…І свой фірменны магазін

Мінулы год для ўнітарнага вытворчага прадпрыемства “Дзіона”, якое больш за 18 гадоў працуе ў нашым горадзе, быў няпросты. Летась вясной змяніла “Дзіона” сваё “месца жыхарства”. А любы пераезд – гэта страты і часу, і сродкаў. Але стабільнае прадпрыемства змагло пераадолець праблемы і працягвае выпускаць сваю, даволі запатрабаваную, прадукцыю.
На маё пытанне, як працуецца калектыву ў новых умовах, дырэктар “Дзіоны” Любоў Жалтоўская заўважыла:
— Безумоўна, і бытавыя ўмовы, і ўмовы працы ў нас значна палепшыліся, хоць павялічыліся і затраты, бо цяпер даводзіцца разлічвацца за арэнду, ды і энергазатраты ўзраслі, паколькі кожны цэх быў абсталяваны з улікам тэхналагічных патрабаванняў.
За два месяцы, пакуль наладжвалася работа ў новым памяшканні па вул Маякоўскага, 24, знізіўся на 7% выпуск прадукцыі. Але тое, што прадпрыемства, адзначала Любоў Уладзіміраўна, “жыло па сродках”, дазволіла на 11,5% павялічыць рэнтабельнасць. Усяго за мінулы год “Дзіона” вырабіла прадукцыі на суму 1 мільярд 134 мільёны рублёў. Амаль уся яна была рэалізавана, а гэта сведчанне таго, што прадпрыемства грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў” удала знайшло сваю нішу на рынку спажывецкіх тавараў.
У “Дзіоне” па-ранейшаму працуюць тры цэхі: швейны, трыкатажны і надомнай працы. Толькі ў апошнім падраздзяленні, працоўныя месцы ў якім створаны для забеспячэння занятасці інвалідаў раёна, працуе 35 чалавек. А ўсяго калектыў прадпрыемства налічвае больш за 90 чалавек.
Больш паловы выпускаемай “Дзіонай” прадукцыі складаюць заказы Міністэрства абароны, акрамя таго, прадпрыемства актыўна супрацоўнічае з арганізацыямі раёна, наладзіўшы выпуск летняга і зімовага спецадзення, уніформы для работнікаў службы аховы, сферы паслуг, медыцынскіх работнікаў. Летась, выйграўшы тэндар, “Дзіона” атрымала заказ на пашыў формы ад Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.
Акрамя таго, на прадпрыемстве распрацавана каля 100 мадэляў дзіцячага трыкатажу. Жакеты, балеро, джэмперы, камізэлькі, сукенкі, касцюмы, штаны, шапкі і шарфы ахвотна раскупляюць далёка за межамі раёна. Сваю прадукцыю пастаўляе “Дзіона” ў гандлёвыя цэнтры Брэста, Мінска, Гомеля, Магілёва. У штаце прадпрыемства няма мадэльера-канструктара, таму многія мадэлі, улічваючы кан’юнктуру рынку, распрацоўвае сам калектыў. Нямала цікавых ідэй прапаноўвае закройшчыца Наталля Алесік. У “Дзіону” прыйшла яна два гады назад: спачатку на практыку, потым працаваць закройшчыцай. Работа, у якой трэба сем раз адмераць, і толькі потым адрэзаць, спадабалася з першых дзён. Ды і з настаўніцай Наталлі пашанцавала. З вопытнай, майстравітай і вельмі добразычлівай Надзеяй Сядовай яны і зараз працуюць у пары: прымаюць заказы, знімаюць меркі, улічваючы пажаданні заказчыка, распрацоўваюць мадэлі.
З верасня мінулага года “Дзіона” адкрыла свой фірменны магазін, які знаходзіцца на першым паверсе арандуемага прадпрыемствам будынку. Тут пакупнік можа набыць прадукцыю, якую выпускае “Дзіона”, а гэта і трыкатаж для дзяцей і дарослых, і камплекты пасцельнай бялізны, і вышытыя ручнікі. Ёсць у продажы ў магазіне тканіна, бялізнавы трыкатаж вядомых беларускіх прадпрыемстваў і многія спадарожныя тавары, якія з задавальненнем набываюць у першую чаргу самі работнікі прадпрыемства.
Вялікай колькасцю пакупнікоў у фірменным магазіне “Дзіоны” пакуль пахваліцца не могуць. Па-першае, месца не зусім заходнае, у баку ад цэнтра горада, па-другое, пакуль мала хто ведае пра існаванне магазіна. Але шырокі асартымент фірменных тавараў прыводзіць у магазін зноў і зноў тых, хто пабываў тут аднойчы і выбраў для мужа джэмпер ці для сябе камізэльку, для дзіцяці касцюм ці для сям’і камплект бялізны. Такі тавар, зроблены ў Маларыце, заўважае прадавец, у іншых магазінах наўрад ці купіш.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКАХ: закройшчыца прадпрыемства “Дзіона” Наталля Алесік; у фірменным магазіне.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


777.shtory.ua