Пачулі, убачылі, параўналі

Маларытчына і Ратнаў­шчына суседняй з намі Украіны заўжды былі звязаны цеснай дружбай. Нездарма кажуць: “Сусед мой – першы госць”. У кастрычніку 2009 г. у райвыканкаме было падпісана Пагадненне паміж кіраўнікамі двух раёнаў, якім прадугледжана супрацоўніцтва ў сферы прамысловасці, сельскай гаспадаркі, адукацыі, культуры, спорту і ў іншых галінах. Гэта паклала пачатак новага этапа больш цесных добрасуседскіх і партнёрскіх адносін.
Гэтымі днямі дэлегацыя Ратнаўскага раёна на чале з кіраўніком райдзяржадміністрацыі Валерыем Трыкашам наведала Маларытчыну.
У райвыканкаме адбылася грунтоўная і зацікаўленая размова. Першы намеснік старшыні райвыканкама Вячаслаў Федзюковіч расказаў гасцям пра развіц­цё аграрнага сектара ў раёне. Намеснікі старшыні райвыканкама Эдуард Кан­дзярэшка і Вадзім Шпетны, начальнік РАА Таццяна Лаўрэенка адказалі на пытанні ўкраінскіх гасцей. А пытанняў было шмат. Нашых гасцей цікавіла,  ці ёсць у раёне замежныя інвестыцыі, як яны прыцягваюцца на мясцовым узроўні, якія льготныя крэдыты выдзяляюцца на будаўніцтва ферм, набыццё новай тэхнікі, якая сярэднямесячная зарплата занятых у аграсектары, ці будуць прыцягвацца жыхары прыгранічных раёнаў Украіны да работы на заводах, што будуюцца ля Хаціслава, на якіх умовах райаграпрамтэхніка працуе з сельгаскааператывамі і г.д. Прадстаўнікі сацыяльнай сферы пыталіся, дзе адпачываюць жыхары Маларытчыны, ці бываюць ва ўкраінскіх санаторыях, якія медыцынскія паслугі ў нас бясплатныя, даведаліся пра суадносіны платнай і бюджэтнай форм адукацыі і г.д.
Пачутае стала працягам ўбачанага. Госці наведалі дзіцячую школу мастацтваў, гімназію, універсальны спартыўны цэнтр, пабывалі на ААТ “Маларыцкі кан­сервавагароднінасу­шыль­ны камбінат”, прыватным унітарным прадпрыемстве “Савушкіна”, у СВК “Хаціслаўскі”, дзе пазнаёміліся з новымі тэхналогіямі на малочнатаварных фермах. На камбінаце ўкраінскія прадстаўнікі абмеркавалі з яго кіраўніцтвам пытанні пастаўкі прадукцыі на Ратнаўшчыну і магчымасці вырошчвання там сыравіны,  якой няма ў нас.
Вынікам сустрэчы сталі сумесныя намеры правесці ў бліжэйшы час канкрэтныя мерапрыемствы ў галіне эканомікі, культуры, спорту.
Як падзяліліся ўкраінскія госці, яны засталіся ў захапленні ад убачанага, высока ацанілі курс нашай дзяржаўнай палітыкі, накіраваны на росквіт краіны, паляпшэнне дабрабыту людзей. У адказ запрасілі прыехаць да іх — паглядзець, прааналізаваць і параўнаць.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: у час сустрэчы ў райвыканкаме.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!