Як старажытны абраз «Пакроў Пра­святой Багародзіцы» выратаваў жыццё

Пра Вялікую Айчынную вайну шмат кніг напісана, вершаў складзена, кінастужак знята, і сказаць нешта новае, здаецца, проста немагчыма. Аднак, кожны раз сустракаючыся з ветэранамі, вязнямі фашысцкіх канцлагераў, людзьмі, хто перажыў страшнае пекла акупацыі, слухаючы іх успаміны, прасякнутыя невыносным болем, разумееш, што немагчыма на словах перадаць увесь жах і страх, праз якія давялося прайсці нашым землякам.

З таго страшнага каст­рыч­ніка прайшло 75 гадоў, а для 89-гадовай жыхаркі вёскі Антанова Вольгі Аляксандраўны Чарняк восень 1942 года не забу­дзецца ніколі ў жыцці.

Вольга Чарняк – дзіця вайны. Ёй не давялося спазнаць шчаслівага дзяцінства. Тое, што яна, кволенькае дзяўчо, выжыла ў крывавым пекле – неверагодны цуд, падарунак саміх нябёсаў. І яна вельмі ўдзячна лёсу, Усявышняму і Божай Маці, якім штодня дасылае свае малітвы. Самая галоўная святыня для бабулі – старажытны абраз «Пакроў Пра­святой Багародзіцы», які, на думку жанчыны,  і выратаваў яе сям’ю ад фашысцкай расправы ў кастрычніку 1942. Як тое было, бабуля прыгадвае, уладкаваўшыся ля веснічак сваёй сядзібы, якую пабудавалі яны з мужам пасля вайны. Жанчыне цяжка даюцца ўспаміны пра ваеннае дзяцінства, на вачах з’яўляюцца слёзы. Слухаючы яе аповяд, таксама цяжка стрымаць слёзы. Пра­шу ў жанчыны прабачэння за тое, што вымушаю ўзгадваць трагічныя эпізоды з яе жыцця.

— Нічога. Не хвалюйцеся, я ўсё раскажу,  што памятаю, — гаворыць Вольга Аляксандраўна. – Паверце, такое не забываецца. Гэта здарылася першага кастрычніка 1942 года. Немцы акружылі вёску яшчэ на досвітку. Нямногім аднавяскоўцам удалося вырвацца з таго пекла. Пачалі выганяць з хат усіх: старых, малых, нямоглых. Затым усіх нас закрылі ў хляве. Майго бацьку з братам і яшчэ некалькі мужчын некуды забралі. Як потым мы даведаліся: іх пагналі капаць магілу. Пачалася паніка,  галасілі жанчыны,  плакалі дзеці. Людзі адзін з адным развітваліся, прасілі прабачэння. А маці, калі нас  фашысты выганялі з хаты,  паспела схапіць абраз Маці Божай. Яна яго так і трымала ўвесь час, прытуліўшы да грудзей. Затым пачалося самае страшнае. Немцы вы­водзілі вяскоўцаў за вёску і расстрэльвалі. Забівалі цяжарных жанчын і маленькіх дзетак. Нікога не шкадавалі. Не пакінулі ў жывых фашысцкія вылюдкі сямімесячных немаўлятак На­дзею і Верачку. Як нашай сям’і ўдалося выратавацца,  пытаецеся вы. У мяне нават сёння няма адказу на гэта пытанне, акрамя аднаго. Той абраз Прасвятой Багародзіцы, які маці ўвесь час трымала пры сабе і малілася,  адвёў ад нас смяротную пагрозу.

У дакументах, якія былі знойдзены пасля разгрому штаба 15 паліцэйскага палка,  утрымлівалася жудасная інфармацыя. 5 кастрычніка 1942 года кіраўнік СС і паліцыі Валыні і Падолля выдаў загад “Аб знішчэнні ў вёсках Антанова, Зялёныя Буды, Карастоўка ўсіх сем’яў, члены якіх знахо­дзяцца ў лесе і тым самым маюць адносіны да партызанаў, як пакаранне за смяротнае раненне двух служачых і цяжкае раненне аднаго служачага паліцэйскага батальёна”. Далей у дакуменце змешчана справаздача, у якой обер-лейтэнант Мюллер інфармуе сваё кіраўніцтва, што ў вёсцы Зялёныя Буды нельга было ўстанавіць месцазнаходжанне мужчын 7 сем’яў. “Члены гэтых сем’яў – 5 мужчын,  9 жанчын і 16 дзяцей  – былі расстраляны. 7 двароў спалена. У Антанова з’явіліся ўсе, за выключэннем 5 сем’яў. 4 асобы затрыманы для далейшай праверкі. Гэта тлумачыцца тым, што 1 кастрычніка 1942 года ў Антанова былі праведзены мерапрыемствы, у выніку якіх былі расстраляны 45 падазроных асоб”.

Вольга Аляксандраўна,  ледзьве стрымліваючы слёзы, расказала, што бацька літаральна вы­маліў у каменданта жыццё для сваёй сям’і,  нават не здагадваючыся,  якія жудасныя катаванні чакаюць яго наперадзе. Немцы яшчэ суткі пратрымалі сям’ю ў хляве, а потым перавезлі ў Вялікарыту.

— Кінулі нас у пастарунак усіх у адну камеру. Акрамя бацькі і маці з намі было яшчэ двое маіх братоў: старэйшы – Пятро і малодшы – Саша, — працягвае расказваць бабуля Вольга. – Тут пачалося самае жудаснае. Каб вы бачылі, як дапытвалі майго бацьку! Як здзекаваліся,  катавалі яго,  каб ён прызнаў сваю сувязь з партызанамі. Усё гэта было на нашых вачах. Яго збівалі да непрытомнасці, акуналі ў сцюдзёную ваду і потым, калі ён прыходзіў у прытомнасць,  працягвалі здзекі. Тры дні дапытвалі бацьку,  але ён нічога не сказаў. Мы нават не спадзяваліся, што застанемся ў жывых. Асабліва пасля таго, як на нашых вачах фашысты па-зверску закатавалі аднаго чалавека з Пажэжына,  імя якога не памятаю. Ніколі гэтага не забуду, як фашыст на безабароннага нацкаваў аўчарак.

Бабуля Вольга з таго жудаснага моманту, калі сабакі на яе вачах раздзерлі чалавека, не можа спакойна адносіцца да гэ­тых істот. “Я не люблю сабак, іх вельмі баюся, нават самых маленькіх”, — прызнаецца жанчына. На 4 дзень, так ні слова і не выцягнуўшы з бацькі, фашысты адпусцілі сям’ю дамоў.

— 4 кастрычніка мы былі дома, — працягвае далей гаворку Вольга Аляксандраўна. – Як толькі дайшлі, не памятаю. Але маці ўвесь час плакала і цалавала абраз Маці Божай, кажучы, што гэта Царыца Нябесная выратавала нас ад смерці. Праз пяць дзён карнікі спалілі разам з жыхарамі суседнюю вёску Зялёныя Буды. Пасля ўсіх гэтых падзей мой старэйшы брат Пётр пайшоў ваяваць у партызаны.

Вольга Аляксандраўна за­хоўвае абраз Маці Божай. Ён вісіць на самым пачэсным месцы – у чырвоным куце. Раней вісеў на кухні. Але аднойчы бабулі прысніўся сон, у якім з’явілася Багародзіца і сказала: “Не тут маё месца”. “Тады я перавесіла абраз, — узрушана гаворыць бабуля. – І дала наказ сваім дочкам і ўнукам,  каб яны, калі я памру,  захоўвалі яго і бераглі як зрэнку вока,  перадаючы з пакалення ў пакаленне”.

Пасля вайны Вольга выйшла замуж за мясцовага хлопца Мі­калая. Са сваім каханым пра­жыла яна годнае жыццё,  выгадавала і вывела ў свет траіх дзетак. Дваццаць гадоў таму жанчына аўдавела.

— Нездарма кажуць,  што жыццё пражыць – не поле перайсці, — уздыхаючы, працягвае свой аповяд Вольга Аляксандраўна. – Любое поле пяройдзеш. Толькі ў жыцці розныя абставіны бываюць,  але галоўнае – заўсёды заставацца чалавекам,  як бы табе цяжка ні было. Няхай нікому і ніколі не давядзецца перажыць тыя пакуты, што выпалі на маю долю.

Шчыра і пранікнёна гаворыць Вольга Аляксандраўна,   голас яе крышачку дрыжыць ад перажытых успамінаў,  а спрацаваныя, не спешчаныя лёгкім жыццём рукі сціскаюцца ў кулачкі. Так бабуля стрымлівае хваляванне.

Годна нясе цяжкі крыж   на сваіх кволых плячах гэтая дасціпная і высакародная жанчына, маці і бабуля.

Кацярына Яцушкевіч.

На здымках: аб гадах ваеннага дзяцінства ўзгадвае Вольга Чарняк; сямейная рэліквія – абраз Маці Божай, які ў гады акупацыі выратаваў ад смерці родных бабулі Вольгі.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий