Сем раз отмерь или красота профессии Натальи Олесик

Ёсць прафесіі, якія тэхналагічны прагрэс раздзяліў на дзве, а то і тры асобныя спецыяльнасці. Да такіх датычыцца і справа краўца, майстра, які ад меркі да апошняга шва сам шыў усе вырабы. Час і мода распарадзіліся так, што ад старажытнай прафесіі аддзялілася асобнае рамяство – закройшчык. І справа гэтая была і застаецца ў пашане, бо прафесіянала-закройшчыка яшчэ параўноўваюць з архітэктарам, які ўмее ствараць шэдэўры з тканіны. Чым асаблівая гэтая прафесія, якіх ведаў і навыкаў яна патрабуе, якімі бонусамі надзяляе таго, хто яе выбірае, мы і раскажам у сённяшнім выпуску праекта “Партрэт прафесіі”.

Ёсць нямала легенд і паданняў, якія звязаны з рамяством краўца. Адна з іх вяртае нас у тыя часы, калі першымі іголкамі, якія былі зроблены з каменя, людзі сшывалі шкуры. Убачыўшы, як прыгожа сядзіць на адным з паляўнічых яго ўбор, старэйшы ў племені запатрабаваў, каб так жа ўмела падагналі  і яго футравую  накідку. За справу ўзялася жонка паляўнічага. З таго часу ўсе мужчыны і жанчыны племені неслі да яе шкуры, каб першая закройшчыца дапамагла правільна падагнаць матэрыял і з’эканоміць футру. Адтуль пайшла прафесія закройшчыка, ці была нейкая іншая гісторыя,  цяпер ужо дакладна ніхто не скажа. Ды і не гэта важна. Галоўнае, што з даўніх часоў да нашых дзён яна не згубіла сваю запатрабаванасць. І гэтая акалічнасць якраз і стала вырашальнай, калі гераіня маёй замалёўкі, Наталля Алесік, выбірала будучую прафесію. Праўда, у школьныя гады яна марыла стаць фармацэўтам. Нават дакументы ў каледж падала. Для паступлення не хапіла некалькіх балаў. “Калі так выйшла, значыць трэба выбіраць зусім іншую справу”, — вырашыла дзяўчына. І на гэты раз яна аддала перавагу той спецыяльнасці, якая б магла  спатрэбіцца ў жыцці незалежна ад таго, будзе па ёй працаваць ці не — прафесіі закройшчыка. Але паколькі з дакументамі абітурыентка ўжо спазнілася, у вучылішчы ёй прапанавалі  пачаць з прафесіі швачкі. Наталля згадзілася, аднак для сябе паставіла мэту: вучыцца добра, каб потым абавязкова перайсці на аддзяленне закройшчыкаў. Так і выйшла. Праз пэўны час яна ўжо спасцігала асновы няпростай, але вельмі цікавай справы закройшчыка. Пасля заканчэння вучобы, як і многія яе аднагрупніцы, Наталля спрабавала адшукаць работу ў швейных майстэрнях Брэста. Але спецыяліста без вопыту там браць баяліся. А вось у сваім родным горадзе, у прадпрыемстве “Дзіона” грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў” адразу пайшлі насустрач. Тут і працуе яна ўжо дзесяць гадоў і пра сваю прафесію можа расказаць шмат цікавага.

— Для жанчыны, калі браць у разлік зручнасці для сям’і і эканомію сямейнага бюджэту, прафесія закрошчыцы проста ідэальная, — заўважае Наталля, — Калі ты ўмееш не толькі шыць, але і краіць, то можаш апрануць усю сям’ю, прычым мадэлі зрабіць свае, індывідуальныя.

Гэта, як упэў­не­на На­тал­ля, той плюс прафесіі, які здольны пераважыць усе мінусы. А яны, вядома, як і ў кожнай справе ёсць.

— Прафесія закройшчыка складаная тым, што ўвесь дзень трэба стаяць на нагах. Ды і ўвогуле сіл фізічных трэба прыкласці нямала, бо рулоны тканіны цяжкія. Калі працуеш на такім прадпрыемтве, як наша, дзе ідзе масавы пашыў адзення, важна ўмець пераключацца з адной мадэлі на другую, не забыць выкраіць усё – ад полачкі да кішэні, тыя ўнутраныя дэталі, якія ў гатовым вырабе нябачныя, але для пашыву вельмі патрэбныя. Ды і са швачкамі трэба зладжана працаваць. У кожнай свой тып  пашыву і імкнешся,  каб было ўсім зручна.

Прадпрыемства “Дзіона” на працягу многіх гадоў шые форменнае адзенне для ваенізаваных пад­раздзяленняў, спецадзенне для многіх прад­прыемстваў не толькі раёна, але і іншых рэгіёнаў краіны. Кожны заказчык прад’яўляе свае патрабаванні і закройшчыку трэба не толькі ўмець распрацаваць мадэль, але і дакладна выканаць усе пажаданні.

— Заказы бываюць розныя. Вось зараз, да прыкладу, “Беларусьфільму” касцюмы шыем. У мадэлі 33 найменні дэталяў і многія з іх увогуле двайныя. Усё трэба запомніць, намаляваць, выразаць і не памыліцца, каб дэталь да  дэталі па­ды­ходзіла, — знаёміць з тон­касцямі сваёй работы Наталля. – Мне вельмі дапамагае тое, што я умею шыць. Швейная практыка выручае, паколькі разумею, што неабходна швачцы для таго, каб сшыць мадэль, ведаю, якая дэталь куды прышываецца і як яна павінна выглядаць.

І ўсё ж, як прызнаецца закройшчыца, колькі б не было за плячыма вопыту, кожны раз, калі мадэль аддае ў швейны цэх, вельмі хвалюецца, каб работа пайшла, каб дэталь з дэталлю спалучаліся. І калі першы выраб сшыты, на душы ў майстрыхі становіцца спакойна і тады адчуваецца задавальненне ад працы.

Закройшчыку ў яго справе абавязкова патрэбна ўпэўненасць. Умелымі рухамі ён адразае ад кавалка тканіны ўсё іншае, пакідае толькі неабходны матэрыял.  Але,  калі памыліўся,  адрэзаны кавалак тканіны трэба ўжо выкідаць, бо гэта ж  не метал,  які можна пераплавіць, і не драўніна, якую можна выкарыстаць у якасці дроў.

— Сем разоў адмер, адзін раз адрэж – гэта для нас, закройшчыкаў, залатое правіла. Крыху памыліўся, выпадкова рэзануў не так, як трэба, і адразу сто адзінак дэталі могуць атрымацца непрыдатнымі для далейшай работы. Дапусціць такое нельга. Таму і правяраеш сам сябе шмат разоў, асабліва калі ідзе новая мадэль.

— А на якія прадметы школьнай праграмы трэба звярнуць большую ўвагу тым, хто плануе ў будучым  абраць прафесію закройшчыка? — цікаўлюся ў Наталлі.

— Рабіць лекала (шаблон, які прымяняецца пры раскроі вырабу) трэба па формулах,  і тут не абысціся без матэматыкі. Калі ты ведаеш геаметрыю, будзеш добра  ўяўляць, як зрабіць круг ці прамы вугал на злучэннях дэталяў, каб лінія роўнай была. Але самае важнае – гэта чарчэнне. Гэты прадмет я любіла ў школе. І веды па ім мне вельмі дапамагалі ў час вучобы і дапамагаюць цяпер у рабоце.

Нашы захапленні і нават карані будучай прафесіі ідуць з дзяцінства. Успамінаючы, як у маленстве разам з сёстрамі, а ў сям’і былі чатыры дзяўчынкі, яна шыла лялькам мадэльнае адзенне, Наталля Алесік ужо не сумняваецца, што цікавасць да справы закройшчыка з’явілася ў яе менавіта ў тыя далёкія дзіцячыя гады. Сшытыя ёй рэчы захаплялі іншых. Цяпер закройшчыца можа сшыць сабе любы ўбор усяго толькі паглядзеўшы на малюнак. І добра, што так выйшла, упэўнена Наталля, што здольнасці своечасова раскрыліся.

У любой прафесіі вялікую ролю іграе набыты вопыт. За першыя ўрокі ў справе закройшчыка Наталля вельмі ўдзячна сваёй настаўніцы Надзеі Аляксееўне Сядовай. Менавіта ад старэйшай калегі вучылася яна не толькі мудрагелістым тонкасцям прафесіі, але і цярплівасці, стрыманасці, акуратнасці, працавітасці. Разам з На­дзеяй Аляксееўнай Наталля і сёння працуе ў пары. І лічыць, што ёй пашанцавала і з прафесіяй, і з калектывам, у якім шчыруе. А гэта так важна – знайсці менавіта сваю справу.

НА ЗДЫМКУ: Наталля Алесік за работай.

Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Ці  ведаеце  вы,  што…

Прасцейшымі ві­дамі адзення чалавек карыстаўся ўжо ў эпоху позняга палеаліта. Ка­менныя скрабкі для апрацоўкі шкур жывёлін, а таксама касцяныя іголкі былі знойдзены архео­лагамі пры раскопках.

  Першыя краўцы з’яві­ліся ў Старажытнай Грэцыі ў ІІІ стагоддзі да н.э. Яны працавалі ў майстэрнях, нярэдка вы­карыстоўвалі і працу рабоў. 

   Прататып модных ча­сопісаў з’явіўся ў Старажытным Рыме. Глі­няныя лялькі вышынёй каля 25 см фарбаваліся ў адпаведнасці з рымскай модай і пера­сылаліся ў пра­вінцыю з мэтай інфар­мавання лю­дзей аб новых веяннях у пашыве адзення.

  Першы слоўнікавы ар­тыкул у Оксфард­скім слоўніку англійскай мовы да слова “кравец” датычыцца 1297 года. Вядома, да гэтага часу кравецкія гільдыі даўно ўжо існавалі ў Еўропе

   З IX стагоддзя ў Фран­цыі даведаліся пра прас, які стаў такім жа незаменным інструментам краўца, як нажніцы і іголка.

  У XVIII стагоддзі з’явіліся першыя швейныя машыны. Спачатку яны выконвалі толькі самыя простыя аперацыі па сшыванні тканіны. Вынаходнікам швейнай машыны чаўночнага сцяжка лічаць амерыканца Эліаса Хоу.

  Ужо ў 1820-м го­дзе сталі вядомы першыя выкрайкі з паперы, якія выпускала фірма “Сміт” у Лондане, а з 1863 года вытворчасць выкраек перайшла на індустрыяльную аснову. 

  Звычайны кравец Вань Фуцюань паставіў сусветны рэкорд для Кнігі рэкордаў Гінеса. Валодаючы арыгінальным мастацтвам  за дзве хвіліны губамі і языком ён унізаў нітку ў 40 іголак, прыбітых да дошкі.

 Сваё прафесійнае свята – Дзень работнікаў лёгкай прамысловасці — закройшчыкі разам са швеямі, краўцамі, вязальшчыкамі, адзначаюць у другую нядзелю чэрвеня.

 

 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Сем раз отмерь или красота профессии Натальи Олесик: 2 комментария

  • 30.09.2017 в 8:54 пп
    Permalink

    Молодец девченка

  • 24.10.2017 в 9:45 дп
    Permalink

    Красота

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.