Вялікая радня Веры Васільеўны

Сям’я Баброўскіх была і ёсць на слыху як добры прыклад. Тут выгадавалі і выхавалі прыстойнымі людзьмі 8 дзяцей. Цяпер у кожнага з іх свае сем’і. Маці, Вера Васільеўна, падлічыла: у яе 20 унукаў, 6 праўнукаў,  і калі палічыць усіх нявестак, зяцёў, то радня скла­дзе больш за 50 чалавек.
Вера Васільеўна ніколі не скардзілася на жыццё, нягледзячы на тое, што яно ў людзей яе пакалення не было лёгкім. Увесь час яна разам з мужам вяла вялікую хатнюю гаспадарку, працавала прыбіральшчыцай. А хіба мала аддала навукі такой вялікай сям’і? Да працавітасці прывучала і дзяцей. Цяпер упэўнена, што ўрокі дарэмна не прайшлі. Усе дзеці, дзе б яны ні працавалі, маюць добрую рэпутацыю ў кіраўніцтва. Трое з іх цяпер жывуць у Брэсце, трое ў Чарнянах, адзін у Кобрыне і адна ў суседніх Дарапеевічах. Сама Вера Васільеўна стала ўдавою 5 гадоў назад. Робяць шчаслівай бабулю ўнукі і праўнукі. Яна і ў гэтыя зімовыя дні без справы не сядзіць: управіўшыся па гаспадарцы, якую па-ранейшаму трымае, кожны дзень вяжа малым шкарпэткі – іх шмат трэба!
Нягледзячы на свой шаноўны ўзрост, — Веры Васільеўне Баброўскай гэтымі днямі спаўняецца 75 гадоў, – яна ба­дзёрая і вясёлая. Таму што яна не адзінокая, ёй няма як сумаваць. Кожны дзень адчувае падтрымку сям’і, якая ёй дапамагае, не забывае. А што яшчэ трэба чалавеку для шчасця? Хіба што здароўе і мірнае неба над галавой, чаго і хочацца пажадаць юбілярцы.
НА ЗДЫМКУ: Вера Васільеўна БАБРОЎСКАЯ з унучкай Аляксандрай.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.