі захоўваецца копія пасмяротнай маскі класіка, копія білета з паведамленнем пра яго смерць, які быў раза­сланы Наталляй Мікалаеўнай Пушкінай, жонкаю-ўдавою паэта, з запрашэннем на яго адпяванне.
Паспяхова дапаўняюць ўяўленне пра духоўны свет А.С.Пушкіна і яго ролю ў развіцці сусветнай літаратуры такія матэрыялы, як: “Поўны збор твораў А.С.Пушкіна з біяграфіяй, з партрэтамі і шматлікімі ілюстрацыямі” 1889 года выдання (друкарня таварыства І.Д.Сыціна, Масква), які перададзены ў дар музею з Эстоніі пушкіністкай Зояй Іванаўнай Булатнік, кнігі паэта, вельмі рэдкія ілюстрацыі да твораў Пушкіна і інш.
У музеі зберагаецца пера-піска вучняў Арэхаўскай СШ са сваякамі вялікага паэта (напрыклад, з яго прапраўнукам С.Я.Кліменкам), яго аса­бістыя рэчы — салдацкі рэ­чавы мяшок “Сідар”, скрынка для захоўвання махоркі, магнітафонныя запісы яго ўспамінаў, вершы, фатаграфіі. Тут сабраны копіі дакументаў, запісы ўспамінаў былых воінаў Чырвонай Арміі В.А.Старчэвуса, Д.М.Байчарова, Ф.М.Мінеева, якія ўдзельнічалі ў раз­мініраванні магілы А.С. Пушкіна ў Святагорскім ма­настыры. Музей мае фа­таграфію і архіўныя матэрыялы, якія расказваюць пра самалёт “Аляксандр Пушкін”, што быў пабудаваны на сродкі пісьменніка І.А.Новікава, аб дзейнасці экіпажа гэтага самалёта, які ўзначальваў Ю.М.Гарохаў.
-Літаратурны музей А.С.Пуш­­кіна ў Арэхаўскай СШ ствараўся больш за 7 гадоў, — расказвае Марыя Жыгалава. — Усё пачалося з краязнаўчага гуртка, які ставіў мэту пазнаёміць вучняў з родным краем, славянскай культурай і мультыкультурнай прасторай. Краязнаўчая работа садзейнічае вывучэнню, захаванню і прапагандзе культурных каштоўнасцей. Яна з’яўляецца актуальнай і сёння.
Пра музей Арэхаўскай СШ Валянціна Дзям’янаўна Шалухо ў кнізе “Школьныя літаратурныя музеі” (1989г.) напісала так: “З вялікай любоўю ён ствараўся. Змест і афармленне строга прадуманы. Красамоўныя стэнды і планшэты, пасмяротная маска Пушкіна, карціны, кнігі. У музеі шмат сяброў, якія прыносяць і дасылаюць свае падарункі: пісьмы, кнігі, дакументы, карціны. Шырокая сяброўская геаграфія: з Таліна і Берліна, Таджыкістана і Азербайджана, Башкірыі і Ташкента, на нямецкай і марыйскай, эвенкійскай і хакаскай, хантыйскай і цыганскай мовах – пісьмы і пушкінскія вершы. На адным з лістоў напісана: “Арэхаўская сярэдняя школа. Арэхавай Марыі Пятроўне”. Гэтая апіска – самая высокая ацэнка шчырай чалавечай працы на карысць сваёй вёсцы”.
У музеі ёсць кніга водгукаў наведвальнікаў. Першы за­піс у ёй зроблены 15 сака­віка 1985г. удзельнікамі ўсесаюзнага семінара: “Вялікі дзякуй за нечакана прыемную і кранальную сустрэчу з А.С.Пушкіным! Жадаем вам далейшых поспехаў і нястомнай энер­гіі ў гэтай удзячнай справе”. У кнізе водгукаў за 33 гады існавання музея па­кіну­ла шчырыя словы ўдзячнасці амаль 20 тысяч наведвальнікаў. Сярод іх — настаўнікі, вучні, выкладчыкі ВНУ, навукоўцы, дэпутаты, журналісты, су­працоўнікі іншых музеяў краіны, інжынеры, студэнты, вяскоўцы, таксама – пісьменнікі: Уладзімір Скарынкін, Мікола Татур, Мікола Трафімук, Сцяпан Крываль.
У 1988г. музею Арэхаўскай СШ было нададзена ганаровае званне “Выдатны школьны музей”. Падчас працы Марыі Жыгалавай у Арэхаўскай СШ пры музеі дзейнічаў літаратурны клуб “Ля Лукамор’я”, які займаўся 4 накірункамі дзейнасці. Гурток “Пошук”, напрыклад, вёў пошукавую работу па зборы фальклору і гісторыі вёсак, з якіх вучыліся дзеці ва ўстанове адукацыі. Клуб праводзіў пушкінскія святы паэзіі ў школе і на вёсцы, пасяджэнні літаратурных пятніц, выпускаў рукапісны альманах, даваў лялечныя спектаклі… Усё гэта аб’ядноўвала дзяцей, вучыла аддаваць свае сілы рабоце з людзьмі, спрабаваць творчыя здольнасці ў паэзіі, фарміравала актыўную жыццёвую пазіцыю.
З 1993г. М.П.Жыгалава пачынае працаваць на кафедры літаратуры народаў свету Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна, але сувязі з роднай школай і музеем не перарывае і да гэтага часу. Тут яна часта бывае са студэнтамі і выкладчыкамі ВНУ.
Справу Марыі Жыгалавай некалькі гадоў працягвала Святлана Васільеўна Вітаноўская, настаўніца рускай мовы і літаратуры. Яна – вучаніца М.П.Жыгалавай, 5 гадоў была экскурсаводам музея, потым закончыла ВНУ і прыйшла працаваць у родную школу. Цяпер музеем загадвае Лідзія Іванаўна Закірава, настаўніца рускай мовы і літаратуры.
* * *
— Матэрыялы экспазіцый літаратурнага музея А.С.Пуш­кіна ў Арэхаўскай СШ могуць уяўляць цікавасць як для беларускіх, так і замежных турыстаў, — гаворыць М.П.Жыгалава. — Ён можа стаць міжнародным турыстычным аб’ектам спасціжэння рускай культуры ў іншанацыянальным беларускім асяроддзі. Бо свет рускай культуры, абу­джаны лірай вялікага мысліцеля і творцы, тут зліўся ў адно з светам беларускага слова і стаў тым цэнтрам, дзе фар­міруецца духоўнасць, заснаваная на вечных чалавечых каштоўнасцях: дабры і прыгажосці, любові да радзімы і адказнасці за зробленае, павазе да іншанацыянальных культур і свабодзе творчасці.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымках: Марыя Жыгалава (у цэнтры) са Святланай Вітаноўскай і Лідзіяй Закіравай; экспазіцыі музея.
Фота аўтара і
Алега Крэмянеўскага.

Опубликовано ГЧ № 64 от 23.08.17 г.

Добавить комментарий


Macau Industrial mmgp

https://steroid-pharm.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!