Райскі куточак сям’і Самасюкоў

Для Людмілы Яфімаўны і Анатоля Якаўлевіча Самасюкоў з аграгарадка Чарняны перамога ў раённым конкурсе на лепшае добраўпарадкаванне і азеляненне тэрыторый Маларыцкага раёна, дзе ў намінацыі “Лепшая прыдамавая тэрыторыя ў сельскіх населеных пунктах” яны занялі другое месца, стала, як прызнаюцца, прыемнай нечаканасцю. Бо тую казачную прыгажосць, якая акружае іх дом, стваралі на працягу многіх гадоў зусім не з мэтай атрымаць узнагароду. Проста такі лад жыцця дбайных гаспадароў, можна сказаць, — сямейная традыцыя Самасюкоў.

Добраўпарадкаванне двара, як успамінае Людміла Яфімаўна, пачалося з задумак і натхнення гаспадара. Анатоль Якаўлевіч – вадзіцель. У дальніх рэйсах ён наведваў розныя краіны Еўропы. І, вядома, заўжды звяртаў увагу на парадак і добраўпарадкаванасць двароў прыватных дамоў, багацце кветак ля іх. Вяртаючыся дамоў, расказваў сям’і аб убачаным,  дзяліўся ідэямі афармлення двара. І гадоў дзесяць назад Самасюкі ўзяліся за добраўпарадкаванне сва- ёй сядзібы. Працавалі не толькі Анатоль Якаўлевіч і Людміла Яфімаўна, але і іх дзеці – сын Алег і дачка Алена. Спачатку з боку вуліцы і ўнутры двара з’явіліся вадаёмчыкі, затым іх дапоўнілі клумбы. Назбіраўшы камянёў, гас­падары зрабілі прыгожы каскад,  па якому цяпер сцякае вада. Арыгінальнасць куточку надаў фантан. Але найбольшы каларыт надаюць двару,  вядома,  зялёныя насаджэнні і кветкі. Роўны строй туй уздоўж дарожкі, кветкі амаль па ўсім перыметры дома, вазоны на доме – усё гэта прываблівае вока і стварае дзівосную гармонію.

— З вясны зацвітаюць крокусы, цюльпаны, ара­бес­кі, затым лілеі, петуніі, — расказвае Людмі­ла Яфімаўна.

Але ў сапраўдны кветкавы рай ператвараецца двор тады,  калі зацвітаюць ружы. 70 кустоў цудоўных руж розных відаў акружаюць дом. Не адвесці вачэй і ад бегоній, пеларгоній, ампельнай герані. Каб што­год не купляць расаду, навучылася Людміла Яфімаўна высяваць зімой і вырошчваць да новага сезона расаду кветак. А таму, як адзначае, займацца кветкаводствам даводзіцца круглы год.

Многія гаспадары, у дварах якіх не ўбачыш і адной кветкі, спасылаюцца на недахоп часу. Маўляў, працуеш дзень да вечара, калі яшчэ клумбамі і кветнікамі займацца? Калі нехта падумаў, што Людміла Яфімаўна хатняя гаспадыня, спяшаюся заўважыць, што гэта не так. Яна – дырэктар сельскага Дома культуры. І работы ў культработніка, вядома, нямала. Ды і Анатоль Якаўлевіч дома бывае, як кажуць, наездамі, усё больш у рэйсах. Сын, як і маці, культработнік, працуе ў Маларыце і завочна атрымлівае вышэй­шую адукацыю, дачка – студэнтка. Але кожны з  іх імкнецца ўкласці ў свой двор часцінку душы. І калі ёсць жаданне – усё атрым­ліваецца. Між   іншым, Самасюкі, калі пад­лічыць, у цэлым апрацоўваюць амаль гектар зямлі. І са­дзяць яны не толькі кветкі, але і гародніну, бульбу, трымаюць вялікую гаспадарку. Таму што гаспадары яны дбайныя, працавітыя.

Святлана МАКСІМУК.

НА ЗДЫМКУ: Людміла Самасюк у сваім «райскім куточку» двара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.