АФІЦЭР, ЧАРНОБЫЛЕЦ, АФГАНЕЦ, ПЕДАГОГ

Васіль Шалашоў, майстар вытворчага наву­чання Маларыцкага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці, паглыблены ў свае думкі, няспешна ішоў на працу ў афіцэрскім мундзіры. На ім час ад часу пазвоньвалі медалі і ордэн Чырвонай Зоркі. Васіль Аляксандравіч, падпалкоўнік запасу, цяпер апранае мундзір не часта. Не любіць ён выстаўляць заслугі мінулага напаказ. Каб у мундзіры з узнагародамі прайсціся па горадзе, павінна быць сур’ёзная прычына.

  

 

Калегі і навучэнцы з’яўленне Васіля Шалашова на дворыку ўстановы адукацыі сустрэлі апладысментамі. Ён стаяў на лінейцы і трошкі хваляваўся. Калі Аляксандр Праўдзін, ваенны камісар Маларыцкага раёна, называючы яго імя і прозвішча, папрасіў падысці і атрымаць памятны знак “За мужнасць. 1986-2016. 30 гадоў”,  які зацверджаны ва Украіне,  а перададзены ваенным камісарыятам Ратнаўскага раёна, то нават не паверыў.

Чарнобыль, як і афганская вайна, пакінулі не толькі пачэсныя дзяржаўныя ўзнагароды на мундзіры Васіля Аляксандравіча, але і глыбокі душэўны боль, нясцерпныя пакуты, шрамы на сэрцы, якія аніяк не загойваюцца з часам. А яшчэ пакутлівыя ўспаміны, якія хочацца як найглыбей схаваць у душы. Але яны, як надакучлівыя пчолы, пастаянна раяцца, джаляць горкай і жахлівай праўдай мінулага.

Нарадзіўся і вырас Васіль на станцыі Сімская, што ў Чалябінскай вобласці. Хлопчык быў як хлопчык.  Самы звычайны і непрыкметны на першы погляд. Але Васіль з маленства жыў адзінай  марай – стаць ваенным. Магчыма, на гэта паўплывала тое, што яго бацька быў кармавым стралком-радыстам на бамбардзіроўшчыку Іл-28. Канчатковае рашэнне звязаць жыццё з ваеннай службай юнак прымае ў 9 класе і пачынае штодзень узмоцнена займацца спортам,  сур’ёзна рыхтавацца да кожнага школьнага ўрока.

Пасля заканчэння школы ён падае дакументы ў Тамбоўскае вышэйшае ваеннае каманднае вучылішча хімічнай абароны.

У паслужным спісе Васіля Шалашова – служба ў Прыволжскай, Туркестанскай, Беларускай ваенных акругах,  а таксама ў групе савецкіх войск у Германіі на роз­ных пасадах: ад камандзіра ўзвода апрацоўкі ўзбраення і тэхнікі — да начальніка хімічнай службы. Усюды і заўсёды ён праяўляў разумную ініцыятыву, адказна ставіўся да выканання пастаўленых перад ім задач. Васіль Аляксандравіч па жыцці чалавек прынцыповы, дысцыплінаваны,  сумленны.

*  *  *

26 красавіка 1986 года на Чарнобыльскай атамнай станцыі адбылася аварыя. Выбухнуў яе чацвёрты энергаблок.

-Пятага мая я быў ужо ля таго рэактара, — успамінае Васіль Шалашоў. — У тры гадзіны раніцы нас паднялі па “трывозе”. Самалётам тэрмінова вылецелі ў Куйбышаў, адтуль – у Кіеў, а з Кіева накіраваліся ў Чарнобыль. Пра аварыю на ЧАЭС інфармацыі было мала,  дакладней, яна практычна адсутнічала. А вось якую небяспеку тоіць у сабе радыяцыя, добра ведаў і, як спецыяліст, разумеў: калі задзейнічана армія, значыць, здарылася нешта жахлівае і маштабнае. У Чарнобылі я быў прызначаны камандзірам роты радыяцыйнай разведкі. Кожную раніцу строга фіксаваліся дозы, якія атрымліваў асабовы састаў. І калі высвятлялася, што нехта набіраў дозу 25 рэнтген і больш, яго адразу мянялі. Даводзілася прачынацца ў 3 гадзіны, затым да 7 гадзін вялі радыяцыйную разведку ў непасрэднай блізкасці ад рэактара. Было 25 кропак замеру, адна з іх — ля рэактара. Я быў ад яго на адлегласці прыкладна 90 – 100 метраў.

У Чарнобыльскай зоне Васіль Аляксандравіч зна­ходзіўся больш за 2 месяцы. Набраўшы дозу, ён з пасады камандзіра роты быў пераведзены на такую ж  пасаду па-за зонай.

— У Чарнобыльскай зоне мы праводзілі дэзактывацыю дамоў, вуліц. Давялося пабачыць шмат дзіўнага, невытлумачальнага, на першы погляд, жахлівага: лысых кароў,  коней,  катоў,  сабак… Усе яны, як дзікія, бегалі зграямі. Іх адстрэльвалі, закопвалі ў магільнікі, потым залівалі ўсё бетонам. На свае вочы бачыў мутацыйныя клубніцы, розныя ягады,  яблыкі,  грушы… Яны былі нязвыкла вялікія па памерах.

Большасці з тых,  хто быў ра­зам  з Васілём Шалашовым побач з рэактарам,  сёння ўжо няма на гэтым свеце.  Хто ж  яшчэ жывы —  змагаецца з хваробамі і душэўнымі пакутамі. А ён трымаецца.

* * *

Амаль праз год пасля Чарнобыля жыццё зноў экзаменуе Васіля Аляксандравіча на трываласць, раўнавагу, чалавечнасць.

У біяграфіі яго “афганская” старонка “расцягнулася” амаль на два гады.

— Я не лічу, што яны былі выкраслены з майго жыцця, — кажа мой субяседнік. – Гэта хоць і жорсткая школа, але яна выдатна выпрабоўвае ў першую чаргу на чалавечнасць у крытычна невыносных сітуацыях, прымушае задумацца, для чаго мы жывем на зямлі,  пераконвае ў неабходнасці цаніць, берагчы мір і тое, што створана працай рук кожнага з нас.

На чужой зямлі перажыць давялося вельмі многае. Вайна не можа быць без крыві і смерці. Усё давялося пабачыць на свае вочы. Аднак, калі Радзіма туды накіравала, значыць, так трэба. Загады, якімі б яны ні былі, не абмяркоўваюцца, яны выконваюцца.

Васіль Шалашоў прымаў удзел у многіх баявых дзеяннях на тэрыторыі Афганістана, у тым ліку – у аперацыях “Памір” і “Поўнач-88”. У верасні 1988 года ён кіраваў групай агнямётчыкаў падчас баявых дзеянняў ва ўездзе Пагман. Быў знішчаны склад боепрыпасаў,  тры кулямётныя кропкі. Васіль Аляксандравіч, рызыкуючы жыццём, зрабіў 17 рэйсаў па маршруце Кабул – Хайратон – Кабул. Дзевяць раз калоны былі абстраляны рэактыўнымі снарадамі. У снежні 1988г. калона, якую суправаджаў маёр Шалашоў, ля населенага пункта Карабаг была абстраляна з мінамётаў. Толькі дзякуючы імгненна прынятым правільным рашэнням Васіля Аляксандравіча, асабовы састаў і тэхніка не пацярпелі.

— У гарачай кропцы я сумаваў па  мясцінах, дзе прайшло маё маленства, па родным доме, — кажа Васіль Шалашоў. — Іншая краіна – іншая культура, што-дзённы побыт, клімат, людзі… З гэтым цяжка звыкнуцца.  Жыць і ваяваць у скалах і далінах Афганістана было нялёгка. Тым больш,  што практычна на кожным кроку і кожную хвіліну падсцерагала смерць. А калі табе толькі пад 30, так хочацца жыць, кахаць і быць каханым! Паўтаруся, што афганская вайна — своеасаблівы этап  сталення, сур’ёзная школа загартоўкі. Мне, як мужчыну, гэта было неабходна.

*  *  *

Яшчэ адна старонка жыцця Васіля Шалашова – педагагічная – пачалася пасля выхаду ў запас. Між  іншым,  з ваеннай службы ён быў звольнены з правам нашэння ваеннай формы.

У Маларыцкім прафесійным ліцэі сельскагаспадарчай вы­твор­часці Васіль Аляксандра­віч стаў працаваць з верасня 2011 года загадчыкам аддзялення механізацыі. Праз два гады па ўласным жаданні быў пераве­дзены на пасаду майстра вытворчага навучання. Адначасова ён стаў выкладаць ваджэнне на аўтамабілі.

— Васіль Аляксандравіч, чаму Вам не сядзелася на заслужаным адпачынку?

— Ведаеце, так хацелася яго дачакацца ў свой час. Але без працы, аказалася, што  жыццё зусім не тое: нешта страчвалася, гублялася, знікаў звыклы парадак у душы. Неяк злавіў сябе на думцы, што я чалавек у пэўнай ступені нават нешчаслівы,  бо не працую. Думкі, развагі,  жаданне быць карысным іншым і прывялі ў Маларыцкі прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці.

Алена Талашка, намеснік дырэктара ліцэя па вучэбна-вы­творчай рабоце,   падкрэсліла,   што Васіль Шалашоў – прырод­жа­ны педагог, надзелены ўнікальнай якасцю зара­джаць сваімі ідэямі, пазітыўнымі эмоцыямі дзяцей. Ён умее знайсці падыход да кожнага свайго навучэнца, падабраць і прымяніць самыя эфектыўныя метады, прыёмы і сродкі навучання і выхавання. На першае месца ў сваёй педагагічнай дзейнасці Васіль Аляксандравіч ставіць асобу таго, з кім працуе.

— Выхоўваць імкнуся перш за ўсё пачуццё патрыятызму і любоў да Радзімы, таго краю, дзе нарадзіўся і вырас, гонару за яго, а таксама павагу да бацькоў,  беражлівыя адносіны да ўсяго жывога, — гаворыць Васіль Аляксандравіч. – Перад тым, як нешта зрабіць,  неабходна прадбачыць таксама і магчымыя вынікі, асэнсаваць іх. У жыцці я прытрымліваюся прынцыпаў “Не падмані, не нашкодзь неабдуманым словам, учынкам”. Самае балючае – здрада блізкага чалавека, сябра. Рыхтую навучэнцаў да таго, што часта ў жыцці добрае і дрэннае пазнаецца праз боль няўдач і памылак. І,  канечне ж, сваю “навуку” заўсёды імкнуся падмацоўваць  канкрэтнымі прыкладамі.

*  *  *

— Васіль Аляксандравіч, а як памятны знак знайшоў героя?

— Пасля выхаду ў запас усе неабходныя дакументы на мяне былі высланы ў той ваенкамат, адкуль прызываўся – у г.Запарожжа. Калі і кім было прынята рашэнне аб узнагароджанні памятным знакам, мне невядома. Аднак падчас чарговага знаходжання ў родным горадзе маці паказала мне дзве павесткі,  якія прыйшлі на маё імя. У іх было запрашэнне з’явіцца ў ваенкамат. Адразу чамусьці падумалася, што мяне хочуць прызваць на службу ў зону правядзення антытэрарыстычнай аперацыі. Пасля памятны знак быў накіраваны ў г.Ратна,  дзе яго забраў Алег Шышацкі, былы ваенны камісар раёна. А  1 верасня ён упрыгожыў мой мундзір.

  Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.