ДАБРАБЫТ ВЯСКОЎЦАЎ У ІХ ЖА РУКАХ

За мінулы год СВК “Ляхаўцы” не змог справіцца з пастаўленымі задачамі, амаль па ўсіх асноўных паказчыках спрацаваў з мінусам. Тэмп росту вытворчасці валавой прадукцыі, напрыклад, склаў толькі 94,7% пры заданні 109%. Знізілася прадуктыўнасць кароў. Шчыльнасць жывёлы на 100 га склала ўсяго 49 галоў. Рэнтабельнасць малака, не гаворачы пра мяса, аказалася ў мінусе. Зусім нізкай была ўраджайнасць кукурузы на корм, бульбы і г.д. У чым прычыны павальнага спаду і суцэльных мінусаў, што перашкаджала рабоце, як паправіць справы, як палепшыць якасць жыцця – пра гэта гаварылі на справаздачным сходзе.
Аляксандр Скур’ят, старшыня сельгаскааператыва.
Даклад кіраўніка быў аналітычным і самакрытычным. Аляксандр Іванавіч не здымае віну ў першую чаргу з сябе як старшыні,  што не ўдалося справіцца з пастаўленымі задачамі. У сваім выступленні ён зрабіў работу над памылкамі, якія найперш у няправільным падыходзе спецыялістаў да арганізацыі работы сваіх падначаленых.
— Трэба правільна прааналізаваць свае веды, — звяртаўся ён да спецыялістаў, — і накіраваць іх у патрэбнае рэчышча. І толькі тады, калі будуць вынікі, вас ацэніць калектыў. Бо без паказчыкаў не будзе дастойных заработкаў. У сваім выступленні Аляксандр Скур’ят звярнуўся і да тых маладых жыхароў Отчына, Ляхаўцаў, якія лічаць,  што,  не працуючы,  можна пражыць,  п’юць і коцяцца на дно. Паказчыкі гаспадаркі, прызнаваўся ён, адны з самых горшых у раёне, і вінаваціць тут трэба не надвор’е, а саміх сябе. Няправільна арганізоўвалі работу тэхнікі, не захоўвалі тэхналагічную дысцыпліну на палях і фермах. Інакш, як, напрыклад, растлумачыць той факт, што на ферме з даільнай залай высокагатунковага малака атрымлівалі менш, чым на ферме, дзе дояць у вёдры?  Недапрацоўкі выліліся ў вялікія страты. Старшыня назваў паказчыкі, на якія трэба арыентавацца сёлета. І калі не будуць перагледжаны адносіны да зямлі, да справы кожнага, выбраныя арыенціры будуць недасягальныя.
Іван Панчук, галоўны аграном.
— Атрымалася тое, што атрымалася, — гаварыў Іван Іванавіч, — і гэта нас не ўпрыгожвае. Былі часы, калі ў гаспадарцы ўраджайнасць бульбы дасягала 300 цэнтнераў, летась атрымана толькі 109.
СВК “Ляхаўцы” ўвайшоў у рэспубліканскую праграму па вырошчванні бульбы, згодна з якой сёлета ў Ляхаўцах будзе будавацца бульбасховішча на 3 тысячы тон, і працаўнікам давядзецца прыкласці нямала намаганняў, каб атрымаць 2500 тон “другога хлеба”, яшчэ і іншую гародніну пакласці ў засекі. Праблемы Іван Іванавіч бачыць у меліярацыі зямель. Яна,  меліярацыя,  праводзілася ў гэтай гаспадарцы вельмі даўно, большасць такіх земляў прыйшла ў непрыгоднасць. Трэба мяняць зямельныя плошчы, з-за чаго і не дабіраецца прадукцыя.
Сяргей Касцевіч, дырэктар Ляхавецкай СШ.
— Гаварыць асобна пра школу і гаспадарку нельга. Бацькі нашых вучняў – у асноўным работнікі СВК. Нам удалося  наладзіць добрыя сяброўскія адносіны. Мы адчуваем дапамогу з боку СВК у плане забеспячэння школ гароднінай, што робіць харчаванне дзяцей значна таннейшым, нам выдзяляюць тэхніку для прачысткі пад’ездаў да школы і інш. Дзеці ж  у сваю чаргу дапамагаюць гаспадарцы, працуюць на сельгасработах. Такое супрацоўніцтва толькі на карысць.
Барыс Самасюк, старшыня Макранскага сельвыканкама:
— Сёння мы не цэнім тое, што маем. У вёсцы добры клуб, добрыя ўмовы тут для працы  яго работнікаў і адпачынку вяскоўцаў. Сёлета вырашаюцца пытанні газіфікацыі вёскі, асфальтавання дарогі, што злучае Ляхаўцы з райцэнтрам. Сацыяльныя стандарты тут амаль усе выкананы. Але, на жаль, адзначыў Барыс Раманавіч, вёска пакуль не стала прыкладам санітарнага парадку. Многія вяскоўцы не выконваюць патрабаванні па санітарнаму стану сваіх падворкаў. А тут нярэдка праводзяцца семінары розных узроўняў, і падчас бывае вельмі няёмка перад іх удзельнікамі за непрывабныя тэрыторыі ля дамоў вяскоўцаў. Барыс Раманавіч агучыў лічбы, якія сведчаць, што і сямейна-бытавая абстаноўка не зусім спрыяльная. 55 чалавек злоўжываюць спіртным. У гаспадарцы працуюць 2 абавязаныя асобы, 5 чалавек з ліку былых асуджаных. Ён называў прозвішчы тых, хто п’е, неспрыяльныя сем’і. Прыклад таго, што падлетак з адной неспрыяльнай сям’і, якой СВК выдзеліў домік, пабудаваны згодна з прэзідэнцкай Праграмай, за год учыніў 6 правапарушэнняў, сведчыць: сапраўды мы не цэнім тое, што маем.
Сяргей Бубніковіч, намеснік начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях:
— Летась у Ляхаўцах, на шчасце, не было пажараў. Але ж  жыхары не заўжды пільныя пры эксплуатацыі печак, праяўляюць няўвагу і неасцярожнасць. Агонь жа, на жаль, не ацэньвае ўзровень матэрыяльнага дастатку, дабрабыту, якія здабываюцца нялёгкай працай вяскоўцаў, і можа ў лічаныя хвіліны ўсё гэта знішчыць.
Сяргей Бубніковіч назваў сем’і, дзе дзяцей нярэдка пакідаюць без нагляду, а гэта значыць, на крок ад бяды, прозвішчы тых грамадзян, што ігнаруюць патрабаванні правілаў пажарнай бяспекі. Прадстаўнік пажарна-выратавальнай службы заклікаў працаўнікоў СВК, каб кожны на сваім рабочым месцы захоўваў правілы тэхнікі бяспекі.
Мікалай Басалай,  старшыня абласнога аб’яднання прафсаюзаў.
 Мікалай Іванавіч раздзяліў заклапочанасць кіраўніка гаспадаркі ў тым, што калектыў не змог спрацаваць лепш. А гэта магло б палепшыць сацыяльныя гарантыі працаўнікоў – аплату працы, аздараўленне і г.д. Ён падзякаваў і кіраўніцтву гаспадаркі, і яе прафсаюзнай арганізацыі за тое, што тут добра выконваецца калектыўны дагавор.
— Нельга эканоміць, — падкрэсліваў Мікалай Іванавіч, — на здароўі і жыцці працаўнікоў. Тых, хто працуе на ўчастках са шкоднымі ўмовамі, трэба забяспечыць аздараўленнем на працягу двух тыдняў за кошт сродкаў наймальніка. Такі пункт прафсаюзны кіраўнік вобласці прапанаваў запісаць у калектыўны дагавор і выконваць яго.
Пётр Губей, старшыня раённага Савета дэпутатаў.
Пётр Вікенцьевіч паведаміў удзельнікам сходу, што згодна з распрацаванай праграмай “Чыстая вада” ў Ляхаўцах з’явіцца водаправод агульнай працягласцю 6 кіламетраў і запланавана будаўніцтва станцыі абезжалезвання вады на тэрыторыі СВК “Ляхаўцы”. Не абмінуў ён і “газавае пытанне”,  у прыватнасці, стварэнне кааператываў з мэтай хутчэйшага падключэння да газаправоду жылых дамоў ляхаўчан.
Вячаслаў Федзюковіч, начальнік райсельгасхарчу.
Каб лепш уяўляць работу калектыву СВК у параўнанні з іншымі гаспадаркамі, Вячаславу Іларыёнавічу дастаткова было назваць вось гэтыя лічбы: удзельная вага СВК “Ляхаўцы” ў структуры вытворчасці прадукцыі на 1 сярэднегадавога работніка складае ўсяго 6%, а ў структуры выручкі прадукцыі – 6,2%. Гаспадарка не адчувае недахопу ў працоўных рэсурсах, а вось належных адносін да зямлі, навядзення элементарнага парадку тут няма. Ён адзначыў грунтоўнасць аналізу, зробленага ў справаздачным дакладзе страшынёй, заклікаў кожнага працаўніка зрабіць работу над сваімі памылкамі і выказаў занепакоенасць, што пачатак года – студзень – не парадаваў ляхаўчан вынікамі.
— Ваш дабрабыт – у вашых жа руках,  і вы пра гэта павінны памятаць кожны дзень, — гаварыў Вячаслаў Федзюковіч.
***
Не абышлося на сходзе без прыемных момантаў.
Рашэннем яго прозвішчы 10 лепшых працаўнікоў сельгаскааператыва будуць занесены на Дошку гонару. Вялікая група жывёлаводаў, механізатараў, вадзіцеляў і маладых спецыялістаў праўленнем гаспадаркі была маральна і матэрыяльна заахвочана. Імпанавала тое, што і кіраўніцтва, і прафсаюзная арганізацыя падзякавалі пенсіянерам за дапамогу, а напярэдадні Дня памяці  воінаў-інтэрнацыяналістаў не забылі пра былых воінаў-афганцаў, якія жывуць і працуюць у Ляхаўцах. Цудоўным падарункам стала для ўсяго калектыву выступленне народнага тэатра песні і гумару “Хмелеўскія валацугі” з Жабінкаўскага раёна.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: Аляксандр СКУР’ЯТ дзякуе лепшым за добрую працу.
Фота аўтара.

Добавить комментарий


www.yarema.ua

www.all-diplomer.com/diplom-2017-goda/

www.oncesearch.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!