Маларыта сустракала гасцей з Мендзыжаца

У мінулую пятніцу наш раён наведала польская дэлегацыя з горада Мендзыжац-Падляскі. Прадстаўнікі адміністрацыі польскага горада прыехалі ў Маларыту, каб падпісаць дагавор аб супрацоўніцтве.
— Наша мэта, — адзначыў мэр Мендзыжаца-Пад­ляскага Артур Гжыб, — наладзіць супрацоўніцтва ў розных сферах, у першую чаргу – у сацыяльнай.
Абмен дэлегацыямі ў галінах культуры, спорту і адукацыі, больш цеснае знаёмства з эканамічнымі ўмовамі Маларыцкага раёна і польскага горада Мендзыжац-Падляскі, арганізацыя бізнес-сустрэч і сустрэч дзелавых колаў – менавіта з такімі прапановамі прыехалі польскія госці. Падпісаўшы дагавор аб супрацоўніцтве, польскі бок прыпаднёс першае запрашэнне на ўдзел беларускай дэлегацыі ў фестывалі “Лапа – мендзыжацкія сляды маладзёжнай творчасці”, які будзе праводзіцца на прыканцы лютага. Падобныя фестывалі, як тлумачылі прадстаўнікі польскай дэлегацыі, плануецца праводзіць у Мендзыжацы-Пад­ляскім, які, як яны спа­дзяюцца, стане цэнтрам еўрапейскай маладзёжнай культуры, кожны месяц, і ўдзельнічаць у іх будуць маладзёжныя каманды з розных гарадоў Польшчы, а таксама з Літвы, Латвіі, Германіі, Беларусі і Украіны. У сакавіку пройдуць музычныя сустрэчы, на пачатку мая збяруцца ра­зам мастакі-фатографы, напрыканцы мая пройдзе фестываль для аматараў выяўленчага мастацтва. Вынікам цеснага супрацоўніцтва стане вялікі фестываль культуры, які запланаваны на верасень.
З задавальненнем польская дэлегацыя наведала новы спартыўны аб’ект нашага горада. Пабываўшы у вялікай спартыўнай зале, у цудоўным басейне і на занятках у трэнажорнай зале, прадстаўнікі дэлегацыі падзяліліся сваімі ўражаннямі і падпісалі яшчэ адзін дагавор – аб супрацоўніцтве гарадскога цэнтра спорту і адпачынку горада Мендзыжац-Падляскі з дзіцяча-юнацкай спартыўнай школай горада Маларыты, запрасіўшы адразу дзіцячую футбольную каманду нашага горада ў Польшчу, на турнір па футболу.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКАХ: у час падпісання дагавора аб супрацоўніцтве; польская дэлегацыя ў час наведвання спартыўнага комплексу.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Добавить комментарий


https://www.best-cooler.reviews

у нас www.booker.in.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!