Вотчына Лідзіі Ківачук

Аддзел бібліятэчнага маркетынгу Маларыцкай раённай бібліятэкі падрыхтаваў да друку і выдаў чарговую кнігу мясцовых пісьменнікаў. На гэты раз свет  убачыў прыгожа аформлены зборнік сямейных гісторый Лідзіі Ківачук. “Мая вотчына – вёска Отчын” – такую назву мае выданне, прэзентацыя якога нядаўна адбылася ў Мельніцкай БШ. Кніга пачынаецца двума вершаванымі прысвячэннямі, якія адрасаваны аўтару яе лепшай школьнай сяброўкай Галінай Братчук. Зрэшты, Галіна Сцяпанаўна ўсю  працу сама і закруціла. Неяк ёй Лідзія Сцяпанаўна, аднакласніца, прынесла тоўсты агульны сшытак, увесь спісаны прыгожым і роўным почыркам. Галіна Братчук усё ўважліва прачытала. Яна была ў захапленні ад творчасці сяброўкі. Уласнае, непаўторнае бачанне свету, тонкая назіральнасць за тым, што адбываецца побач, уменне прыкмячаць самае істотнае і галоўнае, знаёмыя персанажы — усё гэта разам падкупляла сваёй шчырасцю, непасрэднасцю. Ды і напісана запамінальна, ярка, вобразна, праўдзіва. Чытаецца лёгка, з цікавасцю. Адразу ж узнікла думка выдаць прозу асобнай кніжкай. Хацелася, каб і аднавяскоўцы пазнаёміліся з творчасцю мясцовага празаіка. За дапамогай звярнулася ў раённую бібліятэку. Там Галіну Сцяпанаўну ў яе пачынаннях ахвотна падтрымалі. І справа закіпела. Аднак Лідзія Сцяпанаўна пра тое, што ідзе праца над зборнікам, нічога не ведала.
-Атрымаць уласную кнігу – незабыўны і хвалюючы момант, — прызнаецца аўтарка. – Тым больш, што для мяне гэта было прыемнай неспадзяванкаю, своеасаблівым сюрпрызам.
Ужо многа гадоў гэтая сціплая і працавітая жанчына жыве ў Хаціславе. Тут яе сям’я, дзеці, унучка. А вось душа, сэрца па-ранейшаму імкнуцца да самага мілага, роднага і чароўнага для яе на зямлі куточка. Да вёскі Отчын і яе наваколля. Туды, дзе нарадзілася, дзе праляцела шчаслівае маленства ў вялікай і дружнай сям’і. Там і дагэтуль, здаецца, цвітуць самыя духмяныя кветкі, знаходзяцца самыя маляўнічыя краявіды. Да сённяшняга дня клічуць, вабяць знаёмыя сцежкі, якія яшчэ памятаюць дзіцячыя сляды Лідачкі. А калі хочацца сэрцам дакрануцца да роднай прыгажосці, адпачыць душою, паразважаць, жанчына сядае на веласіпед і едзе ў свой лес, у сваё басаногае маленства.
Р.S. Між іншым, Лідзія Сцяпанаўна плануе падрыхтаваць яшчэ адзін зборнік прозы.  Над гэтым зараз і працуе.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Лідзія Ківачук са сваёй кнігай.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.