Цуды з пластыка Святланы Барысюк

Дзе знаходзіцца падворак Святланы Барысюк у вёсцы Масевічы вам пакажа кожны. Незвычайны двор прываблівае адразу, на ім ”растуць” пальмы і “скачуць” гарэзлівыя малпачкі, цвітуць ландышы, півоні, ружы і астры. Нягледзячы на восень і пахмурнае надвор’е, на падворку Святланы Антонаўны нібыта пасялілася сонейка – тут цёпла, утульна і вельмі прыгожа. На раённым конкурсе па добраўпарадкаванні гаспадыня заняла ганаровае трэцяе месца.

Свае чароўныя вырабы жанчына майструе літа¬ральна з таго, што ляжыць пад нагамі. З камення атрымліваюцца сімпатычныя божыя кароўкі, чарапашкі і нават кракадзіл. З пустых пластыкавых бутэлек вырас цэлы экзатычны сад пальмавых дрэў, у прахалодзе якіх “адпачываюць” страусы, паўліны, чорныя і белыя буслы, лебедзі і вожыкі.


— Займацца пластыкавым дэкорам пачала, напэўна, з таго часу, як з’явіліся пластыкавыя бутэлькі, — прыгадвае жанчына. – Спачатку збіраю сыравіну, а потым пачынаю майстраваць. Напрыклад, вось гэтую пальму зрабіла падчас жніва. Малпачак пашыла са старых шуб.
Атрымалася ў Святланы Барысюк, якая працуе загадчыцай склада ў аддзяленні Масевічы ААТ “Рыта”, вельмі прыгожа і крэатыўна. Словам, Святлана Антонаўна – цудоўная майстрыха і гаспадыня, якая яшчэ і вышывае прыгожа. Яе работы вышытыя гладдзю і крыжыкам захапляюць непаўторнасцю, насычанасцю фарбаў і далікатнасцю. Глядзіш на кветкі – і здаецца, што адчуваеш водар летняй раніцы, а далікатныя пялёсткі зіхацяць, пераліваюцца ў сонечных промнях. Любоў да вышыўкі перадала яна сваёй дачушцы Алене, якая працуе ў школе мастацтваў, што ў пасёлку Белавежскі.
Кацярына ЯЦУШКЕВІЧ.

НА ЗДЫМКАХ: рукатворная прыгажосць Святланы БАРЫСЮК.
Фота
Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Добавить комментарий


https://best-cooler.reviews/

www.220km.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!