Адказнасць — галоўны крытэрый

У сваім справаздачным дакладзе перад працаўнікамі СВК “Чарняны” старшыня Міхаіл Перкавец больш спыніўся на мінусах, якія дапушчаны ў працэсе вытворчай дзейнасці,  а яшчэ больш — на адказнасці людзей да даручанай справы. Прыніжаная, яна прывяла да таго, што парушаліся тэрміны сяўбы, з-за чаго зніжаўся выхад прадукцыі з гектара, страты ад продажу нізкагатунковага малака (у чым адбіўся чалавечы фактар) склалі 200 мільёнаў рублёў. Парушалася дысцыпліна сярод механізатараў, былі факты крадзяжоў малака, кармоў. А на ўчастках, адзначаў Міхаіл Перкавец,  дзе працуюць сумленныя і адказныя людзі, бачны станоўчыя вынікі. Так, напрыклад, жывёлавод Таццяна Петрык дабілася высокай захаванасці галоў, наогул жа, кааператыў заняў трэцяе месца ў раёне па выхаду прыплоду. У цэлым у жывёлагадоўлі ў гэтай гаспадарцы працуюць цудоўныя людзі, якія хварэюць душой за справу. Гэта загадчыцы ферм Яўгенія Данілюк і Рыма Кашлей, даяркі Руслана Сцепанюк, Таццяна Клебановіч і Святлана Кіпень, цялятніца Ніна Габрыльчык, у якіх паказчыкі намнога вышэйшыя, чым у іншых. Між тым, як гаварыў Міхаіл Перкавец, у гаспадарцы нямала зроблена, робіцца і будзе рабіцца для паляпшэння ўмоў працы і атрымання добрых вынікаў. Усюды на жывёлагадоўчых фермах ёсць выгульныя дворыкі, сучасныя малакаправоды, дастаткова закуплена абсталявання для атрымання якаснага малака, мыйных і дэзынфекцыйных сродкаў, пастаянна вядуцца рамонтна-будаўнічыя работы на вытворчых аб’ектах, пабудаваны боксы для новай дарагой тэхнікі, заасфальтаваны дарогі, пастаўлена агароджа, заменены старыя вокны на шклопакеты на мехдвары, у сувязі з чым машыннаму двару СВК “Чарняны” па выніках мінулага года ў раённым аглядзе машынных двароў было прысуджана 2-ое месца.
На адказнасць падначаленых звярнулі ўвагу ў сваіх выступленнях галоўны ветурач Мікалай Панядзельнік, галоўны заатэхнік Ніна Супрунюк і галоўны аграном Казімір Сядлецкі.
Справаздачны сход – гэта яшчэ адна магчымасць абмеркаваць праблемы не толькі сельгаскаператыва,  але і ўсёй вёскі ў цэлым.
У вялікай размове прынялі ўдзел старшыня Чарнянскага сельвыканкама Юлія Плуцэнік і дырэктар школы Анатоль Ніканчук. На сходзе выступілі таксама галоўны інжынер райсельгасхарчу Юрый Ківачук і старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Губей.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: 36 гадоў працуе на ферме в. Горы загадчыца Яўгенія ДАНІЛЮК (злева),  даярка гэтай жа фермы Руслана Сцепанюк надаіла 5503 кг малака і заняла І месца. Яны ўзнагароджаны Граматамі і прэміямі.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


http://www.etalon.com.ua

https://agroxy.com