Каб пастукацца ў тыя дзверы

На базе раённай гімназіі адбыўся абласны семінар “Арганізацыя работы з вучнямі агульнаадукацыйных устаноў па прафесіянальнай адукацыі”. Яго арганізатарамі выступілі: упраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, Брэсцкі абласны інстытут развіцця адукацыі і аддзел адукацыі Маларыцкага райвыканкама. Мерапрыемства праводзілася для спецыялістаў аддзелаў адукацыі розных узроўняў, з удзелам прадстаўнікоў усіх вышэйшых навучальных устаноў вобласці. На працягу чатырох гадзін (было заслухана 10 выступленняў) вялася шчырая, змястоўная і зацікаўленая размова аб прафарыентацыйнай рабоце сярод вучняў.
-Правільна вызначыцца з прафесіяй, — гаварыла Таццяна Лаўрэенка, начальнік РАА, — надзвычай важны і адказны крок у жыцці чалавека. Бо яна для кожнага з нас — свайго роду лёс. У пераважнай большасці прафесія выбіраецца раз і назаўжды. Каб правільна вызначыцца са сваім будучым працоўным жыццём, неабходна затраціць шмат часу,  многае ўзважыць, правільна разлічыць свае сілы. Трэба грунтоўна, беспамылкова, загадзя ўсё спланаваць, спрагназаваць разам дзецям і іх бацькам.
На Маларытчыне добра пастаўлена пытанне прафесійнай арыентацыі вучняў. Гэта не раз падкрэслівалася падчас семінара. Што ж   робіцца ў гэтым накірунку? У 2010-2011 навучальным годзе ва ўстановах адукацыі раёна навучаецца 3282 вучні. На базе школ функцыянуе 186 гурткоў розных накірункаў, якія ахопліваюць 72,3% чалавек. У 8 установах адукацыі арганізавана 10 гурткоў тэхнічнай творчасці (у іх займаецца 136 вучняў), у 11 школах — 14 гурткоў па абслуговай працы (наведвае 173 чалавекі). У дашкольных установах функцыянуе 89 гурткоў, у іх налічваецца 1107 дзяцей. У рамках рэгіянальнай праграмы “Досуг” пры Цэнтры пазашкольнай работы арганізавана 93 гурткі,  дзе займаецца 1030 чалавек. На базе 6 школ, якія знаходзяцца ў прыгранічнай зоне, дзейнічаюць атрады “Юных сяброў пагранічнікаў”, у многіх установах адукацыі існуюць атрады юных інспектараў дарожнага руху. Яшчэ адзін накірунак дзейнасці – ваенна-патрыятычныя класы і класы МНС, а таксама падрыхтоўка трактарыстаў-машыністаў катэгорыі “А”. Спрыяюць праф­арыентацыі факультатыўныя заняткі, штогадовыя навукова-практычныя канферэнцыі “Дзеці. Творчасць. Інтэлект”, удзел у міжнародных інтэлектуальных конкурсах “Зубраня”, “Буслік”, “Каласок” і інш.
— Галоўнае на сённяшні дзень, гаварыла Ірына Чоўжык, намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, – пра­цаўладкаваць ўчарашняга вучня,  дапамагчы яму стаць на ногі, знайсці сваё месца ў жыцці. У нашай краіне ў пашане і рабочыя прафесіі. У многім менавіта ад іх залежыць наш дабрабыт. А  вышэйшую адукацыю можна набываць і на завочнай форме навучання.
На Маларытчыне ёсць адрасы, дзе добра пастаўлена прафарыентацыйная работа. Прыкладам гэтаму можа служыць Лукаўская СШ. Яе дырэктар, Тамара Сцепанюк, падзялілася вопытам работы па пытанні супрацоўніцтва школы, сям’і і СВК у накірунку арганізацыі прафарыентацыйнай дзейнасці.
У рабоце семінара таксама прынялі ўдзел: Вадзім Шпетны, намеснік старшыні райвыканкама, і Анатоль Наскоў, начальнік аддзела агульнай сярэдняй адукацыі ўпраўлення адукацыі аблвыканкама.
Р.S. Для ўдзельнікаў мерапрыемства ў актавай зале была арганізавана выстава работ гурткоўцаў раёна і метадычных напрацовак настаўнікаў.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: у час правядзення абласнога семінара.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.