Іван і Любоў Ківачукі: саюз брыльянтавай пробы

Дыхтоўны будынак, чысціня і добраўпарадкаванасць двара – усё гэта яшчэ да знаёмства з самімі гаспадарамі яскрава сведчыла:  тут жывуць дбайныя вяскоўцы. Дом для сваёй сям’і Іван Міхайлавіч і Любоў Барысаўна Ківачукі з вёскі Мельнікі будавалі прасторны, як кажуць, на перспектыву. І пакуль дзеці – сын і тры дачкі – былі малыя, лішняга месца ў ім не было. Але дзеці выраслі, разляцеліся, як бусляняты, з бацькоўскага гнязда (дочкі Ліда і Валянціна з сем’ямі жывуць у Мінску, а дачка Ніна і сын Віктар, хоць і засталіся ў Мельніках, маюць сваё жыллё), і цяпер пакоі пустуюць да таго часу, пакуль не збярэцца разам вялікая сям’я. А нагоды для таго, каб з’ехаліся ў бацькоўскі дом дочкі і сыны, а таксама восем ўнукаў і шэсць праўнукаў, знаходзяцца. Сёлета такой прыемнай нагодай стала брыльянтавае вяселле.

Шэсць дзесяцігоддзяў Іван Міхайлавіч і Любоў Барысаўна ідуць па жыцці разам. Карункі іх сямейнага шчасця сплецены з розных падзей. У жыццёвай мітусні год за годам міналі зімы і вёсны,  і цяпер сваю далёкую маладосць, калі лёс аб’яднаў іх у адно цэлае, яны ўспамінаюць, як добрую казку.

…Любоў была дзяўчынай ладнай,  пры­ваблівай і,  у той жа час, сціплай. А таму і кавалераў,  якія марылі аб спатканні з ёй, знаходзілася нямала. Даўно прыкмеціў прыгажуню-аднавяскоўку і Іван. Хлопец ён быў ужо сталы, як-ніяк ішоў яму 26-ы год. А таму і намер у маладога чалавека быў сур’ёзны – ажаніцца. Аднойчы затрымаўшы яе за руку, калі Любоў праходзіла міма,  ён так і сказаў: “Выходзь за мяне замуж”. Івана ведала Люба як хлопца сур’ёзнага, з добрай, працавітай сям’і. Сама неаднойчы паглядала на яго з цікавасцю. А таму доўга не раздумваючы згадзілася.

— Я толькі дадому паспела дайсці,  а ўжо бачу,  што бацька Івана ў нас у гасцях сядзіць. Так і пасваталі мяне, — успамінае Любоў Барысаўна.

Было гэта якраз на свята Раства Хрыстова, а ўжо 18 студзеня Іван і Любоў зарэгістравалі свой шлюб.

— Пасля работы  пешшу пайшлі ў сельсавет, распісаліся. А вяселле ў лютым згулялі. Добрае вяселле было: і вяночкі з сяброўкамі плялі звечара, і гасцей сустракалі назаўтра, і вянчаліся ў царкве, — расказвае Любоў Барысаўна.

Маладая нявестка, а ёй споўнілася толькі 18 гадоў, прыйшла ў дом бацькоў Івана і ўсяму, што датычылася хатніх спраў,  вучылася ад свекрыві. І гаспадыня з яе атрымалася добрая. Спячы булкі ці грачанікі на вяселлі яе прасілі многія аднавяскоўцы. Рукі Любові былі ўмелыя – і ткала яна, і вышывала, і нават кошыкі ды венікі магла сплесці. Працавітым, гаспадарлівым быў і Іван. Ад свайго дзеда,  як расказвае Любоў Барысаўна, ён пераняў многае,  а таму і дом сам будаваў,  і печку складаў. Як умелага печніка (а такога майстра ў вёсцы яшчэ пашукаць трэба) яго многія клікалі на дапамогу. А яшчэ Іван Міхайлавіч — заўзяты пчаляр. Пчалярства ў сям’і Ківачукоў увогуле справа спадчынная. Бацька Івана трымаў пчальнік,  затым сам Іван займаўся пчалярствам  (нават цяпер у свае 87 гадоў яшчэ трымае некалькі пчаліных сем’яў),  і сын Івана Міхайлавіча – Віктар – пчаляр.

Усё жыццё Ківачукоў, як сапраўдных гаспадарлівых вяскоўцаў, прайшло ў працы. Іван Міхайлавіч і кавалём быў, і за такарным станком стаяў, і экскаватарам кіраваў, і слесарам працаваў. Любоў Барысаўна  17 гадоў санітаркай на мясцовым ФАПе шчыравала, а потым уладкавалася ў калгас цялятніцай, а працоўную дзейнасць завяршыла малакапрыёмшчыцай. Дзе б ні працавалі Іван Міхайлавіч і Любоў Барысаўна, усюды вызначаліся сваёй працавітасцю і адказнасцю. І паспявалі не толькі на рабоце, але і дома, заўжды трымалі вялікую гаспадарку, ды і дзяцей сваім добрым прыкладам выхоўвалі. І гэты прыклад быў не толькі ў працы, але і ў паважлівых адносінах да шлюбу і сям’і, да такіх каштоўнасцей, як каханне і ўзаемапавага.

— Мы жыццё пражылі мірна, ніколі сварак вялікіх не было. Ды і з-за чаго яны будуць,  калі муж з гарэлкай ніколі не сябраваў. А  ўся бяда найчасцей менавіта ад яе ідзе,  — тлумачыць у размове Любоў Барысаўна.

Каб у доме былі мір і лад,  лічыць мудрая жанчына,  важна ўступаць адзін аднаму, умець прамаўчаць. Крыўды пройдуць, а словы, якія абразяць, надоўга ў душы застануцца.

Пакуль мы, журналісты, разглядаем сямейныя фотаздымкі,  на якіх адлюстраваны многія важныя падзеі сям’і, Іван Міхайлавіч і Любоў Барысаўна рыхтуюцца да “фотасесіі” для раённай газеты. І вось брыльянтавая пара пяшчотна бярэцца за рукі і ў вачах іх зноў блішчыць агеньчык. Такі,  як некалі,  60 гадоў назад…

Святлана МАКСІМУК.

Добавить комментарий


https://surrogacycmc.com

http://steroid-pharm.com

www.www.salon-svadebny.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!