Прыцяжэнне роднай зямлі

Калі б, напрыклад, гадоў дваццаць таму хто-небудзь са знаёмых сказаў брастаўчаніну Мікалаю Хевуку, што пройдзе пэўны час і сваю трохпакаёвую кватэру з выгодамі ён зменіць на бацькоўскую хату, што сціпла стаіць у маленькай вёсачцы Лешніца, Мікалай Мікалаевіч толькі б пасмяяўся з такога дзівака. Мяняць абласны цэнтр на выміраючую вёску ў яго і ў планах не было. Аднак, прайшлі гады і сёння Мікалай Мікалаевіч стараста вёскі Лешніца, правая рука старшыні Вялікарыцкага сельвыканкама Віктара Кірычуна.
“Абавязкова сфатаграфуйце і напішыце пра Мікалая Хевука. Гэта незвычайны чалавек. Вельмі паважаны сярод аднавяскоўцаў, — кажа старшыня Вя­лікарыцкага сельвы­канкама Віктар Мі­калаевіч. – У свой час ён узначальваў упраўленне фізічнай культуры, спорту і турызму Брэсцкага абл­выканкама. Некалькі гадоў таму пераехаў жыць на малую Радзіму, адрадзіў бацькоўскую сядзібу, ператварыўшы яе ў сапраўдны казачны куточак”.
Не адкладваючы едзем у Леш­ніцу. Падворак Мікалая Хевука знаходзім адразу. Ён прыкметна выдзяляецца сярод іншых вясковых двароў сваёй дагледжанасцю і мноствам кветак, якія радуюць вока з ранняй вясны і да позняй восені. Дыхтоўны дом з мансардай зусім не падобны на нязграбную вясковую хату, што яшчэ некалькі га­доў стаяла тут. Ад старой сядзібы, бадай, застаўся толь­кі яблыневы сад, які гэтай восенню, на жаль, не радуе сваіх гаспадароў духмяным водарам яблык. Усюды відаць клапатлівыя рукі гаспадара і гаспадыні. Уражвае дагледжанасцю падворак. Павольна ідзем па сцяжынцы, якая ў аздабленні аксамітавых туй вядзе да не­вя­лічкага вадаёма. Тут у пра­халодзе, пад раскідзістай кронай антонаўкі, стаіць самаробны стол і драўляныя крэслы. Самы час прысесці і адпачыць. Чаго толькі няма на падворку Мікалая Мікалаевіча. Рарытэтныя рэчы, якімі карысталіся калісьці нашы продкі, аказаліся тут вельмі да месца. Непадалёку стаіць драўляны самаробны воз, крыху далей – сячкарня і конная сеялка. Як сказаў Мі­калай Мікалаевіч, старыжытныя рэчы ён збірае даўно.Ёсць у калекцыі гаспадара вугальныя прасы, самаробныя замкі, ліхтары, керасінавыя лямпы. Словам, усяго не пералічыць.
— Ні за якія выгоды не пераеду жыць у горад, — адзначае Мікалай Хевук. – Напэўна, з узростам чалавека цягне да зямлі, да сваіх каранёў. Гэта своеасаблівае прыцяжэнне роднай зямлі, покліч далёкіх продкаў, якому нельга супрацьстаяць.Тут у мяне амаль гектар зямлі. Кожны дзень я нечым заняты. А што рабіць пенсіянеру ў горадзе? Сядзець на лавачцы і марнаваць час – гэта не для мяне. У вёсцы я то па гаспадарцы завіхаюся, то вырашаю грамадскія пытанні, з якімі да мяне, як да старасты, звяр­таюцца людзі. Вось нядаўна дарогу па вуліцы Суворава адрамантавалі, зай­маемся добра­ўпарад­каваннем.
Жыццё ў вёсцы на­поўнена сваім спрадвечным сакральным сэнсам. Сапраўды, і час тут бяжыць інакш, і зоркі здаюцца бліжэй да зямлі, а па начах нават чуваць як падаюць у росную траву спелыя сакавітыя антонаўкі. Пачынаецца верасень, яблыкапад.
Кацярына Яцушкевіч.
Фота

Опубликовано ГЧ № 69 от 9.09.17 г.
Алега Крэмянеўскага.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
Источник:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.