Узнагарода знайшла свайго героя

23 лютага – Дзень абаронцаў Айчыны, свята мужчын. Але ў Мельніцкай базавай школе ў той дзень ушаноўвалі Кацярыну Саўчук (у дзявоцтве – Церашчук). Ёй, 88-гадовай жыхарцы Хаціслава, ва ўрачыстай абстаноўцы Вадзім Шпетны, намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённай камісіі па справах былых партызан і падпольшчыкаў, уручыў пасведчанне партызана Беларусі і памятны знак “Партызан Беларусі”, а Алег Шышацкі, ваенны камісар раёна, — юбілейны медаль “65 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў”. Узнагароды знайшлі свайго героя. Але чаму толькі амаль праз 66 гадоў з дня заканчэння апошняй вайны?
— Прычын некалькі, — кажа Пётр Ківачук, настаўнік Мельніцкай школы, які гэтую справу пачаў паўтара года назад і давёў яе да лагічнага завяршэння. – Прозвішча Кацярыны Васільеўны Саўчук ніколі не гучала на ўрачыстых мітынгах з-за яе асабістай сціпласці. Не захавалася і адпаведных дакументаў, бо яны згарэлі ў час пажару. Новых жанчына не дамагалася, таму што не было калі хадзіць па кабінетах: працавала, каб пракарміць дзяцей.
А між іншым, Кацярына Саўчук з сакавіка па  кастрычнік 1943 г. з’яўлялася сувязной партызанскага атрада імя Варашылава брыгады імя Сталіна Брэсцкай вобласці. У кастрычніку таго года яна была паранена і дастаўлена партызанамі ў в.Сварынь (Драгічынскі раён), дзе знаходзіўся штаб Брэсцкага злучэння і партызанскі аэрадром. Адсюль праз 2 тыдні жанчына была вывезена за лінію фронту самалётам у Маскву для лячэння.
Кацярына Васільеўна ўнесла свой ўклад у перамогу над ворагам. Дзякуючы яе рашучым дзеянням, умеламу падыходу і правільным данясенням (перадавала звесткі пра рух нямецкіх эшалонаў, пра грузы, якія перавозіліся, аб ахове чыгункі), атрад здолеў вырваць з рук немцаў на чыгунцы Брэст-Ковель некалькі дзясяткаў “казакоў”, якія актыўна змагаліся з акупантамі. Дзякуючы яе данясенням была забяспечана добрая праца дыверсійных груп па падрыву цягнікоў і чыгуначнага палатна летам 1943 г.
-У партызанскім атрадзе я апынулася так, — успамінае Кацярына Васільеўна. – Каб не трапіць на работы ў Германію, у 1942 г. пай­шла працаваць на чыгунку. Разам з іншымі рамантавала пуць ад Маларыты да Мельнікаў. На работу хадзіла з Хаціслава  праз Мельнікі. Неяк у лесе на дарозе мяне спынілі партызаны і папрасілі дастаць ім інструмент для рамонту рэек. Гэта, можна сказаць, было першае заданне мне. З ім справілася хутка. Затым атрымала другое, трэцяе… Так і стала партызанскай сувязной. Ніхто не прымушаў, не загадваў. Партызаніла па закліку свайго сумлення.
Усю справу па аднаўленню гістарычнай справядлівасці ў свае рукі ўзяў і закруціў Пётр Ківачук. Дзякуючы яго настойлівасці, энтузіязму, неабыякавасці да лёсу сваіх землякоў, пры падтрымцы і дапамозе Васіля Маркава, старшыні райсавета ветэранаў, удалося дакументальна ўстанавіць мінулае Кацярыны Саўчук. За патрэбнымі звесткамі даводзілася звяртацца ў розныя інстанцыі. У тым ліку – у Нацыянальны архіў РБ, Нацыянальны гістарычны архіў РБ, розныя суды і ЗАГСы. Калі ўсе неабходныя дакументы былі сабраны, іх накіравалі ў Мінск у камісію па справах былых партызан і падпольшчыкаў Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гг. пры Савеце Міністраў РБ. 24 снежня 2010 г., пасля трэцяга  разгляду дакументаў, было прынята станоўчае рашэнне.
— Вось так,  нарэшце, і стала сапраўднай партызанкай, — усміхаецца Кацярына Саўчук. – Я ніколі не імкнулася, каб дакументальна гэта было пацверджана. Але калі добрыя людзі ў гэтай справе дапамаглі, то ім – вялікі дзякуй. У гады вайны рабіла тое, што павінен рабіць кожны грамадзянін сваёй краіны. Як магла, так і змагалася з ненавісным ворагам, каб жыць у вольнай краіне і будаваць свой лёс.
Р.S. Падчас сустрэчы выступілі яшчэ і айцец Пётр Пяшко, настаяцель Спаса-Праабражэнскага храма в.Хаціслаў; Леанід Лявонаў, старшыня савета ветэранаў Хаціслаўскага сельсавета; Алена Ківачук, сакратар  раённай камісіі па справах былых партызан і падпольшчыкаў; Яўген Ківачук, зяць Кацярыны Саўчук. Значную падзею ў жыцці Кацярыны Васільеўны Саўчук прыйшлі раздзяліць удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны Іван Мірчук і Сямён Струнец.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Вадзім ШПЕТНЫ ўручае пасведчанне Кацярыне САЎЧУК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий


промышленные масла

www.kompozit.ua/

еще по теме 3kovra.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!