У школах становяцца на лыжы

Сёлетняя зіма апраўдвае сябе і маразамі, і снягамі. Але гэта ніколькі не лякае дзяцей, а наадварот прыносіць ім задавальненне, бо можна, напрыклад, удосталь пакатацца на лыжах. Балазе, і лыжня гатова.
Настаўнікі фізічнай культуры раённай гімназіі праклалі яе ў гарадскім парку не на адзін кіламетр. Вучні 5 – 11 класаў становяцца на лыжы не толькі на ўроках, але і пасля іх. Бо, як пераканана настаўніца фізкультуры Ірына Чорная, катанне на лыжах – гэта вельмі прыемны і карысны для арганізма занятак. У выніку нагрузак і знаходжання на свежым паветры ён умацоўваецца, развіваюцца настойлівасць, вынослівасць, смеласць, сіла і спрыт. Акрамя таго, лыжны спорт загартоўвае, робіць чалавека бадзёрым, жыццярадасным, надае яму апетыт, спрыяе добраму сну.
А што лыжны спорт папулярны, пацвердзілі спаборніцтвы “Снежны снайпер” на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба ў сістэме фізкультурна-спартыўнага руху ў РБ, у якіх прыняло ўдзел каля 200 чалавек.

Мікалай НАВУМЧЫК, фота аўтара

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.