Творчы септэт

У Мельніцкай базавай школе адбылося чарговае пасяджэнне клуба цікавых сустрэч. “Людзей нецікавых у свеце няма” – такую назву мела мерапрыемства,  куды на гэты раз былі запрошаны члены сям’і Сцяпана Якаўлевіча і Еўдакіі Піліпаўны Кавальчукоў з Хаціслава. Сямёра іх дзяцей даўно ўжо выраслі і вылецелі з бацькоўскага гнязда,  набылі розныя прафесіі, стварылі свае сем’і. Аднак ва ўсіх іх ёсць час для сустрэчы з цудоўным. Усю дружную сям’ю Кавальчукоў можна лічыць мастакамі-творцамі. Напрыклад, Валянціна Галавей, старэйшая з сясцёр, маці 5 дзяцей, майстар па пашыву адзення. Многа гадоў працавала ў хаціслаўскім Доме быту. Антаніна Пішчык – начальнік аддзела ЗАГС Маларыцкага райвыканкама. Яна – мастак слова, спецыяліст па стварэнню святочных, урачыстых момантаў. Лідзія Ківачук працуе малака­зборшчыкам,  а ў вольны час піша апавяданні. Таццяна Пішчык працуе ў магазіне. Культурна і ветліва абслужыць пакупніка, раскласці тавар прыгожа, па ўсіх правілах – таксама мастацтва. Аляксандр Кавальчук жыве ў Брэсце і працуе чыгуначнікам. Стварыць бяспечнае і камфортнае падарожжа для пасажыраў – прафесійнае мастацтва. Святлана Тарасюк – іканапісец, майстар ў галіне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Аркадзь Кавальчук працуе ў ЖКГ, спецыяліст на ўсе рукі. Сам зрабіў бетонамяшалку, дрэваапрацоўчы станок, млын, трыацыкл… Яшчэ падчас вучобы ў школе быў узнагароджаны дыпломам другой ступені за ўдзел у рэспубліканскай выставе тэхнічнай творчасці.
Госці коратка расказвалі пра сябе, свае захапленні, дзіцячыя мары, пазнаёмілі з работамі, якія стварылі, адказалі на пытанні вучняў. А затым адбылася прэзентацыя кнігі апавяданняў “Мая вотчына – вёска Отчын” Лідзіі Ківачук, якую выдаў аддзел маркетынгу райбібліятэкі. Пра гісторыю яе стварэння прысутным расказала Святлана Макарук.
Р.S. У зале,  дзе праходзіла сустрэча, якую арганізавала і правяла Галіна Братчук, можна было пазнаёміцца з некаторымі работамі майстроў. На жаль, па розных прычынах не ўсе члены сям’і Кавальчукоў змаглі прыехаць на цікавае мерапрыемства.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымках: удзельнікі пасяджэння клуба цікавых сустрэч з сям’і Кавальчукоў і іх работы.
Фота аўтара.

Добавить комментарий


http://www.avtomaticheskij-poliv.kiev.ua/

www.ford.niko.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!