КОМПЛЕКС ЗДАРОЎЯ ДЛЯ МАЛАРЫТЧАН

Пералічваць усё тое, што летась цалкам змяніла выгляд нашага горада, думаю, не трэба. А вось запрасіць вас туды, дзе, магчыма, многія яшчэ не паспелі пабываць, варта. Возьмем новы спартыўны комплекс, які размясціўся ў гарадскім парку. Басейн, спартыўная зала, саўна, адкрытыя тэнісныя корты, а таксама трэнажорная зала адкрыліся, каб падтрымаць наша здароўе і дапамагчы кожнаму заняць свой вольны час.  Прапаную адправіцца ў невялікую экскурсію па комплексу. Абяцаю, будзе цікава.
Прыпынак першы – басейн
Кожнага, хто прыходзіць у спартыўны комплекс, сустракае адміністратар, які знаёміць з пералікам паслуг,  прапануе зручны  час сеансу, а таксама падказвае, у якім накірунку ісці. Жадаеце паплаваць у басейне? Зайдзіце спачатку ў касу, каб разлічыцца за паслугу. Цэны, дарэчы, вас не расчаруюць. За сеанс, які будзе доўжыцца гадзіну, даросламу чалавеку трэба заплаціць 5500 рублёў, школьнікам ва ўзросце ад 10 да 16 гадоў – 3500 рублёў, а вось дзецям ад 3 да 10 гадоў — 3000 рублёў. І ўсё ж,  каб патрапіць ў басейн, толькі чэка аб аплаце будзе мала. Неабходна яшчэ медыцынская даведка, а таксама шапачка для плавання, сланцы і сродкі асабістай гігіены. Усё гэта дапаможа абараніць сябе, бо ў басейн ідуць, каб падмацаваць сваё здароўе, а не падарваць яго.
Усе фармальнасці ўладжаны, а значыць, калі ласка, у раздзявалку. Падлога з падагрэвам, прастор і камфорт заражаюць прыемным настроем перад плаваннем. Ёсць тут сюрпрыз для жанчын — сушылкі для валасоў, але імі скарыстаемся пасля, а зараз — у басейн. Між  іншым,  кожны можа зрабіць свой выбар, куды ісці: у басейн для дарослых, джакузі ці ў басейн для дзяцей. У басейне для дарослых пяць дарожак па 25 метраў. Максімальная глыбіня яго 1,8 метра. Тэмпература вады — 29 градусаў. Адначасова тут могуць знаходзіцца 48 чалавек. Асаблівай папулярнасцю ў наведвальнікаў карыстаецца джакузі, дзе вада дасягае 33 градусаў. Тут умяшчаецца разам 10-15 чалавек. 15-20 хлопчыкаў і дзяўчынак могуць адначасова плаваць у басейне для дзяцей, дзе тэмпература вады на градус вышэй, чым у басейне для дарослых.
— У басейн я прыйшоў першы раз, — дзяліўся ўражаннямі Жэня Радчык. — Прыемна здзіўлены і задаволены. Тут прыгожа, цікава і камфортна. І самае галоўнае, што гэта ўсё ў нашым горадзе, а не дзесьці далёка.
Трэба дадаць, што ёсць катэгорыя грамадзян, якая можа наведваць басейн бясплатна, але для таго, каб карыстацца льготай, трэба прад’явіць адпаведнае пасведчанне. Для пенсіянераў таксама прадугледжаны льготы –з 12.45 да 13.40 білет для іх каштуе 3500 рублёў.
Нядаўна завершаны работы ў саўне, і яна ўжо чакае першых наведваль­нікаў. Раз­лічана саўна на 6 чалавек. Трэба сказаць, што вельмі прыгожы дызайн спалучаецца тут з карыснымі ўласцівасцямі ліпы. І каштуе такое задавальненне 36 тысяч рублёў, калі наведваць саўну групай. Адміністрацыя, дарэчы, папярэдж­вае, што рабіць заяўку, каб наведаць саўну, патрэбна загадзя.

 Прыпынак другі — спартыўная зала
Прыемным сюрпрызам для аматараў міні-футбола, баскетбола, гандбола і іншых рухомых гульняў стала новая спартыўная зала. Гэта вялікая пляцоўка, 45 на 25 метраў, паспела ўжо прыняць удзельнікаў першынства нашага раёна па міні-футболу. Амаль кожны дзень, акрамя выхадных, у зале праходзяць трэніроўкі выхаванцаў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. І гэта цудоўна. Раней жа такіх добрых умоў для правядзення трэніровак у дзяцей не было. Заняткі ў спартзале каштуюць 4500 рублёў за гадзіну. А вось групавы сеанс для арганізацый – 250 тысяч рублёў.

Прыпынак трэці – трэнажорная зала
Можаце не сумнявацца: кожны, хто наведаецца сюды, зможа знайсці той трэнажор, які яму патрэбны, а вопытны інструктар дапаможа падабраць індывідуальную праграму,  займаючыся па якой, можна будзе атрымаць максімальную карысць для свайго цела. Тут ёсць і веласіпед, і бегавая дарожка,  а для сапраўдных асілкаў – штанга і многія іншыя трэнажоры. Пасля напружанай трэніроўкі можна прыняць душ і расслабіцца, адпачыўшы на камфартабельных канапах. За адны заняткі ў трэнажорнай зале давя­дзецца заплаціць 4 тысячы рублёў,  для пенсіянераў гэтая сума ў два разы меншая.
Есць у спартыўным комплексе і дзве адкрытыя пляцоўкі, якія размешчаны адразу за будынкам. Гэта два тэнісныя корты са штучным пакрыццём са Славеніі і пляцоўка для рухомых гульняў. Хутка будзе пракладзена таксама лыжа–ролерная траса  працяг­ласцю 1,9 кіламетра. Гэта яшчэ больш пашырыць спектр паслуг для аздараўлення. 
А што за кулісамі?..
Вы калі-небудзь бывалі ў самым сэрцы басейна? Дзякуючы дырэкцыі ДзЮСШ я пабывала там і магу па сакрэту распавесці аб тым, як працуе  “арганізм” басейна. З першага імгнення пачынаеш думаць, што апынуўся на міні-заводзе. Спляценне велізарных і маленькіх труб напамінае мноства пульсуючых вен. Велізарныя фільтры і датчыкі – гэта сэрца “арганізма”, кожны размераны стук якога азначае дзейнасць усяго басейна. І падумаць не магла, што,  каб прывесці ў дзеянне басейн, неабходны цэлы паверх  тэхнікі.

Тры пытанні на развітанне…
Ужо зараз, за  некалькі тыдняў работы комплекса, басейн наведалі больш за 2,5 тысячы чалавек, трэнажорную залу – больш за 400 чалавек, а спартыўную — больш за 150. І гэтыя лічбы павялічваюцца з кожным днём. Таму спартыўны комплекс не збіраецца спыняцца на дасягнутым. Аб перспектывах яго развіцця пацікавілася ў дырэктара Міхаіла Міхайлавіча Улезла.
— Міхаіл Міхайлавіч, ці ёсць у вас новыя ідэі ў пашырэнні спектра паслуг?
— Ідэі ёсць. Ужо зараз шукаем кваліфікаваных спецыялістаў, каб адкрыць групу для аздараўлення дзяцей, якія хварэюць скаліёзам. Басейн, як даказвае медыцына, вельмі дапамагае пры гэтым захворванні. Мы, у сваю чаргу, імкнемся зрабіць такі комплекс паслуг, які б цалкам задавальняў людзей. Таксама хацелася б арганізаваць групу аквааэробікі. Кожны хоча захаваць сваё цела ў належнай форме, лішнія калорыі яшчэ нікому задавальненне не прынеслі. Таму аквааэробіка, думаю, будзе вельмі запатрабаваная.
— Ці будуць у басейне вучыць дзяцей плаванню?
— Як гаворыцца, попыт выклікае прапанаванне. Таму, калі людзі будуць звяртацца да нас з такой просьбай, мы пастараемся яе задаволіць. Галоўнае — знайсці спецыяліста, у гэтым якраз асноўная  праблема.
— Ведаю, што ў комплексе ўведзена сістэма продажу абанементаў. Ці будзе іх колькасць абмежавана?
— Мы толькі распачалі сваю дзейнасць, таму, зразумела, паток людзей яшчэ не вельмі вялікі, бо не кожны змог адразу атрымаць медыцынскую даведку для наведвання басейна. Некаторыя яшчэ зусім пра басейн не ведаюць, а нехта пакуль проста не знайшоў час прыйсці сюды. Думаю, вельмі хутка паток наведвальнікаў павялічыцца, таму, каб пазбегнуць перагрузкі, колькасць абанементаў будзе абмежавана. Магу сказаць, што ўжо зараз прададзена больш за 40 абанементаў у басейн. Таму спяшайцеся, мы вас чакаем кожны дзень з 8.00 да 22.00!
***
Шчыра кажучы, зайздросціла тым, у каго ўжо ёсць магчымасць паплаваць у басейне,  і вельмі шкадавала, што не паклапацілася аб усім, што неабходна для наведвання басейна, загадзя. Але абавязкова гэта зраблю ў бліжэйшы час! І ўпэўнена: пабываць у спартыўным комплексе, які прапануе столькі аздараўленчых паслуг, проста неабходна кожнаму.
Дар’я Падалінская.
Фота аўтара.

Добавить комментарий


продвижение сайтов

штори на люверсах
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!