Народному хору ветеранов труда -30!

Як хутка бяжыць час! Проста ляціць крылатай птушкай. У кастрычніку 2017 года народны хор ветэранаў працы Маларыцкага гарадскога Дома культуры ў чарговы раз адзначае юбілейную дату – 30-годдзе стварэння калектыву. Для чалавека такі ўзрост – гэта росквіт сіл, здольнасцей, мар і спадзяванняў. Калі гаварыць пра творчы калектыў, дык такі ўзрост для яго таксама росквіт. Нягледзячы на тое, што ў ім людзі сталага ўзросту, кожны з яго ўдзельнікаў застаецца маладым душой. Тая творчая праца, тое натхненне, той вялікі шлях, які прайшоў народны хор ветэранаў, сведчаць, што добрая песня ў любым узросце з’яўляецца не проста гісторыяй, яна яшчэ дае моцныя сілы добра працаваць і адпачываць.

Што новага адбылося ў жыцці калектыву? Па-першае, хор папоўніўся новымі ўдзельнікамі, якіх цікавіць актыўны лад жыцця, што дае магчымасць унесці ў рэпертуар новае гучанне. Па-другое, калектыў вырас у творчым плане, пасталеў пра­фесійна і не змяняе свайму твор­чаму крэда – дзейнічаць з энтузіязмам, вялікай любоўю да песні, уменнем запальваць сэрцы слухачоў самых розных узростаў.

Усё пачалося з гуртка, які аб’яднаў самых актыўных і творчых ветэранаў. Ідэя стварэння хора належыла раённаму савету ветэранаў, які ў свой час узначальвала Тамара Мікалаеўна Феафілава. Ініцыятыву стварэння такога калектыву падтрымалі многія паважаныя людзі нашага горада. І асабліва такія няўрымслівыя і неабыякавыя да культурнага жыцця актывісты, як Галіна Лаўрэнцьеўна Украінец, якая на той час была сакратаром райкама партыі, Васіль Сяргеевіч Тарасюк, загадчык аддзела культуры, Галіна Рыгораўна Андрыішына, лаўрэат 2-га Усесаюзнага фестывалю сама­дзейнай народнай творчасці, Марыя Васільеўна Ізбіцкая, Валянціна Пятроўна Гойка. І пайшлі па адрасах паштоўкі, якія запрашалі ветэранаў на першую сумесную рэпетыцыю. Прыйшлі на яе 17 мужчын і 25 жанчын. Рэгулярна, два разы на тыдзень, пачалі збірацца ў памяшканні ГДК. Адразу зазвінела песня, падхопленая  на­шымі галасістымі мужчынамі і жанчынамі.

Першае выступленне хору адбылося праз месяц. Праходзіла яно на сцэне гарадскога Дома культуры і прысвячалася 70-й гадавіне Вялікага Кастрычніка. Трэба сказаць, што яно было вельмі паспяховым. Хор неаднаразова выклікалі на біс, што стала штуршком для далейшай працы.

Кожны з удзельнікаў хору заслугоўвае добрых слоў. Тым больш, што спяваюць на грамадскіх пачатках. Самая высокая для іх плата – гэта “дзякуй!”. Сапраўдныя энтузіясты, для якіх галоўнае – несці радасць людзям. Лідзія Шыян – добры арганізатар, галасістая, энергічная ўдзельніца хору, Вольга Макарук – адказная і добрасумленная,  Ганна Свірыда – прызнаны майстар размоўнага жанру, выдатная вядучая канцэртных праграм. Нельга па- добраму не ўсміхнуцца, слухаючы заўжды вясёлую Ніну Кузьміч, прызнанага майстра выканання народнай песні. Сваёй энергіяй і запалам, сваім непаўторна звонкім і каларытным, своеасаблівым народна-напеўным тэмбрам здзіўляюць  Соф’я Бялова і Вольга Брухавецкая. Дзякуючы прыгожым,  ад прыроды меладычным сапрана, у калектыве іх называюць “звонкагалосымі салаўямі”. З вялікім жаданнем спяваць рэгулярна наведваюць рэпетыцыі Валянціна Шэхтман, Вера Галавей, Ева Дамарацкая, Аляксандр Пунько. А як прыгожа заварожвае і перадае вобраз  сваіх патрыятычных песень Лілія Мурзіна. Кожны выкананы ёю твор – гэта цэлая песенная легенда. Заўжды вясёлая, актыўная, абаяльная Марыя Дземянюк здзіўляе гледача сваім запалам. А як прыемна бачыць і слухаць на сцэне Ганну Сцепанюк, улюбёную ў сваю песню. Любяць гледачы і лірычныя песні ў выкананні салісткі хору Веры Стырнік. На працягу многіх гадоў сваім талентам упрыгожвае калектыў  Валянціна Бярнацкая. Яе цудоўныя вершы неаднаразова друкаваліся на старонках “Голасу часу”. Ніводная канцэртная праграма не абыходзіцца без яе цудоўных вершаў. Выступленне хору гарманічна дапаўняюць сямейныя пары: Віктар і Людміла Чуль,  Любоў і Аляксей Дацыкі – лаўрэаты другога Усесаюзнага фестывалю самадзейнай народнай творчасці. З пяшчотай і душэўнасцю гучаць песні старэйшыны калектыву,  выдатнага тэнара Анатоля Жуліна.

Гады ідуць. Некаторыя пакі­нулі хор: сілы і здароўе ўжо не тыя. Словы падзякі хачу сказаць выдатнай выканаўцы прыпевак Марыі Ківачук, а таксама ўдзельнікам хору Марыі Сцепанюк, Ганне Ламаносавай, Генадзю Антонаву, Галіне Андрыішынай, Надзеі Букач, Вользе Амяльян, Івану Радыванюку, а таксама акампаніятару Мікалаю Лапцеву, які на працягу многіх гадоў забяспечваў музычнае суправаджэнне хору. Добрыя словы падзякі хочацца сказаць і ў адрас былога акампаніятара хора  Мікалая Уланава, сапраўднага віртуоза музыкі. Заўжды ўнікальна гучыць баян у руках Валерыя Сіпчука.

З натхненнем,   зацікаўленасцю і прафесійным майстэрствам, павагай да старэйшага пакалення пачалі свой творчы шлях у калектыве маладыя спе­цыялісты – баяніст Сяргей Швайко і акардэаністка Вольга Струнец.

Добрых слоў удзячнасці заслу­гоўваюць удзельнікі ін­струментальнай групы – Сяргей Крэнь (кантрабас),  Ірына Горнік – скрыпка, і Наталля Лошак (домра). Нельга не ўспомніць і былых музыкантаў – Людмілу Сарачук, Паўла Кулецкага і кі­раўніка Ганну Кот.

Узрост удзельнікаў хору – ад 55 да 85 гадоў. Здавалася б, немаладыя ўжо людзі. Але, як упэўнены ўсе, песня маладзіць.

У калектыва вельмі актыўнае жыццё. Хор – удзельнік раённых і занальных аглядаў-конкурсаў “Ляці, наша песня”, абласных фестываляў народнай творчасці “Неспакойныя сэрцы”, фестывалю народнага мастацтва “Беларусь – мая песня”. Ён з’яўляецца пераможцам абласнога свята “Табе мае песні, Белая Русь”, неаднаразова ўдзельнічаў у заключных мерапрыемствах абласнога тура рэспубліканскага фестывалю “Не старэюць душой ветэраны” і многіх іншых конкурсах.

На працягу 30 гадоў удзель­нікаў хору аб’ядноўвае любоў да песні. І вось у чарговы раз калектыў запрашае ўсіх маларытчан і гасцей горада на юбілейны вечар “Нас песня ўсіх аб’яднала”. Ён адбудзецца ў гарадскім Доме культуры 20 кастрычніка ў 17.30. Да сустрэчы!

Галіна БЯГЕЗА,

 мастацкі кіраўнік.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.