Пацерка за пацеркай — «вырастае» дрэва

Якія прыгожыя, проста шыкоўныя работы можна зрабіць са звычайных пацерак, юная маларытчанка Віка Кібальнік даведалася два гады назад, калі ўпершыню прыйшла на заняткі ў гурток Цэнтра народнай творчасці. Вяла гэтыя заняткі таленавіты майстар Алена Васільеўна Стасюк. Першая работа Вікі – букецік лілей – і зараз ёсць у хатняй калекцыі дзяўчыны. У гэтай калекцыі больш за дзясятак рознакаляровых дрэўцаў, кветкавых кампазіцый і пано з пацерак. Гэта, безумоўна, малая часцінка таго, што было зроблена рукамі Вікі.
Фігуркі і кампазіцыі з пацерак – цудоўны сувенір, які можна прыпаднесці ў падарунак. Колькі такіх сувеніраў зрабіла Віка, яна і падлічыць не можа. Над кожным з вырабаў даводзілася папрацаваць не адзін тыдзень. Затое вынік кожны раз радаваў, тым больш, што ні адна папярэдняя работа не была падобна на новую. У гэтым і ёсць таямніца пацерак, якія, нанізваючыся на дрот,  ажываюць у яркіх ружах, рамонках, маках, бярозавых галінках. Работа з пацеркамі даволі карпатлівая. Па схемах кампазіцый пацерка за пацеркай трэба збіраць дэталі, з якіх потым “вырастае” кветка. А яшчэ гэта вельмі творчы занятак, бо, даўшы волю фантазіі, можна намаляваць свае схемы і зрабіць сваю, эксклюзіўную кампазіцыю. Між  іншым, Віка якраз натура творчая. Заўважаючы ўсё прыгожае, яна адлюстроўвае гэта ў чароўных,  намаляваных маслам карцінах.
Маляваць любіла Віка з самага маленства. Мастацкі талент атрымала ў спадчыну ад прадзеда, які таксама быў чалавекам творчым. Гады вучобы ў Школе мастацтваў дапамаглі дзяўчыне сур’ёзна заняцца напісаннем карцін. Іх у Вікі пакуль няшмат. Але тыя, што ёсць, даюць права сцвярджаць: у дзяўчынкі ёсць прыроджаны талент.
— Зімою я амаль не малюю, — расказвала Віка.
— А чаму? Не прыходзіць натхненне?
Дзяўчынка ўсміхаецца:
— Напэўна, так.
— А летам?
— Летам бяру мальберт, выходжу на балкон і малюю тое, што бачу, дабаўляючы ў свой малюнак нешта, што запомнілася раней.
Ёсць у трынаццацігадовай Вікі свая маленькая мара. Яна хоча стаць дызайнерам. Што будзе ў будучым, пакуль невядома. Але адно Віка ведае дасканала: яе будучая прафесія будзе абавязкова звязана з мастацтвам.
Асобам творчым заўжды ўласціва дабрачыннасць. А таму, калі Вікторыі прапа­навалі разам з сяброўкай Насцяй вучыць бісерапляценню маленькую маларытчанку, якая з-за сваёй хваробы не можа хадзіць, яна прыняла прапанову з энтузіязмам. Перадаваць свае веды і ўмельства — гэта тое ж, што і дзяліцца цеплынёй свайго сэрца. Няхай у сэрцы Вікі заўжды жыве дабрыня, а яе творчую душу не пакідае натхненне!
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: Віка Кібальнік знаёміць са сваімі работамі.
Фота аўтара.

Добавить комментарий


http://best-cooler.reviews/

www.karter-kiev.net/proizvoditeli/poligon-11.html

эпоксидный клей
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!