Утаймавальнікі вады і агню

1999 год стаў годам рэарганізацыі, калі пажарная служба набыла новы статус – службы выратавання. Менавіта ў гэты год навучэнцамі навучальных устаноў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях сталі два юнакі з вёскі Ляхаўцы — Дзмітрый Сакалюк і Сяргей Касянюк. Дзмітрый паступіў у Гомельскае пажарна-тэхнічнае вучылішча, а Сяргей – у Мінскі камандна-інжынерны інстытут. Пасля чатырох гадоў навучання Сяргей Касянюк вярнуўся ў Маларыту, у тую пажарна-выратавальную часць, якая дала яму пуцёўку ў прафесію. 4 гады працаваў ён начальнікам каравула пажарна-выратавальнай часці, добра зведаў на практыцы, якая адказная і важная служба тых, хто круглыя суткі, і ў святы, і ў  будні, нясе баявое дзяжурства, каб пры любой непрадбачанай надзвычайнай сітуацыі прыйсці на дапамогу. З 2007 года Сяргей Мікалаевіч – намеснік начальніка па аператыўна-тактычнай рабоце. Пад яго пастаянным кантролем усё, што датычыцца баявых дзяжурстваў і ліквідацыі надзвычайных сітуацый. Яго непасрэдныя абавязкі: падказваць, вучыць, кантраляваць, а ў час пажараў, а іх летась было 30, непасрэдна быць на месцы здарэння, каб трымаць сітуацыю пад кантролем і, калі трэба, прыняць правільнае рашэнне.

У Маларыту, на месца службы, прыбыў і Дзмітрый Сакалюк. Яму даручылі ўзначаліць каравул. Закончыўшы Гомельскае пажарна-тэхнічнае вучылішча, ён працягваў завочна набываць вышэйшую адукацыю ў Гомельскім інжынерным інстытуце, у які было рэарганізавана пажарна-выратавальнае вучылішча. Адказны і патрабавальны і да сябе, і да сваіх падначаленых, ён працягвае ўдасканальвацца, бо ведае, што выратавальнік заўжды павінен падтрымліваць форму, быць загартаваным і ўмець пераадольваць любыя цяжкасці.
Штодня ўменне дзейнічаць у розных надзвычайных сітуацыях замацоўвае са сваімі падначаленымі і Павел Палуян. Родам ён з Лунінеччыны. Пасля заканчэння Гомельскага інжынернага інстытута быў накіраваны па размеркаванні ў Маларыцкі райаддзел па надзвычайных сітуацыях, дзе адразу ўзначаліў каравул. Каб заўжды быць у добрай фізічнай форме і не страціць набытыя навыкі, перакананы ён, трэба практыкавацца. Таму штодня праводзіць са сваім каравулам тэарэтычныя і практычныя заняткі.
А ў Сяргея Бубніковіча, намесніка начальніка па дзяржаўнай сістэме папярэ­джання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый, накірунак работы зусім іншы. Працаваць, кантралюючы стан спраў па планаванні ахоўных  мерапрыемстваў, яму даводзіцца з арганізацыямі раёна. Веды, атрыманыя ў Мінскім камандна-інжынерным інстытуце, і навыкі, якія дала вучоба на камандным факультэце, дапамагаюць хутка наладжваць кантакт з арганізацыямі, умела пераконваць, знаходзіць паразуменне ў розных пытаннях. У рабоце маладому афіцэру заўжды дапамагаюць сур’ёзнасць і адказнасць.
Сёння ўсе выратавальнікі краіны адзначаюць сваё прафесійнае свята. Разам з віншаваннямі хочацца пажадаць ім спакойных будняў і поспехаў у складанай і вельмі важнай справе.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКАХ: службе выратавання прысвяцілі сваё жыццё Сяргей Бубніковіч і Сяргей Касянюк; начальнікі каравулаў Дзмітрый Сакалюк і Павел Палуян.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Добавить комментарий


surrogate parenting
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!