Малінавае каханне

На Малінаўку паволі апускаўся вечар. Ціхі, цёплы, росны. У ваколіцах вёскі разліваўся туманок, а ў небе ўжо загараліся першыя зоркі. Ледзь улоўна з другога канца вёскі даносіўся тонкі дзявочы галасок, які мацнеў, станавіўся гучнейшым. Трошкі пазней пачуліся вясёлыя гукі гармоніка. Нехта стаў падпяваць басам. А потым стала добра чутна, што спявае гурт з некалькіх чалавек. Смех, шум. Вуліцаю пешшу ішло вяселле. Вяскоўцы гурбою павысыпалі з хат, каб паглядзець на маладую і маладога. Было гэта 1 мая 1973 года. Марыя Сямёнаўана Ніканчук жаніла сына Анатоля (яго бацькі, Фёдара Кірылавіча, ужо не было на гэтым свеце).
— Тая вясна і сапраўды была незвычайнай і памятнай, — успамінае Вера Ніканчук. – Як ніколі, тады ўсё зацвіло адначасова: бэз, чаромха, яблыні, вішні… Водар п’яніў, кружыў галаву. Я была на сёмым небе ад шчасця, бо стала жонкаю таго, каго так кахала.
— Вяселле ў Малінаўцы гудзела тры дні, — усміхаецца Анатоль Ніканчук. — Гасцей было многа. ”Чым іх больш, тым больш шчасця”, — казалі старажылы, абапіраючыся на свой жыццёвы вопыт. Мая бабуля, Марыя Васільеўна, і маці, магчыма, з гэтага і зыходзілі, бо на вяселле былі запрошаны не толькі радня і суседзі, але, без перабольшання, амаль палова вяскоўцаў.
Маладую, Веру Фёдараўну, за кароткі час паспелі ўжо многія палюбіць у вёсцы. Добрая, шчырая, чуйная да чужой бяды, яна не магла прайсці міма, каб хоць нечым не дапамагчы. Парадаю, справаю. І да дарослых умела падысці, і да дзіцячых душ  хутка знаходзіла ключык. Многія па-добраму зайздросцілі яе мужу.
Дзяўчынка нарадзілася і вырасла ў в.Бабчын Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці. У сям’і была старэйшаю. З маленства ва ўсім дапамагала бацькам па гаспадарцы. Асабліва любіла хадзіць у грыбы з Міколам Мятліцкім, стрыечным братам па мацярынскай лініі, які быў меншым за яе на 4 гады (цяпер ён – вядомы пісьменнік, галоўны рэдактар літаратурна-мастацкага і грамадска-палітычнага часопіса “Полымя”). У роднай вёсцы закончыла сярэднюю школу. А потым надумала і павезла за сотні кіламетраў падаваць дакументы ажно ў Брэсцкі педагагічны інстытут на фізіка-матэматычны факультэт. Чаму? Пытанне, якое не мае дакладнага адказу. Аднак не паступіла. Цётка, якая настаўнічала ў Макранскай школе, уладкавала яе сюды працаваць выхавальнікам групы падоўжага дня.  На біяфак брэсцкай ВНУ паступіла на наступны год. А з 1970г. у Антаноўскай васьмігадовай школе стала выкладаць матэматыку і нямецкую мову. Вось тут і закруціўся раман з ім, Анатолем.
Хлопец родам з Малінаўкі. Яго бацька, Фёдар Кірылавіч, быў дырэктарам  мясцовай васьмігодкі, а маці, Марыя Сямёнаўна, загадвала вясковай бібліятэкай. Закончыўшы Чарнянскую сярэднюю школу, падаў дакументы на гістарычны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута імя М.Горкага. Але ўдача не ўсміхнулася. Каб не губляць дарэмна час, стаў працаваць настаўнікам фізічнай культуры ў Радзежскай СШ. Затым была служба ў арміі. Прыбалтыйская ваенная акруга. Ракетныя войскі. Вільнюс. Юнак і тут здолеў сябе праявіць. За добрасумленную службу сяржант Ніканчук узнагароджаны Ганаровай граматай, і яго прозвішча занесена ў Кнігу пашаны часці. Пасля заканчэння тэрміну службы прапанавалі пасаду старшыны дывізіёна, але адмовіўся. Асноўная прычына – маці не дала на такое згоды. А яе аслухацца для сына – гэта здрада. Слова маці – закон, парушыць яго – злачынства. Не хацеў Анатоль хоць чымсьці засмучаць самага роднага чалавека. Між іншым, менавіта па гэтай жа прычыне ён так і не паступіў вучыцца ў Вільнюскае вышэйшае вучылішча сувязі. А так хацелася стаць ваенным.
Пасля арміі Анатоль адразу стаў працаваць настаўнікам фізічнай культуры ў Малі­наўскай васьмігодцы, а праз некаторы час быў пераве­дзены ў Антаноўскую школу на такую ж пасаду. Тут яны, Анатоль і Вера, упершыню і сустрэліся 1 верасня. На ўрачыстай школьнай лінейцы, прысвечанай новаму навучальнаму году. На ўсю школу адзіным мужчынам дагэтуль быў дырэктар школы. А тут з’явіўся яшчэ адзін. Малады, прыгожы, статны, культурны і выхаваны. Уся ўвага яму. Дзяўчаты-настаўніцы з першага дня так і акружылі хлопца, ходу не давалі.
-А я як бы нават і разгубіўся спачатку, — прызнаецца Анатоль Фёдаравіч. – Не ведаў, што рабіць, як правільна паступіць, каму аддаць перавагу. Сярод іх неяк ціха стаяла Вера. Менш за ўсіх звяртала на мяне ўвагі. Як бы чаго баялася ці саромелася. На яе і паклаў вока. Захацелася дзяўчыну разгадаць, бо для мяне яна тады была таямніцай.
-У мяне ў той час хлопец быў, якраз службу праходзіў у арміі, — успамінае Вера Фёдараўна. – Некаторы час з ім сябравала, былі ўжо складзены планы на будучае. Таму  Анатоль спачатку амаль ніякай цікавасці не выклікаў. Сэрца займаў іншы. Але назіраючы за ім, пераканалася, што ў яго добрае сэрца і адкрытая душа.
-А Вера была прыгожай, — кажа Анатоль Фёдаравіч, — як паненка пекная. Зачароўваўся  ёю не раз употайкі, бо да прыгажосці не быў абыякавым. Вера прываблівала сваёй натуральнасцю і прастатою ва ўсім. (Першы раз яна падмалявала вусны, калі нарадзіўся другі сын).
Новы навучальны год маладая пара пачынала ў Чарнянскай СШ. Ён – выхавальнікам групы падоўжанага дня, яна – настаўніцай хіміі і біялогіі. Стараліся працаваць сумленна, самааддана. У лютым 1975 г. Анатолю Ніканчуку прапанавалі пасаду сакратара Чарнянскага сельскага Савета. Ён згадзіўся і да ліпеня 1978г. шчыраваў там. Але цягнула школа, вабіла, клікала. Яна не адпускала і пастаянна напамінала пра сябе. Душою Анатоль Фёдаравіч заўсёды быў з дзецьмі, жыў іх клопатамі і турботамі. Таму адважваецца яшчэ раз паступаць вучыцца ў ВНУ. На гэты раз мара збылася. Хутка дыплом настаўніка быў у кішэні. Анатоль Ніканчук вырашае канчаткова вярнуцца ў школу.
-Я аб гэтым не шкадую, — пераканаўча сцвярджае Анатоль Ніканчук. — Думаю, што зрабіў правільны выбар.
Анатоль і Вера Ніканчукі будавалі і сваё сямейнае шчасце разам. Умацоўвалі падмурак узаемнага шлюбнага шчасця дзеці. Сыны Вадзім і Андрэй. Між іншым, яны абодва сярэднюю школу закончылі з залатымі медалямі. Старэйшы, Вадзім, зараз жыве і працуе ў г.п. Высокае, меншы, Андрэй, — у Маларыце. Пра бацькоў хлопцы памятаюць заўжды, клапоцяцца пра іх, дапамагаюць. Сям’я Ніканчукоў часта збіраецца разам, каб параіцца, абмеркаваць бягучыя пытанні, знайсці выйсце з розных жыццёвых сітуацый. Бацькоўскі ачаг сагравае, дае сілы, падбадзёрвае, з’яўляецца арыенцірам у жыцці. Вера Фёдараўна і Анатоль Фёдаравіч для сваіх дзяцей і 4 унукаў – прыклад ва ўсім, бясспрэчны аўтарытэт.
-Што такое сапраўднае каханне? – перапытвае Анатоль Фёдаравіч і задумваецца. — Я адказаў бы так. Паўсядзённае жыццё ва ўсіх яго праявах. Бываюць і ўзлёты, і падзенні ў ім. Жывы ж чалавек. Усякае можа здарыцца, таму неабходна ўмець дараваць, прабачаць, з разуменнем ставіцца да таго, з кім разам ідзеш па жыццёвай сцежцы. Усё гладка бывае толькі ў серыялах. І ніякіх папрокаў. Асабліва – на пачатку сумеснага жыцця. Бо ў каханні, як і ў прыродзе, першыя халады найбольш адчувальныя. Нядаўна недзе прачытаў, што шлюб — гэта салдацкая дысцыпліна, надзвычайнае цярпенне, верх дыпламатыі, ніз дэмакратыі. Я яшчэ дадаў бы, што гэта – еднасць душ, мудрасць двух сэрцаў, якія б’юцца ў адзін такт, дзе неабходны вопыт і веды, уменне ісці на кампраміс. Шлюб – зямны рай, своеасаблівы свет, які будуюць ён і яна,  дзе кожны мае роўную адказнасць за ўсё, што робіць.
Хутка 38 гадоў, як Ніканчукі разам. А, здаецца, што ўчора быў той незвычайны май, тое вяселле ў Малінаўцы.
P.S. Вера Фёдараўна і Анатоль Фёдаравіч працуюць у Чарнянскай СШ, перадаюць свой багаты вопыт, веды маладому пакаленню, вучаць быць сапраўднымі людзьмі, шчырымі і адкрытымі. Яны які год сеюць разумнае, добрае, вечнае. Між іншым, Анатоль Ніканчук з 1997 па 2007г. дырэктарстваваў у мясцовай школе. А з 1 лютага ён зноў выконвае абавязкі дырэктара Чарнянскай СШ.
Мікалай НАВУМЧЫК.

Добавить комментарий


www.generico-pro.com

http://np.com.ua

https://avtomaticheskij-poliv.kiev.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!