Пеўчая Вера

Спяваў хор Свята-Мікалаеўскай царквы г.Маларыты. Велічна,  узнёсла і неяк,  здавалася,  незвычайна. Аж дух захоплівала! Я пільна ўслухоўваўся ў гучанне песні і імкнуўся ўлавіць, адрозніць яе голас ад іншых. На нейкі момант здалося,  што здолеў пачуць, як выводзіць баба Вера.
Веры Ляўчук ужо 80 гадоў. Яна — адна са старэйшых пеўчых у Маларыцкім прыходзе, мае голас, які не зблытаеш з іншымі.
— Я ўжо не так зараз спяваю, як калісьці, — прызнаецца Вера Максімаўна. – Гады бяруць сваё. А раней – гучны быў голас,  моцны. Але,   дзякуй Богу,  яшчэ да гэтага часу на клірасе.
Баба Вера нарадзілася і вырасла на Лазках, у Маларыце. Бацькі яе былі людзьмі, якія верылі ў Бога. Таму да малітвы і царквы дзяўчынку прывучылі з калыскі. Упершыню ў храм Божы яе завяла за руку маці. Другія дзеці ідуць гуляць, а яна сядзе пад абразамі і напявае малітвы, якія яшчэ бабуля вучыла. Веры заўжды хацелася спяваць у хоры. Час ад часу ўзнікала такая патрэба. Але было мала гадоў, таму ніхто не прапаноўваў. Мара збылася тады, калі споўнілася 12 год. У гэты час дзяўчынка стала наведваць дзіцячы хор, дзе налічвалася 60 чалавек. А 19 снежня, у дзень свайго хрышчэння, упершыню ў царкве з равеснікамі спявала “Правіла веры”.
— Гэта быў памятны і незабыўны дзень, — успамінае Вера Ляўчук. – Да такога дня маці  купіла новую сукенку, а бацька пасля службы пачаставаў цукеркамі. Усю ноч уяўляла,  як буду стаяць,  як будзе гучаць голас. Хацелася праспяваць лепш за ўсіх. А галоўнае – душэўна, шчыра. Бацькі пасля службы хвалілі, казалі, што спявала добра. Я была вельмі шчаслівая. З таго часу ўжо і не магла, каб не спяваць. Праз некаторы час матушка Юлія Ляхоцкая прыняла своеасаблівы экзамен і ўзяла мяне пастаянна спяваць у дарослы хор.
— Вера Максімаўна, каб спяваць у царкоўным хоры, напэўна, неабходна ведаць музычную грамату?
— Вядома, але ў мяне яе няма. Нідзе не вучылася такому майстэрству. Гэта – спадчыннае. Бог даў, што амаль усе царкоўныя службы ведаю на памяць. Спецыяльна ніколі не завучвала іх. Між  іншым, у нашай радні ўсе мелі добры голас, а дзядзька, Пётр Струнец, і цётка, Ксенія Русавук, усё жыццё спявалі на клірасе. А вось у школу хадзіла. І не адну. У 1939 г. закончыла два класы польскай школы. Аднак змянілася ўлада, і зноў пайшла вучыцца яшчэ раз у другі клас савецкай школы. Перавучвацца па-руску было цяжкавата. У 1940 г. атрымлівала веды ў трэцім класе ў школе з беларускай мовай навучання. Вучыцца далей перашкодзіла вайна. У 1942 г. залічылі мяне ў 5 клас. Аднак школа была ўжо з украінскай мовай навучання. Шосты клас закончыць не змагла. Абставіны склаліся так,  што давялося “кінуць” вучобу. Стала дапамагаць маці па гаспадарцы, бо бацька ваяваў на фронце. Адной спраўляцца з гаспадаркай ёй  было цяжка. Акрамя таго, у мяне была меншая сястра Каця. Дваіх дзяцей адначасова маці адправіць у школу не магла. Не хапала сродкаў: бедна мы жылі. Цяжкія ж панавалі гады. Але выбар быў за мною. Я прыняла рашэнне на карысць сястры. Яна і стала вучыцца.
— А як склаўся ваш лёс далей?
— З Богам іду па жыцці. У шчасці і пры няўдачах заўжды звяртаюся з малітваю да яго. Гэта і дапамагае. Усявышні чуе просьбу. Калі споўнілася 16 гадоў, уладкавалася ў швейную арцель. Спачатку – вучаніцай,  а пасля некалькі гадоў працавала майстрам. Затым выйшла замуж, з’явіліся дзеці. Па магчымасці старалася не прапускаць ні адной службы. Бо там знаходзіла заспакаенне, адпачывала душою.
За працу на царкоўнай ніве Вера Ляўчук узнагаро­джана граматай за подпісам Філарэта, мітрапаліта Мінс­кага і Слуцкага. Мае яна і Пісьмо падзякі ад благачыннага цэркваў Маларыцкага раёна.
Р.S. Асабліва Вера Максімаўна шануе абраз “Уваскрашэнне”,   якому больш за 120 гадоў. Ён дастаўся ў спадчыну ад бацькі, а таму – ад яго дзеда. Перад ім жанчына ўзносіць гарачыя малітвы да Бога, просіць за ўсіх родных.
На здымку: Вера Максімаўна жыве пастаянна з малітваю.

Добавить комментарий


купить паджеро

np.com.ua/upakovochnoe-oborudovanie/vakuumnye-upakovshiki.html

www.www.xn----7sbajornvhu8c.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!