«Шчасце» ў чацвертым пакаленні

«Раз у сто гадоў нават рак на гарэ свішча», – кажуць людзі, быццам запэўніваючы сябе, што ёсць у гэтым свеце месца для цуду.
Таўсцянка — грашовае дрэва, або дрэва шчасця, — хатняя расліна, што цвіце раз у сто гадоў. Беленькія кветачкі на масіўнай кроне – паказчык дабрабыту, які павінен «пасяліцца» ў доме разам з іх з’яўленнем.
Зусім нядаўна заквітнеў такі цуд у кватэры Таццяны Кіркінай. Цяпер гаспадыня ў чаканні, што ж   гэткага незвычайнага прынясе ёй год ката і труса. Здаецца, вось яна надзея на «лёгкае» шчасце, але сапраўды для гэтага Таццяне Фёдараўне ў свой час давялося пазмагацца.
— Дванаццаць гадоў назад я ўбачыла таўсцянку ў адной з брэсцкіх будаўнічых арганізацый і папрасіла парастачак. «Кветка вельмі капрызная, – адказала мне адна з работніц, папярэдзіўшы: гарантыі, што расліна прыжывецца, няма. – Парасткі ў нас часта кралі, але потым «злодзеі» прызнаваліся: таўсцянка ў іх так і не прынялася». Але я не адступала, тым больш, што і парастак для сябе ўжо прыгледзела. А  каб кветка лепш расла, дала жанчыне «капеечку».
І капрызная таўсцянка ў настойлівай Таццяны Кіркінай прынялася, але не доўга радавала гаспадыню грашовае дрэва. Неяк, калі Таццяна Фёдараўна мыла акно, разбіла гаршчок з кветкай. Адзінае, што ўдалося выратаваць, – крона дрэва. Яе гаспадыня асцярожна перасадзіла — так у таўсцянкі пачалося новае жыццё. У доме з’явілася другое пакаленне «шчасця». Але «дзетка» былога дрэва-прыгажуна пачала расці не ўвысь тоўстым масіўным сцяблом, а разрастацца маленькімі дрэўцамі па ўсім гаршку. «Пры гэтым «лес» дзяліўся на дзве палавіны, быццам бы сімвалізуючы жыццё «да” і “пасля”, — кажа гаспадыня, — а потым лісточкі на ім пачалі ападаць. Расліна адчувае нешта няладнае – падумалася мне. Так яно і сталася. Я стала беспрацоўнай.
І зноў ад таўсцянкі, засталося толькі некалькі парасткаў. З іх Таццяна Фёдараўна вырасціла трэцяе пакаленне кветкі, а з яго «цудоўнае» чацвёртае.
— Мне ў рукі трапіла таўсцянка сяброўкі,  — кажа гаспадыня, — кветка была непрыгожая: са ствала ў розныя бакі тырчала шмат парасткаў. Каб дапамагчы дрэву шчасця, я зрэзала з яго ўсё лішняе. Сяброўка была ў шоку – што я нарабіла. Супакойваючы яе, я запрасіла Наталлю да сябе ў госці: «Прыйдзі на маю таўсцянку паглядзі – такая ж  будзе і ў цябе».
Дэманстрацыя  таўсцянкі-прыгажуні стала сюрпрызам не толькі для сяброўкі, але і для яе ўладальніцы. Дрэва шчасця заквітнела! Так у доме Таццяны Кіркінай з’явілася «шчасце» белага колеру. Жанчына марыць пра перамены. Вось толькі пра якія: грашовыя ці асабістыя – таўсцянка ж і грошы, і шчасце прыносіць.
— Не ведаю, — адказвае гаспадыня, — але матэрыяльная забяспечанасць – адна з прыступак да шчаслівага жыцця.
Так звычайная маларытчанка стала ўладальніцай шчасця. Дарэчы, вельмі не скупой. Усім, хто прыходзіць да яе ў госці, Таццяна Фёдараўна дае  невялікі парастачак «шчасця» з надзеяй, што калі-небудзь і на падораных ёю дрэвах з’явяцца белыя кветачкі. Бо ёсць у гэтым свеце месца для цуду, нават калі ўбачыць яго можна толькі раз у стагоддзе.
Некалькі парад ад Таццяны Кіркінай для тых, хто марыць вырасціць моцнае дрэва шчасця:
1) садзіць таўсцянку лепш у гліняны гаршчок;
2) рыхліць зямлю каля кветкі трэба як мага часцей;
3) каб таўсцянка расла роўным сцяблом уверх, не забывайце паварочваць яе да сонца рознымі бакамі;
4) не шкадуйце зрэзаць парасткі ці нарасты на кроне, яны забіраюць шмат вільгаці ў кветкі;
5) калі ўбачыце, што дрэва шчасця нахіляецца ўбок, падвяжыце яго, інакш яно вырасце крывым.
Кацярына ПАНЦЯЛЕЕВА.
НА ЗДЫМКУ: Таццяна КІРКІНА са сваім дрэвам шчасця.
Фота аўтара.

Добавить комментарий


https://avrora-trans.com

https://pofar.com.ua

http://www.farm-pump-ua.com/
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!