Загартоўка — лепшыя лекі

“Калі не бегаеш, пакуль здаровы, давядзецца пабегаць, калі захварэеш”,  заўважыў некалі Гарацый. Але ці прыслухоўваемся мы да слушных парад? Наша лянота  не дае нам весці актыўны,  у плане аздараўлення, лад жыцця, а штодзённая занятасць справамі служыць апраўданнем нашай пасіўнасці. У выніку вельмі слаба запоўнены спартыўныя залы і стадыёны, а працэнт цалкам здаровых маладых людзей становіцца мінімальным.
Сябраваць з фізкультурай,  імк­нуцца загартоўваць свой арганізм,  прывучаючы яго да пэўных нагрузак, забыць пра ўсе шкодныя звычкі і больш рухацца раіць усім 68-гадовы жыхар вёскі Арэхава Леанід Мікалаевіч Шыгалёў. У сваім далёка не маладым узросце ён вясной, летам, восенню і нават зімою, калі дазваляе надвор’е,  робіць велапрагулкі, пераадольваючы штодня па 8 кіламетраў, ці адпраўляецца пешшу ў лес. 4 кіламетры шляху на свежым паветры, гаварыў Леанід Мікалаевіч, для яго проста задавальненне, якое прыбаўляе сілы.
— Думаеце, я заўжды клапаціўся пра здароўе? Ды не,  я і курыў раней, і выпіваў,  а калі былі шкодныя звычкі, дык пра які здаровы лад жыцця можна гаварыць? – прызнаваўся Леанід Мікалаевіч.
Стаж курыльшчыка ў яго быў значны.
— Я з маленства пачаў курыць, — расказваў мой субяседнік.
— Няўжо гэта праўда? Напэўна, жартуеце?
— Ды не,  я ўжо ў шэсць гадоў курыў. Набяру са скрыні ў кішэню махоркі — на цэлы дзень мне хапала.
Кінуць курыць, расказваў Леанід Мікалаевіч,  аказалася задачай ня­простай. Спачатку было дзве няўдалыя спробы. І толькі на трэці раз, а было гэта пяць гадоў назад, заўзятаму курыльшчыку ўдалося пазбавіцца ад сваёй звычкі.
Усім, хто спрабуе кінуць курыць, але пакуль не знаходзіць дастатковых сіл, каб справіцца з непажаданай звычкай, Леанід Мікалаевіч дае сваю параду: пазбаўляцца ад залежнасці адразу, не дазваляючы  сабе слабінку. Ён заўважае:
— Сёння ты кінуў курыць, а праз некаторы час вырашаеш падтрымаць кампанію і зноў бярэш цыгарэту. Здаецца, якая можа быць шкода ад адной цыгарэты? Але з гэтага моманту ты зноў курыльшчык, бо за адной узнікне жаданне ўзяць другую, трэцюю… У выніку па-новаму давядзецца пазбаўляцца ад шкоднай звычкі. Тое ж  самае і са спіртным.
Актыўна займацца ўмацаваннем свайго арганізма пачаў Леанід Мікалаевіч гадоў дваццаць назад. Перачытаў шмат карыснай літаратуры, спрабаваў загартоўваць свой арганізм, купаючыся ранняй вясною ў возеры, рабіў прабежкі, прымяняў лячэбнае галаданне і нават прастуду лячыў, абліваючыся халоднай вадой.
— Няма такога рэцэпта, які б дапамог адразу пазбавіцца ад усіх хвароб. Але калі штодня па некалькі гадзін быць на свежым паветры, займацца прабежкамі, летам ездзіць на веласіпедзе, зімою на лыжах, — арганізм паступова загартоўваецца і зможа супрацьстаяць многім хваробам, — перакананы Леанід Мікалаевіч.
Гэта, можна сказаць, і ёсць яго рэцэпт аздараўлення,   які эфектыўны і для дзяцей, і для дарослых.
Святлана МАКСІМУК.

Добавить комментарий


http://shtory.ua

https://topobzor.info

Рейтинг лучших китайских смартфонов до 0 в 2017 году
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!