ГП «Радежское»: расчёт на надёжных специалистов

Хоць прайшло з таго часу ўжо больш за тры гады, але дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства “Радзежскае” Мікалай Сцяпанавіч Якімчук добра памятае той люты 2014 года, калі ён узначаліў гаспадарку.
З першага дня сутыкнуўся з вялікай праблемай – адсутнасцю кармоў. У наяўнасці было ўсяго 2 тысячы тон сенажу. Пры тых умовах, у якіх знаходзілася жывёла на фермах, і пры яўным недахопе і дрэннай якасці кармоў на добрае малако нельга было і разлічваць. Яго на карову даілі крыху больш за 7 кг, а рэалізацыя ў дзень па гаспадарцы не перавышала 4 тон. Складаным з-за летняй засухі быў для гаспадаркі і наступны год. А вось у 2016 г. сельгаспрадпрыемства, якое з’яўляецца вытворчым падраздзяленнем Брэсцкага аддзялення Беларускай чыгункі, у корманарыхтоўцы пачало набіраць абароты. Ужо летась у разліку на ўмоўную галаву жывёлы было нарыхтавана па 29 цэнтнераў кармавых адзінак травяністых кармоў.

Дзякуючы гаспадарскаму падыходу добра справілася “Радзежскае” з гэтай задачай і сёлета. На зімоўку назапашана ў разліку на адну ўмоўную галаву жывёлы 30 цэнтнераў кармавых адзінак. Стаўку ў гаспадарцы зрабілі на кукурузу. З 600 гектараў, на якіх была пасаджана гэтая культура, 550 адвялі на зялёную масу. Захаванне тэхналогіі і адказнасць усіх, хто быў задзейнічаны на вырошчванні кукурузы, паспрыялі добрай ураджайнасці. На некаторых участках яна дасягала 400 ц/га, а ў сярэднім склала 270 ц/га. Было закладзена 12,5 тысяч тон кукурузы. У выніку прадпрыемства, дзе налічваецца 2850 галоў БРЖ, з якіх 700 галоў – дойны статак, завяршае год з трывалай кармавой базай. А калі ёсць кармы, будзе і малако. Зараз гаспадарка штодзённа пастаўляе на перапрацоўчыя прадпрыемствы ў дзень да 7,4 тон малака. Сярэднясутачныя надоі складаюць 12,7 кг на карову.
У тым, што прадпрыемства мае кармы, як адзначае кіраўнік ДзП «Радзежскае», заслуга многіх. Мікалай Сцяпанавіч называў у размове прозвішчы спецыялістаў, механізатараў, вадзіцеляў, хто сваёй адказнасцю, стараннасцю, працавітасцю ўнёс значную лепту ў агульную справу нарыхтоўкі кармоў.


У гэтым пераліку на першым месцы аграном-аграхімік Мікалай Касьянік, які разам з механізатарамі ў час сельскагаспадарчых работ быў на полі, асабіста сачыў за захаваннем тэхналогій. 6 гадоў працуе ён на прадпрыемстве “Радзежскае”. Сам родам з гэтых мясцін, таму і вярнуўся ў Радзеж пасля заканчэння Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта. Першыя гады, як прызнаецца, не хапала вопыту, многаму вучыла менавіта практыка. І вось цяпер ёсць поспехі. Працаваць і жыць у вёсцы Мікалаю Іванавічу, як прызнаецца сам, падабаецца. Між іншым, яго жонка Таццяна, якая працуе ў гаспадарцы эканамістам, таксама выпускніца Гродзенскага аграрнага ўні¬версітэта. Але пазнаёміліся яны ў Радзежы, куды прыехала яна працаваць. Маладыя ў якасці вясельнага падарунка атрымалі ад гаспадаркі ключы ад дома, дзе цяпер і жывуць. Днямі сям’я, у якой ужо гадуецца сын, чакае папаўнення.
Сярод тых, хто старанна працуе, і механізатар Аляксандр Холад, які даручаную справу заўжды выконвае ўмела і сумленна, і вадзіцель Васіль Алесік, заўзяты працаўнік, МАЗ якога заўжды дагледжаны і хутка ім¬чыць у новы рэйс. На ўборцы кукурузы на сваім КВК-800 быў задзейнічаны Уладзімір Дацык. І хоць тэхніка, якой ён кіруе, ужо даволі не новая, нярэдка дае збой, але ў адказны час уборкі яна ні дня не прастойвае. У вопытнага механізатара яшчэ і рукі залатыя, любую паломку здольны ўхіліць, тэхніку бачыць, як кажуць, наскрозь.


Любую работу ў полі смела давяраюць механізатару Віталю Навумчыку. Прычым, Віталь Міхайлавіч з ліку тых, хто з часам не лічыцца, яму не трэба нешта напамінаць, падказваць і, тым больш, кантраляваць. Калі гэта час сяўбы, трактар Віталя Навумчыка ўжо з вечара падрыхтаваны да работы, а ранкам, у шэсць гадзін, ён адпраўляецца ў поле, каб хутчэй справіцца з работай, ды яшчэ і іншых прыспешвае. У кабіну трактара сеў Віталь Міхайлавіч 21 год назад, адразу пасля заканчэння прафесійна-тэхнічнага вучылішча. І пра¬фесію набыў, між іншым, спадчынную, бо і бацька яго таксама трактарыст. Ён упэўнены, што не важна, кім ты працуеш, важна – як. А Віталь Навумчык сваю справу дрэнна выконваць не ўмее.
Надзейнай пяцёркай назваў Мікалай Якімчук тых людзей, пра якіх расказваў. Яны – прыклад для іншых.
Святлана МАКСІМУК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.