Губляем сродкі, губляем зарплату

Справаздачны сход прайшоў у СВК “Гвозніца”. У дакладзе старшыня гаспадаркі Іван Цымбаліст зрабіў самакрытычны аналіз пралікаў і дасягненняў года мінулага, паставіў канкрэтныя задачы, выкананне якіх павінна стаць своеасаблівай работай над памылкамі.
Якую ацэнку можна даць працы, калі гаспадарка не выканала асноўныя прагнозныя паказчыкі і вынікі аказаліся значна ніжэйшыя, чым сярэднераённыя? Безумоўна, нізкую. Але канстатаваць недахопы мала, а таму ў сваіх выступленнях і старшыня гаспадаркі, і спецыялісты пастараліся акрэсліць прычыны, якія адмоўна паўплывалі і не далі магчымасці выканаць задачы па паве­лічэнні прадуктыўнасці жывёлагадоўчай галіны і павышэнні ўраджайнасці сельгаскультур.
У тым, што валавая вытворчасць зерня знізілася, адзначаў галоўны аграном СВК “Гвозніца” Аляксандр Скібіна, безумоўна, адыгралі сваю ролю ўмовы надвор’я. У гаспадарцы загінулі азімыя амаль на 200 гектарах, давялося перасяваць. Але асноўная прычына, як падкрэсліваў ён,  хаваецца менавіта ў недапрацоўках. І ў першую чаргу ў адносінах да вытворчасці сельгаскультур. Няякаснае ворыва, парушэнне агратэхнікі сяўбы з самага пачатку адбіваюцца на ўраджайнасці, што ў сваю чаргу ўплывае на павелічэнне сабекошту.
— Калі ўкладваеш больш, а атрымліваеш менш – гэта прамы шлях да разарэння і банкруцтва, — заўважыў старшыня гаспадаркі.
На мінулым справа­здачным сходзе, напомніў Іван Цымбаліст, ставілася задача менш карыстацца паслугамі  пабочных арганізацый, але з запланаваных 50% з’эканоміць атрымалася толькі 10. А на набыццё запасных частак затраты ўвогуле не зменшыліся, а павялічыліся. На запчасткі было зрасходавана 200 мільёнаў рублёў, што на 60 мільёнаў больш, чым у 2009 годзе. І зноў старшыня напомніў: трэба больш беражліва адносіцца да тэхнікі, правільна эксплуатаваць яе, разумець, што, губляючы сродкі гаспадаркі, кожны губляе сваю заработную плату, якая б пры добрым стане эканомікі гаспадаркі была намнога большай.
Безадказнасць, слабая дысцыпліна, неналежныя адносіны многіх працаўнікоў і некаторых спецыялістаў гаспадаркі да сваіх абавязкаў адбіваюцца , як падкрэслівалася ў дакладзе, і на выніках жывёлагадоўлі. Гэтая галіна знаходзіцца ў крытычным стане. Летась ад каровы ў сельгаспрадпрыемстве атрымалі ўсяго па 3975 кілаграмаў малака. СВК “Гвозніца” — адзіная гаспадарка ў раёне, дзе не дасягнулі 4-тысячных надояў.
Атрымаць чатырохтысячныя надоі, як заўважыла, аналізуючы работу СВК, начальнік вытворчага аддзела па жывёлагадоўлі райсельгасхарчу Надзея Назарук, для гаспадаркі рэальна. Але малако было страчана яшчэ ў летні перыяд,  прычым на самых танных кармах. Адмоўна адбілася на надоях і якасць кармоў, іх незбалансаванасць па цукру і пратэіну.
У час выступленняў закраналіся і праблемы аднаўлення статка, бо на 100 кароў атрымалі ў гаспадарцы толькі 72 цяляты. Ёсць, згаджаліся спецыялісты, у гэтым пытанні недапрацоўкі, прычым ўсіх – ад даяркі да галоўнага заатэхніка. Каб змяніць сітуацыю, трэба строга сачыць за рацыёнам кармлення, утрыманнем маладняку, санітарным станам на фермах і тэрыторыях ля іх. Між  іншым, антысаніта­рыя – галоўная прычына і праблем якасці малака. За 2010 год толькі 30,6% яго было прададзена вышэйшым гатункам. З-за нізкай якасці малака гаспадарка недаатрымала 164 мільёны рублёў.
Агучыў старшыня гаспадаркі ў сваім дакладзе і тыя лічбы, што запланаваны на 2011 год і новую пяцігодку. Яны,  як падкрэсліў кіраўнік сельгаспрадпрыемства, дасягальныя. Сёлета СВК “Гвозніца” плануе павысіць прадуктыўнасць статка да 4200 кілаграмаў малака, рэалізаваць дзяржаве 2200 тон малака, атрымаць 2400 тон зерня, 535 тон гародніны. У вырошчванні гародніны значную ўвагу плануюць надаць вырошчванню морквы. Летась рэнтабельнасць гэтай культуры склала 195 %, ад яе гаспадарка атрымала прыбытак.
Калі будзе выканана ўсё запланаванае, падводзячы вынік размовы, заўважыў старшыня гаспадаркі, у сельгаспрадпрыемства з’явіцца рэальная магчымасць павысіць заработную плату з 606 тысяч рублёў (менавіта столькі сёння складае сярэдняя заработная плата па гаспадарцы), да 934 тысяч. Чым не стымул працаваць больш адказна?
Пад дружныя апладысменты ўдзельнікаў сходу тым, хто сумленна працуе, стараецца, паказвае добры прыклад іншым,  уручылі грашовыя прэміі,  а юбілярам – каштоўныя падарункі.
Справаздачны сход калектыву сельгаспрадпрыемства – гэта, па традыцыі, яшчэ і сустрэча з мясцовай уладай, кіраўніцтвам школы, у якой навучаюцца дзеці працаўнікоў гаспадаркі, свяшчэннаслужыцелем, прадстаўнікамі РАУС і райаддзела па надзвычайных сітуацыях, кожны з якіх стараецца данесці да вяскоўцаў сваю інфармацыю. Удзел у схо­дзе прыняла інфар­мацыйная група на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Пятром Губеем. У рамках дня інфармавання ён пазнаёміў гвозніцкіх жыхароў з дэмаграфічнай сітуацыяй у цэлым па рэспубліцы і ў нашым раёне.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: малады жывёлавод Генадзь Камінскі.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!