Случаи и причины производственного травматизма в Малоритском районе

Нягледзячы на тое, што ў нашым раёне прынята спецыяльная праграма і рэалізуецца сістэма мер па прадухіленні вытворчага траўматызму, стварэнні спрыяльных і бяспечных умоў працы, няшчасныя выпадкі, на жаль, здараюцца. Безумоўна, засцерагчыся на 100% ад траўм, якія адбываюцца на вытворчасці, немагчыма, але звесці іх да мінімуму неабходна. Летась на Маларытчыне здарыліся тры няшчасныя выпадкі на вытворчасці, сёлета — таксама тры. У СВК “Дарапеевічы” работнік пры кантакце з вапнай атрымаў хімічны апёк вока. Другі выпадак адбыўся з вальшчыкам лясгаса, на якога ўпала дрэва, і небарака атрымаў цяжкія цялесныя пашкоджанні. І апошні выпадак здарыўся з трактарыстам ААТ “Макраны”, якому ампутавалі пальцы на левай руцэ. Няшчасных выпадкаў магло не быць, калі б выконваліся элементарныя правілы тэхнікі бяспекі.


Аб гэтым гаварылася і на апошнім пасяджэнні райвыканкама, якое правёў старшыня райвыканкама Мікалай Шум. На парадку дня разглядаліся два асноўныя пытанні “Аб стане вытворчага траўматызму на тэрыторыі Маларыцкага раёна і мерах па яго папярэджанні” і “Аб рэалізацыі патрабаванняў Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 снежня 2014 года №6 “Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў”.
Перад тым як заслухаць даклад галоўнага спецыяліста аддзела па працы і занятасці насельніцтва ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Міхаіла Ганчара, Мікалай Шум папрасіў спыніцца на недапрацоўках, што існуюць у раёне, прааналізаваць, у якіх гаспадарках, прадпрыемствах і арганізацыях не выконваюцца патрабаванні па тэхніцы бяспекі. Як паведаміў Міхаіл Пятровіч, у раёне на пастаяннай аснове праводзяцца прафілактычныя мерапрыемствы, накіраваныя на прадухіленне і недапушчэнне выпадкаў вытворчага траўматызму. У раёне працуюць мабільныя групы, якія ажыццяўляюць кантроль за аховай працы, праводзяцца Дні аховы працы, ладзяцца рэйды. Напрыклад, сёлета мабільная група правяла 88 выязных рэйдаў. Міхаіл Ганчар агучыў асноўныя парушэнні аховы працы – гэта адсутнасць сродкаў індывідуальнай аховы, не адпавядаюць патрабаванням працоўныя месцы, адсутнічаюць аптэчкі, не выконваюцца патрабаванні па рабоце з электрычным абсталяваннем. Напрыклад, забяспечанасць сродкамі аховы на 100% толькі ў СВК “Дарапеевічы”, у астатніх — намнога ніжэй. Так, у ААТ “Макраны” яна складае 63%, а ў ААТ “Рыта” — увогуле толькі 50%. Таксама было адзначана, што нізкімі тэмпамі ажыццяўляецца перападрыхтоўка спецыялістаў па ахове працы. Сёлета не ўсе спецыялісты, якія раз у 5 гадоў праходзяць перападрыхтоўку, яе прайшлі.Сусветная практыка сведчыць, што істотныя матэрыяльныя і маральныя страты, выкліканыя вытворчым траўматызмам і пра¬фе¬сійнымі захвор¬ваннямі, шмат у чым звязаныя з так званым “чалавечым фактарам”, гэта значыць з няправільнымі дзеяннямі саміх работнікаў. Многія працуюць, спадзеючыся на прынцып “можа, пранясе”, або мяркуюць “гэта са мной не здарыцца”. Былі заслуханы тлумачэнні некалькіх кіраўнікоў па арганізацыі работы на вытворчасці ў пытаннях аховы працы. Недахопы ў рабоце па прадухіленні вытворчага траўматызму адзначаны ў СВК “Дарапеевічы”, Маларыцкага лясгаса, ААТ “Макраны”. Кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый неабходна сістэматызаваць сваю работу, забяспечыць работнікаў сродкамі індывідуальнай аховы.
Як паведаміў у сваім вы¬ступленні начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Віталь Ганчарук, за 10 месяцаў бягучага года на Маларытчыне па лініі незаконнага абароту наркотыкаў зафіксаваны 2 злачынствы. За аналагічны перыяд мінулага года – 4 правапарушэнні. Супрацоўнікамі РАУС канфіскавана 477,5 кі¬лаграмаў маку. Былі знойдзены 19 мяшкоў з макам, агульнай вагой 473 кілаграмы, якія ляжалі ў лесе непадалёку ад вёскі Сушытніца. Па словах Віталя Іванавіча, сёлета складзены 2 адміністрацыйныя пратаколы ў адносінах да грамадзян, якія знаходзіліся ў грамадскім месцы пад уздзеяннем наркатычных сродкаў. Усяго на дыспансерны ўлік у Маларыцкай цэнтральнай бальніцы ўзята 7 чалавек, з якіх 3 – на прафілактычны.
Вядома, што наркотыкі – страшнае зло, якое губіць чалавечыя лёсы, і вырвацца з пасткі наркатычнага дурману амаль немагчыма. Не можа не хваляваць і той факт, што сёння, у час камп’ютарных тэхналогій, наркотыкі можна набыць праз інтэрнэт. Толькі агульнымі намаганнямі ўсіх суб’ектаў прафілактыкі можна супрацьстаяць распаўсюджванню псі¬хатропных рэчываў.
На пасяджэнні райвыканкама быў зацверджаны комплексны план мерапрыемстваў па супрацьдзеянню незаконнаму абароту наркотыкаў і па прафілактыцы іх ужывання ў Маларыцкім раёне ў наступным годзе.
Кацярына ЯЦУШКЕВІЧ.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.