Шчасце на змену няшчасцю

Адслужыўшы ў арміі, Сцяпан Коцелеў вярнуўся дамоў. Можа, доўга ён тут і не затрымаўся б, калі б не маці. Яна не хацела, каб найменшы сын пакінуў яе, таму была катэгарычнай, калі Сцяпан выказаў свой намер паехаць назад у Архангельск, дзе служыў. Словам, ён застаўся дома, уладкаваўся на работу, хату пачаў будаваць, каб пераехаць з хутара ў вёску.
Статны, сімпатычны, былы марак Паўночнага флота, ён падабаўся не адной вясковай дзяўчыне. Самому ж яму запала ў сэрца яна – невялічкага росту, вельмі прыгожая Ганначка з сям’і Марукоў, якія жылі ў Высокім. Ды і не толькі  прыгожая. Такой спявачкі, як яна, і танцоркі ў вёсцы больш не было.
— Як заспяваюць вечарам дзяўчаты ў Высокім, — гаварыў Сцяпан Якаўлевіч, — у Грушцы чуваць. А Ганнін голас ні з чыім больш нельга было зблытаць. Усё кідаю – еду ці іду ў Высокае.
А 18 лютага 1961 года да Ганны Марук прыехалі сваты: Сцяпан са сваімі родзічамі. Дамовіліся аб вяселлі. 21 год быў тады Ганне, Сцяпану – 24. Ад Ганнінага брата, з якім разам служылі, Сцяпан добра ведаў пра яе нялёгкую долю: што бацька маладым на фронце загінуў, што маці памерла і сямёра малых дзяцей засталося, што ўсе яны, у тым ліку і Ганна, вымушаны былі рана пайсці на свой хлеб. Але гэта толькі ўзмацняла жаданне быць разам з чалавекам, які столькі перажыў, і дзяліць з ім усе цяжкасці, падтрымліваць маральна.
Вяселле Ганне справілі браты і сёстры, і пасаг сабралі, і благаславілі, як бацькі на добрую долю.
Памятае Ганна Іванаўна, як прынялі яе ў сям’і мужа. Свякроў старалася даць нявестцы тое, што не паспела даць маці.
Ёй падабалася, што нявестка не цураецца любой работы, мае ахвоту да ўсялякай, што любіць рана падымацца, што рукі ў яе залатыя і характар вельмі добры, што яна ўмее зразумець іншага, дараваць яму, сцерпіць, калі трэба.
— 20 гадоў пражылі мы ра­зам са свекрывёй, — расказвала Ганна Іванаўна. — Што я не ўмела рабіць, яна навучыла. І дзяцей гадаваць дапамагала, бо Сцяпана забралі ў Чэхаславакію, а мне трэба было на работу хадзіць, ды і гаспадарка ж была вялікая.
Працавітую Ганначку паважалі і любілі не толькі ў сям’і мужа, але і ў вёсцы наогул. Адмысловай яна была гаспадыняй: чысцёха, акуратыстка. Бялізну, як вымые ды павесіць, у вачах ад яе чысціні коле. А вышывала як спраўна, ткала, вязала! А хлеб і пірагі якія смачныя пякла! Дарэчы, такая спраўная да ўсялякай работы Ганна Іванаўна і цяпер. Любіць рабіць нарыхтоўкі на зіму па сваіх уласных рэцэптах, любіць на зямлі працаваць, любіць, як і Сцяпан Якаўлевіч, грыбы збіраць, ягады, розныя стравы рыхтаваць, па-ранейшаму пячэ непаўторнай смакаты хлеб і пірагі і з задавальненнем частуе ўсім гэтым дзяцей, унукаў і праўнукаў.
Не прымяншаючы ролю гаспадыні, Сцяпан Якаўлевіч прызнаўся, што і ён, калі ёсць такая неабходнасць, з задавальненнем завіхаецца ля пліты. Як-ніяк, а ў арміі поварам быў, толк у стравах ведае.
Наогул, усю работу Коцелевы робяць разам. Так было заўсёды, так і цяпер. Яны не прывыклі на кагосьці спадзявацца, ніколі не разлічвалі на лёгкі хлеб. З ранніх гадоў абое добра ведаюць, што каб мець, трэба працаваць.
Сваю працоўную пенсію Ганна Іванаўна зарабіла ў калгасе, аддаўшы яму 33 гады, а Сцяпан Якаўлевіч — у ДЭУ-46, дзе працаваў дарожным рабочым больш чым 27 гадоў.
Коцелевы, як і кожны вясковец, заўсёды трымалі немалую ўласную гаспадарку. Зрэшты, і цяпер трымаюць, з пчоламі па-ранейшаму возяцца, хаця кожнаму больш за 70 гадоў. А яшчэ і Ганна Іванаўна, і Сцяпан Якаўлевіч любяць заняць сябе любімай справай. Ён – вядомы на ўсю акругу бондар, яна – спявачка. І сёння іх запрашаюць на розныя святы, рэспубліканскія, абласныя і раённыя кірмашы, фестывалі, каб там парадавалі сваімі талентамі іншых. І Ганна Іванаўна, і Сцяпан Якаўлевіч, не раз прывозілі з такіх святаў Ганаровыя граматы і дыпломы.
…Пабудаваны дом, пасаджаны сад, выгадаваны дзеці. У Коцелевых іх трое: 2 дачкі і сын. А яшчэ сямейны клад дапаўняюць 5 унукаў і 4 праўнукі.
Усе яны сёння прыедуць да самых родных і блізкіх людзей, каб павіншаваць іх з залатым вяселлем. І ў чарговы раз Ганна Іванаўна і Сцяпан Якаўлевіч адчуюць усю паўнату свайго сямейнага шчасця. Як заўсёды, цёпла і ўтульна будзе ўсім у родным доме, дзе пануюць шчырасць і спагада, дзе нават кветкі, якіх тут шмат, радуюцца за сваіх гаспадароў, якія жывуць у ладзе і згодзе ўсе гэтыя 50 гадоў.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
в. Грушка.
НА ЗДЫМКУ: юбіляры Ганна Іванаўна і Сцяпан Якаўлевіч КОЦЕЛЕВЫ.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Добавить комментарий


http://kompozit.ua

www.steroid-pharm.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!