ИЗ ИСТОРИИ МАЛОРИТСКОГО МАРАФОНА

Маларыцкі міжнародны марафон трывала прапісаўся ў райцэнтры. 7 кастрычніка 2017 года ён прайшоў ужо ў 34 раз. Марафон мае добрую славу і пастаяннае месца ў рэспубліканскім каляндарным плане правядзення спартыўна-масавых мерапрыемстваў. Заснавальнікам гэтага вядомага спаборніцтва з’яўляецца філолаг-шахматыст-футбаліст-марафонец Аляксандр Сяргеевіч Лядзінскі.

Пачыналася гісторыя марафона так.
26 сакавіка 1983 года ў раённай газеце “Сельскае жыццё” была надрукавана невялікая заметка Аляксандра Лядзінскага “Бег дзеля здароўя”, у якой ён разважаў пра карысць заняткаў гэтым відам спорту. Напрыканцы заметкі Аляксандр Сяргеевіч выказаў сваё меркаванне: “Клубы аматараў бегу існуюць у многіх гарадах. Напэўна, трэба ўжо сур’ёзна падумаць, каб стварыць такі клуб і ў нашым горадзе”.
Ініцыятыва А.С.Лядзінскага не засталася незаўважанай. Яна знайшла водгук і падтрымку маларытчан і мясцовай улады. Ужо 4 мая 1983 года ў памяшканні ДЮСШ прайшло арганізацыйнае пася¬джэнне клуба аматараў бегу. Было вырашана яго назваць “Маладосць”, а старшынёй аднагалосна абраны Аляксандр Лядзінскі.
Праз 4 дні пасля стварэння клуб правёў першы агітацыйны прабег па маршруце “Курган Славы – гарадская плошча”. Дыстанцыю амаль 8 км прабегла 15 чалавек. 3 ліпеня 1983 года “Маладосць” арганізавала лёгкаатлетычную эстафету-прабег па 70-кіламетровым маршруце “Брэсцкая крэпасць-герой – вёска Паўлопаль”, у якой прымала ўдзел больш за 30 чалавек. У 1984 годзе клуб аматараў бегу ў сваіх радах налічваў больш за 30 чалавек. Заняткі праводзіліся на стадыёне СШ №1 і ССПТВ-11, а кожную нядзелю – на гарадскім стадыёне.
Так пачалася гісторыя Маларыцкага клуба “Маладосць”. Хутка пра яго загаварылі ў вобласці. Члены клуба пастаянна атрымлівалі запрашэнні для ўдзелу ў прабегах, якія праводзіліся ў розных гарадах краіны.
7 кастрычніка 1984г. на базе Маларыцкага СПТВ-11 прайшоў першы лёгкаатлетычны прабег, прысвечаны Дню ўтварэння дзяржаўнай сістэмы прафтэхадукацыі на прыз першага дырэктара вучылішча, заслужанага настаўніка БССР Сяргея Грэнкова. Ініцыятарам правядзення спаборніцтва выступілі камітэт камсамола і прафсаюзная арганізацыя ўстановы адукацыі. Ідэю правядзення спартыўнага мерапрыемства падтрымала партыйная арганізацыя вучылішча, раённы спарткамітэт, члены клуба “Маладосць”. 41 удзельнік выйшаў на дыстанцыю прабегу, сярод якіх было 13 прадстаўнікоў клубаў аматараў бегу не толькі з Маларыты, але і Брэста, Пінска, Пружан, пасёлка Меднае. Старт спаборніцтву даў сам Сяргей Міхайлавіч. Яго пераможцамі сталі Аляксандр Галушка з Пінска і Таццяна Хоміч з Брэста. У наступныя гады ў праграме спаборніцтва з’явілася і дыстанцыя 15 км.
Арганізатарамі першых 10 прабегаў было Маларыцкае ПТВ-155. Яны прысвячаліся Дню настаўніка, бо арганізоўваліся ў гонар першага дырэктара вучылішча, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны С.М. Грэнкова і на яго прызы.
З кожным годам прабег станавіўся ўсё больш папулярным, збіраў новых удзельнікаў не толькі з Брэсцкай вобласці, але і ўсёй Беларусі. Набываючы вядомасць, Маларыцкі марафон паступова выходзіць за рамкі ПТВ-155 і становіцца агульнагарадскім. Між іншым, класічная марафонская дыстанцыя – 42 кіламетры 195 метраў – была ўключана ў праграму, пачынаючы з ХІ спаборніцтваў. Тады ж мерапрыемства набыло назву “Маларыцкі міжнародны марафон”. Клопат аб правядзенні марафона на сябе ўзяла мясцовая ўлада. Колькасць удзельнікаў наблізілася да 500 чалавек, таму вучылішча не магло ўжо сваімі сіламі праводзіць такія спаборніцтвы толькі на энтузіязме.
У тым, што лёгкаатлетычны прабег перарос у міжнародны марафон – заслуга не толькі Аляксандра Сяргеевіча Лядзінскага, але і Мікалая Фёдаравіча Германюка, тагачаснага старшыні райспорткамітэта, пазней – начальніка аддзела па фізкультуры, спорце і турызме райвыканкама.

Мікалай Навумчык

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.