Клапатлівае хобі

Мікалая Кірылавіча Шаўчука многія ведаюць у нашым горадзе і раёне. Шмат гадоў ён працаваў галоўным архітэктарам раёна, акрамя таго, ён таленавіты шахматыст, вялікі аматар-трусавод. У інтэрв’ю карэспандэнту райгазеты Мікалай Кірылавіч дзеліцца сваімі сакрэтамі трусагадоўлі. Думаецца, што яны будуць карысныя для многіх, хто любіць і гадуе гэтых маленькіх жывёлін.
— Мікалай Кірылавіч, як сцвярджаюць псіхолагі, выхад на пенсію, а гэта значыць, развітанне з любімай работай, калегамі, – вялікі стрэс для чалавека. На рэабілітацыю патрэбны многія і многія месяцы. Спецыялісты рэкамендуюць, што, каб перажыць гэты момант з найменшымі маральнымі стратамі, трэба адразу заняцца нейкай іншай любімай справай. Вы ў гэтым, напэўна, таксама пераканаліся?
— Для мяне знайсці такую справу не склала вялікай цяжкасці. Маючы індывідуальны жылы дом і, зразумела, прысядзібны ўчастак пры ім да 15 сотак, цалкам аддаў сябе рабоце на ўчастку. Тут пасаджана 30 пладовых дрэўцаў, тут вырошчваем розную гародніну, духмяныя травы, на што, зразумела, неабходна шмат працазатрат і часу.
Люблю рыхтаваць стравы (і нядрэнна). Магу выстаяць на кухні каля пліты да 3 гадзін, бывае, і больш. Восенню люблю займацца нарыхтоўкамі (кансерваваннем) на зіму. А яшчэ ў вольны час люблю праглядзець прэсу, тэлевізар, вывучаю тэорыю гульні ў шашкі,  іграю на гітары.
— Наколькі ведаю, акрамя ўсяго, Вы яшчэ займаецеся і развядзеннем трусоў?
— Так, вось ужо на працягу 8 гадоў – гэта маё самае любімае хобі. Звычайна, да зімы ў маёй маленькай гаспадарцы налічваецца да 35 трусоў, іншы раз бывае і больш.
— А ці не надта гэта клапатлівае хобі?
— Вядома, папрацаваць даводзіцца нямала, асабліва ў летні перыяд. Ды і перш чым набыць гэтых маленькіх жывёлін, трэба было стварыць пэўную базу. І перш за ўсё пабудаваць ці вырабіць неабходную колькасць клетак для іх утрымання. Прычым у адпаведнасці з санітарнымі і тэхналагічнымі патрабаваннямі, нарыхтаваць патрэбную колькасць кармоў.
— Мікалай Кірылавіч, як Вы лічыце, што з’яўляецца найважнейшым ва ўтры­манні і развядзенні тру­соў?
— Галоўнае – догляд за імі, каб яны былі накормлены і ўвесь час утрымліваліся ў чысціні. Не менш важна набыць для развядзення здаровых жывёлін. І тут мая парада – лепш браць іх у знаёмых, надзейных людзей, якія займаюцца гэтай справай. Калі ж такой магчымасці няма, не саромейцеся пры пакупцы добра вывучыць знешні выгляд жывёлін. Вушастыя павінны быць сытымі з глянцаванай шэрсцю, дагледжанымі і рухомымі незалежна ад узросту.
А вось пародзістых трусоў лепш набываць у спецыялізаваных гаспадарках, куды іх прывозяць у асноўным з-за мяжы.
Аднак хачу заўважыць, што простыя (беспародныя) больш прыстасаваныя да нашых умоў. Наогул жа,  гэтыя жывёліны вельмі хваравітыя, асабліва маленькія.
— А якіх вушасцікаў утрымліваеце Вы?
— З самага пачатку развя­дзення трусоў спыніўся на пародзе каліфарнійская белая. Гэта вельмі мілая жывёліна, з чорнымі вушкамі, чорным носікам, чорным хвосцікам і лапкамі. Хачу заўважыць, што самка каліфарнійскай белай – гэта цудоўная мама, якая заўсёды накорміць сваіх дзетак, закрые іх ад холаду сваім пухам, вельмі хваравіта пераносіць той момант, калі маленькіх трусянят у пэўны час (гэта прыкладна праз 1,5 месяца пасля з’яўлення на свет) ад яе забіраюць.
Каліфарнійская – гэта мясная парода бройлернага тыпу. Узмоцнены рост да 7 месяцаў, вага да гэтага моманту дасягае да 5 кг. Пасля такога тэрміну ўтрымліванне іх лічу немэтазгодным.
Чысты выхад мяса – 60 – 65% ад жывой вагі.
— Якіх правілаў трэба прытрымлівацца, каб маленькія жывёліны пастаянна былі ў чысціні?
— Першае, што неабходна, — пабудаваць клетку, якая адпавядала б пэўным патрабаванням. Гэта перш за ўсё клетка з дошак, таўшчынёй 20 – 25 мм. Каб не было скразнякоў,  дошкі прыбіваюць вельмі шчыльна. У клетцы робяцца дзверцы з сеткавым запаўненнем (сетка “рабіца”). Дно клеткі робіцца з брускоў з адлегласцю паміж імі 1-1,5 мм.
Клетка для самкі павін­на складацца з двух аддзялен­няў: радзільнага з глухімі дзверцамі і кармавога з дзверцамі з сеткавым запаўненнем. Спалучацца радзільнае аддзяленне з кармавым павінна праз акенца (25х25 см) у перагародцы паміж   імі.
Падсцілку мяняю 1 раз у тыдзень. Паілкі і кармушкі ўтрымліваю ў чысціні. Пасля зімовага перыяду клеткі ўнутры апрацоўваю паяльнай лямпай.
— Чым корміце сваіх гадаванцаў?
— Уключаю ў рацыён зерне (ячмень, авёс), спецыяльны камбікорм для трусоў (прадаецца ў павільёне па вул. Палескай),  вару да паўгатоўнасці бульбу, моркву, змешваю іх з вотруб’ем. Гэта зімою. У рацыён уключаю кармавыя буракі, моркву, пачаткі кукурузы, зімой — сена, летам – траву. Ні ў якім выпадку нельга даваць жывёлам вільготную траву. Яны могуць захварэць. Неабходна пазбягаць кармлення сталовымі буракамі і капустай.
— Мікалай Кірылавіч, раскажыце, калі ласка, як Вы разводзіце сваіх вушасцікаў?
— Для гэтай мэты дастаткова аднаго чыстапародзістага самца-вытворніка. Самец павінен быць мацнейшым за самку і абавязкова не са свайго гнязда,  каб нарадзілася здаровае патомства. Праз кожныя 2 гады самца мяняю ці заводжу іншага,  утрымліваю яго ў асобнай клетцы.
Для таго, каб самка была пакрытай, запускаю яе абавязкова ў клетку да самца. У сваёй хатцы ён больш смелы і настойлівы. Праз 5 дзён пасля гэтага раблю паўторнае кантрольнае пакрыццё.
Самка, як я гаварыў раней, утрымліваецца ў спецыяльнай клетцы, якая мае радзільнае аддзяленне. За 5 дзён да “родаў” радзільнае аддзяленне на 1/3 запаўняю сенам, нягледзячы на тое, што самка ўхутвае малых сваім цёплым пухам. Запаўненне сенам дае магчымасць уцяпліць клетку, таму ёсць вялікая верагоднасць таго, што малыя выжывуць. Яны ж нараджаюцца зусім голыя і сляпыя. І, аказаўшыся па-за гняздом, могуць памерці ад пераахалоджвання.
Маладняк пачынае бачыць на 10-ы дзень, а на 21-ы вушасцікі пачынаюць вылазіць з гнязда і спрабуюць корм, які даюць маці. Прызнаюся: гэты момант пакідае ў маёй душы непаўторнае адчуванне радасці і нейкае замілаванне.
— Зразумела, што Вы займаецеся трусагадоўляй не толькі дзеля задавальнення, але і дзеля карысці, мяса ж трусоў — незаменны прадукт?
— Зразумела. Усім вядома,  што ў трусоў не толькі каштоўнае футра, але і лёгказасваяльнае дыетычнае мяса.
Перад тым,  як біць на мяса, адсаджваю вызначаных 5-месячных жывёлін з агульнага статка ў асобныя клеткі і ўзмоцнена кармлю на працягу 1,5 – 2 месяцаў.
Абавязкова прамываю тушку халоднай вадой. Перад тым, як рыхтаваць, замочваю ў халоднай вадзе на 2 сутак, дадаўшы крыху воцату, каб не было спецыфічнага паху. Ваду мяняю праз 5 гадзін. Мяса трусоў у некаторых выпадках намнога больш карыснае, чым курынае. Асабліва людзям, якія пакутуюць ад харчовай алергіі, цукровага дыябету, захворванняў страўнікава-кішачнага тракту.
Запісала Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: Мікалай Кірылавіч ШАЎЧУК сваіх маленькіх жывёлін любіць не менш, чым гуляць у шашкі і кулінарнічаць.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


http://www.viagra-on.com

www.maxformer.com

www.topobzor.info/rejting-kitajskih-smartfonov-do-200-v-2017-godu/