Майстар-эксклюзіў

Звычайна ў выпускных класах школьнікі пачынаюць нер­вова мітусіцца ў пошуках будучай прафесіі. І толькі адзінкі з іх упэўнена ідуць за сваёй марай. А потым становяцца майстрамі абранай справы, часам нават эксклюзіўнымі.
Яшчэ ў дзяцінстве Мікалай Шульга вырашыў, што будзе печніком. “Цікавасць да гэтай прафесіі перадалася мне ад дзядулі, – кажа ён, – любіў сачыць за тым, як дзед складае печы”. А калі праз некалькі гадоў доля зноў звяла яго,  тады яшчэ юнага Міколку, з рэдкім спецыялістам, прафесійнае жаданне ўзрасло разоў у сто. “Бацька будаваў хату і доўга не мог знайсці майстра, які б зрабіў нам печ, з-за гэтага работа прастойвала, – працягвае ён. – Тады я зразумеў, наколькі гэта запатрабаваная справа”. Майстра сям’я, вядома, знайшла – ён жа і стаў першым настаўнікам пячной справы для іх сына.
«Калі пайшоў вучыцца, асноўнай спецыяльнасцю абраў муляра, – прызнаецца Мікалай Васільевіч, – і як дапаўненне да яе атрымаў “корачкі” печніка».
Потым на працягу дзесяці гадоў ён працаваў мулярам у ПМК-20,  і толькі пасля гэтага яму выпаў шанц ажыццявіць дзіцячую мару.
Пра печкі…без лавачак
Так ужо 12 гадоў Мікалай Шульга працуе печніком у КУШВП ЖКГ “Маларыцкая ЖКГ”. Прычым, увесь гэты час ён адзіны дакументальна зацверджаны майстар не толькі ў горадзе, але і ў раёне. На яго рахунку ўжо 30 зробленых пячэй. “У асноўным людзі просяць зрабіць рускія печы, больш рэдка – каміны”. Часта просяць правесці рамонтныя работы. “Шмат працы летам, калі многія гаспадары пачынаюць клапаціцца пра тое, каб зімой у іх доме было цёпла”. Але, як прызнаецца Мікалай Васільевіч, хапае і тых, хто выклікае майстра, калі на дварэ па калена снегу. “Зімой выклікі ў асноўным тэрміновыя, – кажа ён. – Вось учора нас адправілі на аб’ект (паказвае на разваленую трубу дымахода), сёння павінны закончыць”.
За гэты час майстар зросся з любімай справай. “Я навучыўся адчуваць печы, – усміхаецца ён, – таму складваць іх для мяне задавальненне”.
“Рабілі печ мы з хлопцамі, – расказвае Уладзімір Амельчанка, памочнік. – Зрабілі. Праверылі – не працуе. Круцімся каля яе, а ў чым справа, сказаць ніхто не можа. Папрасілі дапамогі ў Мікалая Васільевіча. Ён толькі печ агледзеў,  каб сказаць,  што не так. Нават не адыходзячы за інструментам, ён з усёй моцы кулаком разбіў няякасна,  як аказалася, зробленую частку дымахода”.

Разам весялей
Працуе майстар не адзін. “Ёсць у мяне афіцыйны памочнік – Віталь Пашук, – кажа Мікалай Шульга. – Ён хоць і лічыцца памагатым,  але скласці печ можа і сам. Таму ў водпуск я іду са спакойнай душой – мяне, калі што, заменяць”. Ёсць у Мікалая Васільевіча яшчэ два падмайстры – Міхаіл Лук’яновіч і Уладзімір Амельчанка,  якіх менавіта ён навучыў пячной справе. “Хлопцы схватваюць хутка, – прызнаецца майстар, – таму вучыць іх было проста”. Што ж, каманда падабралася добрая – працавітая. І таленавітая. “Неяк працава­лі на аб’екце ў Кобрыне, – гаворыць Уладзімір, – папраўлялі недаробкі мясцовых “спецыялістаў”. Справіліся за чатыры дні. Для нас звычайны тэрмін. А кобрынскі майстар быў проста у захапленні – яго брыгада корпалася з гэтымі дымаходамі месяц”.
Тым не менш нават такая гвардыя памочнікаў не дазваляе Мікалаю Васільевічу даваць сабе слабінку ў працы. “Я ніколі не кідаю печ напалову зробленай, – прызнаецца ён, – калі ўзяўся, павінен давесці справу да канца. Усё роўна не сёння, дык заўтра мне самому давя­дзецца дарабіць яе”. Значна ў справе дапамагае не толькі майстэрства, але і добрыя жарты. Таму майстар ніколі не ўпусціць момант,  каб не павесяліць сваіх таварышаў. “Ён у нас душа кампаніі”, – у адзін голас прызнаюцца таварышы.
Так,  добрыя жарты і майстэрства эксклюзіўнага спецыяліста Мікалая Шульгі ператвараюць сцюдзёныя зімы ў нашых дамах у цёплыя летнія казкі.
Кацярына ПАНЦЯЛЕЕВА.
На здымках: Мікалай Шульга разам з калегам Уладзімірам Амельчанкам (справа налева); гэтая мужчынская каманда сочыць за спраўнасцю печак маларытчан.
Фота аўтара.

Добавить комментарий


Велосипеды Tern

topobzor.info

www.iwashka.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!