ЭНЦЫКЛАПЕДЫЯ літаратурнага жыцця Маларытчыны

У Брэсцкім тэхнічным універсітэце нядаўна ўбачыла свет манаграфія “Поліэтнічная літаратура Маларытчыны: інтэрпрэтацыя і аналіз твораў”, якую напісала доктар педагагічных навук, кіраўнік навукова-даследчай лабараторыі па сацыякультурных праблемах беларуска-польска-ўкраінскага пагранічча, прафесар кафедры беларускай і рускай моў Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, сапраўдны член Акадэміі педагагічных і сацыяльных навук РФ, заслужаны настаўнік Беларусі Марыя Жыгалава.

 

Выданне складаецца з 5 раз­дзелаў: “Рэгіянальная по­ліэтнічная літаратура як тэарэтычная праблема”, “Маларыцкія дарогі вядомых паэтаў Беларусі”, “Гісторыя развіцця поліэтнічнай літаратуры Маларытчыны: тэарэтычнае асэнсаванне і роля ў мультыкультурным соцыуме” (Аўтар разглядае развіццё літаратуры Маларытчыны,  пачынаючы з 50-ых гадоў ХХ стагоддзя і заканчваючы 2017 г.), “Сучасныя паэты мультыкультурнай Маларытчыны: жанры, праблемы, стылі” (Тут аналізуецца творчасць Мікалая Пацеюка, Уладзіміра Данілюка, Алены Мажароўскай, Івана Заматаева, Пятра Чагайды,  Генадзя Мішчука, Таццяны Ефлаковай,  Мікалая Губея, Лідзіі Гаўрылюк, Міхаіла Коцелева,  Пятра Пальчука, Надзеі Кухцей, Уладзіміра Кучмінскага), “Літаратура Маларытчыны ў практыцы сучаснай адукацыі: дыдактычны патэнцыял”.

— Марыя Пятроўна, тыя, хто пазнаёміўся ўжо з вашай но­вай кнігай, называюць яе своеасаблівай энцыклапедыяй, у якой грунтоўна і дэталёва разглядаецца і аналізуецца літаратурны працэс на Маларытчыне за некалькі дзесяцігоддзяў. Дык пра што кніга?

— У ёй чытач знойдзе як асэнсаванне тэарэтычных праблем рэгіянальнай літаратуры і магчымасці выкарыстання матэрыялаў у педагагічным працэсе, так і абагульненне ўласнага вопыту працы ў школе і ВНУ, — адзначае Марыя Жыгалава. — .Выданне мае  тэарэтычны,  практыка-арыентаваны і даведачны характар. А гэта дапаможа настаўніку не толькі вызначыць асноўныя накірункі вучэбна-даследчай самастойнай работы навучэнцаў, але і павысіць якасць іх ведаў па прадмеце, стымуляваць крэатыўнае мысленне. Манаграфія мае выхаваўчы патэнцыял, таму што ў ёй прапануюцца для абмеркавання на вучэбных, факультатыўных занятках матэрыялы,   якія ўтрымліваюць элементы філасофіі жыцця ў рэгіёне, псіхалогіі спасціжэння чалавечых адносін і шляхі іх ўдасканалення, накірункі развіцця рэгіянальнай літаратуры ў кантэксце беларускай, а таксама формы яе выкарыстання ў сістэме адукацыі.

У кнізе пазначаны асноўны круг педагагічных формаў і метадаў работы, якія могуць быць выкарыстаны настаўнікам на ўроках і факультатыўных занятках, у пазакласнай рабоце, пры цьютарскім суправаджэнні выканання вучнямі навукова-даследчай працы. Лагічна пабудаваная, выразная структура раздзелаў манаграфіі, прапанаваны гласарый, спіс літаратуры, а таксама многія апублікаваныя работы аўтара сведчаць пра ўключэнне ў яе ўжо апрабаваных матэрыялаў.

Кніга М.П.Жыгалавай дапаможа педагогу фарміраваць крэатыўную асобу, развіваць творчыя здольнасці на­ву­­­чэнцаў, фарміраваць ана­лі­тычныя ўменні, звязаныя з ін­тэрпрэтацыяй і аналізам твораў рэгіянальнай літаратуры, адборам, сістэматызацыяй тэксталагічнага матэрыялу,  з вы­працоўкай сінтэзуючых уменняў: абагульняць, рабіць вывады, су­пастаўляць.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.