Знайсці сям’ю дапамагла Надзея

 

Тэлефонны званок, які раздаўся ў доме Алы Уладзіміраўны і Леаніда Мікалаевіча Капанькаў вечарам 7 сакавіка 2009 года, цалкам змяніў іх далейшае жыццё.
— Мамачка, — даносіўся з трубкі ўсхваляваны голас 13-гадовай дачкі Надзеі, якая адпачывала ў той час у санаторыі, — давай мы хлопчыка да сябе возьмем! Ён маленькі, добры, хоча мець маму і тату!
Разгубленасць на некалькі хвілін  пазбавіла магчымасці размаўляць… Што магла адказаць Ала Уладзіміраўна сваёй дачцэ?
— Надзя, гэтае пытанне сур’ёзнае, і я сама яго  вырашыць не магу, — прамовіла, шукаючы словы, жанчына.
— Я разумею, да пабачэння! – прагучала ў трубцы.
Паклаўшы трубку, усхваляваная словамі дачкі, Ала Уладзіміраўна яшчэ доўга не магла супакоіцца. Яна ведала, што Надзя вельмі сур’ёзная дзяўчынка, і калі нешта просіць, значыць гэта не проста яе забава. І ў той жа час не магла ўявіць, што іх сям’ю, у якой выгадавалася трое дзяўчат, можа папоўніць хлопчык з інтэрната.
Назаўтра выслухаць просьбу дачкі давялося бацьку. Не разумеючы, што адбываецца, ён спачатку раззлаваўся, але потым згадзіўся на тое, каб невядомы пакуль хлопчык пабываў у іх у гасцях. Праўда, спачатку адбылося кароткае знаёмства з 10-гадовым Валерыем ў санаторыі.
… Надзя паклікала Валеру, калі ён ішоў па калідоры. Узяўшы з рук незнаёмых людзей шакаладку, хлопчык сціпла прысеў на канапу і так шчыра зазірнуў у вочы, што, як прызнаецца Ала Уладзіміраўна, зашчыміла ў сэрцы. Ужо тады яна зразумела: Валера будзе іх сынам!
Месяцы да канікулаў цягнуліся доўга. А тут яшчэ Валеру са школы-інтэрната адправілі на месяц на аздараўленне ў лагер адпачынку, таму паехаць у госці ў сям’ю Капанькаў ён змог толькі ў ліпені.
Той першы дзень, калі спакойны, сціплы, пяшчотны хлопчык прыехаў у іх дом, Ала Уладзіміраўна не забудзе ніколі. Тры сястрычкі Насця, Юля і На­дзя узялі з сабою Валеру на прагулку. А яна, стомленая доўгай дарогай, прылягла і задрамала. Прачнулася ад гоману… У пакой разам з дзяўчынкамі забег Валера.
— Мама,  гэта табе, — прамовіў ён і працягнуў прыгожую кампазіцыю з палявых кветак, якія збіраў, пакуль знаёміўся з вёскай Арэхава.
На вочы жанчыны навярнуліся слёзы, а ад душы адразу адлягло: “Значыць, мы правільна зрабілі, значыць, ён сапраўды наш”.
— Прызнацца, мне за ўсё жыццё столькі букетаў ніхто не дарыў, колькі Валера. Ён у кожнай травінцы, кожнай кветачцы ўмее ўбачыць прыгожае і такую кампазіцыю складзе, што проста замілаванне, — расказвала Ала Уладзіміраўна. – Увогуле Валера вельмі камунікабельны хлопчык. За першыя дні ў вёсцы ён перазнаёміўся і з дарослымі, якія жывуць па суседству, і з дзецьмі.
У Арэхаве ўспрынялі рашэнне Алы і Леаніда па-рознаму. Нехта, пачуўшы, як з першага дня хлопчык, звяртаючыся да новых бацькоў з пытаннямі, пастаянна гаварыў “мама” і “тата”, шчыра радаваўся і жадаў сям’і ўсяго добрага, а нехта паглядаў услед з недаверам, маўляў, грошай зарабіць вырашылі. Але самі Капанькі ўжо добра ведалі, што Валера ў іх доме не выпадковы госць, што гэта лёс аб’яднаў іх.
Летнія дні праляталі хутка. Валера, працавіты, старанны, гаспадарлівы і вельмі самастойны хлопчык, з усіх сіл, з неймаверным энтузіязмам імкнуўся дапамагаць бацькам, напэўна, каб яшчэ больш спадабацца і застацца ў сям’і. Але Ала і Леанід і без таго прынялі ўжо рашэнне. Яны і думаць не маглі, што, вырашыўшы забраць Валеру з інтэрната, паўстануць перад невырашальнай праблемай. Як аказалася, у двухпакаёвай кватэры, дзе жыве сям’я, недастаткова жыллёвай плошчы, каб узяць у сям’ю дзіця.
— Валера да апошняга дня спадзяваўся, што адбудзецца нейкі цуд і ён зможа застацца дома, — дзялілася Ала Уладзіміраўна. – Але мы вымушаны былі адвезці яго ў школу-інтэрнат. Я баялася, што пры развітанні будуць слёзы, але наш хлопчык стойка вытрымаў выпрабаванне развітання.
Зноў забраць да сябе Валеру атрымалася толькі на наступнае лета. Ды і прыехаў ён спачатку толькі на першы месяц канікулаў, бо ў ліпені чакала яго падарожжа ў Італію. Праўда, паездка ў далёкую замежную краіну, дзе і мова незнаёмая, і жыць давялося ў пажылой італьянскай сям’і на хутары, удалечыні ад равеснікаў, не вельмі ўразіла хлопчыка. А таму, вярнуўшыся ў пачатку жніўня дамоў да мамы Алы і таты Лёні, ён проста не мог нарадавацца, што зноў сярод сваіх.
— Хоць у Валеры цяпер, як лічым мы, новая сям’я, але ж нельга выкрасліць з жыцця мінулае. Ён памятае і сваіх біялагічных бацькоў, і старэйшую сястру, якая пасля заканчэння школы-інтэрната вярнулася дамоў,  у Пінскі раён. А з братам, які вучыцца ў тым жа, што і Валера, інтэрнаце, увогуле падтрымліваем цесную сувязь. Ды і малодшая сястрычка яго таксама была побач, але нядаўна яе забралі ў сям’ю. Валера хоць не пры­знаецца, але, па ўсім відаць, па ёй сумуе.
Але гэты сум і па дому, і па родных людзях дапамагаюць прагнаць пяшчота і цеплыня яго новай сям’і. Калі трэба парада ў сур’ёзных пытаннях, ён звяртаецца да таты Лёні, а мама Ала, прытуліўшы да сябе светлавалосую галоўку хлопчыка, дорыць яму ўпэўненасць у тым, што ён, хоць і жыве ўдалечыні, не дома, але ўсё ж, патрэбны. А дзяўчаты для яго і дарадчыкі, і надзейная падтрымка.
У Валеры ёсць мара. Ён імкнецца добра вучыцца, каб  патрапіць ў кадэцкі клас і потым звязаць сваё жыццё з прафесіяй выратавальніка. А яшчэ ён вельмі марыў на зімовыя канікулы прыехаць у Арэхава. І мара яго збылася. На Новы год у доме Капанькаў сабралася вялікая сям’я. Агеньчыкі навагодняй ёлкі, якую паставілі ў доме, радавалі сваім чароўным святлом і Валеру. Ён шчыра радаваўся і святу, і таму, што адчуваў любоў і дабрыню тых людзей, якія даўно сталі роднымі. І, як прынята, у той вечар загадаў сваё запаветнае жаданне…
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: Валера і Надзея разам з мамай Алай.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


niko-centre.kiev.ua

www.steroid.in.ua/products/nandrolon-fenilpropionat

https://velotime.com.ua