Глыбінка: як жывецца на самай мяжы з Украінай у вёсцы Вотчына?

Вёска Вотчына Макранскага сельсавета сустракае цішынёй снежаньскай раніцы. Навокал — ні душы. Толькі там-сям з комінаў хат ідзе дымок, які сведчыць, што людзі тут усё ж такі ёсць. Зрэшты, Вотчына – не самая маленькая вёска на Маларытчыне. Жывуць тут не толькі адны старыя, ёсць і моладзь. Першых, вядома ж, больш, але назваць Вотчына паміраючай, бесперспектыўнай вёскай неяк язык не паварочваецца. Як паведамілі ў Макранскім сельвыканкаме,  тут пражывае 72 чалавекі, з іх шасцёра дзяцей.

Цэнтр жыцця на вёсцы – магазін, які працуе чатыры дні на тыдзень, з 10 да 16 гадзін без перапынку на абед. Гандлёвы аб’ект месціцца ў звычайнай вясковай хаце, і, калі б не шыльда, вырабленая ў стылі 50-х гадоў, нам, немясцовым, наўрад ці ўдалося б яго знайсці. Праз сені, на дзвярах якіх вісяць абвесткі для пакупнікоў, аб тым, што па заяўках рэалізуецца счарсц­велы хлеб, трапляем у невялічкае памяшканне. За прылаўкам сустракае ветлівая прадавец Любоў Саснюк. Разгаварыліся. Аказваецца, што Лю­боў Мікалаеўна сапраўдны патрыёт сваёй справы.  У спажыўкааперацыі працуе жанчына ні многа ні мала —  амаль 40 гадоў, з якіх 16 — у мясцовым магазіне. Любоў Саснюк не мясцовая, з суседняй вёскі Ляхаўцы, але кожнага з жыхароў Вотчына яна добра ведае. Зрэшты, нядзіўна,  за столькі гадоў працы жанчына стала тут сваёй. Праўда, дабірацца на работу прадаўцу з Ля­хаўцаў крыху нязручна. Калі цёпла ды суха,  Любоў Мікалаеўна едзе на сваім веласіпедзе,  а ў непагадзь даводзіцца ісці пехатой. Вяскоўцы наведваюцца ў краму,  каб не толькі  набыць тыя ці іншыя прадукты,  але і пагаварыць,  даведацца апошнія навіны, абмеркаваць пачутае. Летам можна сабрацца і на прызбе ў каго-небудзь з жыхароў, пася­дзець у засені дрэў. А вось зімой куды падацца старым, каб пагаварыць? Вядома, у краму.  

Пакуль я раз­маўляю з Любоўю Міка­лаеўнай, у мага­зін зазірнуў мяс­­цовы жыхар Генадзь Міш­чук.

— Чаму  так ма-ла пакупнікоў? – дапытваюся ў прадаўца.

— Будуць пасля абеду,  а другой гадзіне дня,  калі хлеб свежы прывязуць, — тлумачыць Любоў Мікалаеўна.

Хлебабулачныя вырабы прывозяць у Вотчына тры разы на тыдзень. У “хлебныя” дні пакупнікоў у краме больш. Асартымент у магазіне даволі разнастайны: тут ёсць усё неабходнае. Гэта і бытавая хімія, посуд, канцылярыя, прадукты харчавання.

— Акрамя хлеба і батонаў купляюць у асноўным цукар, муку, алей, малочныя прадукты, макароны і крупы, — тлумачыць Любоў Саснюк.    

Прадукты ўзваж­ваюць на электронных вагах,  хаця побач стаяць механічныя,  напэўна,  дзеля антуражу.

Гэты невялічкі мага­зін быццам бы згубіўся ў часе. Ад яго павявае нечым далёкім і родным. А можа, такі настальгічны настрой стварае грубка, у якой, патрэскваючы, ярка гараць дровы. Любоў Мікалаеўна не толькі прадавец, яна і загадчыца магазіна, і кладаўшчык, і грузчык, і апальшчыца, і прыбіральшчыца. Прадавец на цяжкасці не скардзіцца, відаць, што яна любіць сваю работу,  таму вельмі тактоўна і ветліва заўсёды сустракае пакупнікоў.

— Чужых у нас не бывае, — гаворыць Любоў Мікалаеўна. – Вотчына стаіць ля граніцы, да якой рукой падаць. Тэрыторыю пастаянна патрулююць пагранічнікі. Тут у нас заўсёды ціха і спакойна. Вёска ажывае па вясне і летам,  калі прыязджаюць дачнікі,  а на канікулы – дзеці ды ўнукі.

—  Вотчына я памятаю зусім іншым, — далучаецца да размовы мясцовы паэт Генадзь Мішчук. – Калісьці тут была школа, якую напрыканцы 70-х гадоў мінулага стагоддзя закрылі. Працавала ферма,  дзе гадавалі цялят. Жыццё ў Вотчыне віравала, не тое, што цяпер. Вый­дзеш на вуліцу — і нідзе ні  душы.

Перажывае Генадзь за Вотчына, баліць душа за родную вёску, якую хочацца бачыць квітнеючай, шматлюднай і маладой. Тут жылі продкі Гена­дзя. Яго прадзед Серафім Міканоравіч у дваццатых гадах мінулага стагоддзя набыў тут надзел зямлі. Як сцвярджае Генадзь, ён быў адным з першых пасяленцаў хутара. Затым тут зямлю пачалі выкупляць іншыя заможныя сяляне. Хутар прырастаў новымі жыхарамі, на жаль, у наш час з кожным годам вёска пусцее.

Адзін з першых жыхароў Вотчына Серафім Мішчук (злева)

— Калі я сюды ўладка­валася прадаўцом, — працягвае размову Любоў Мікалаеўна, – у Вотчыне было каля 150 жыхароў, сёння — напалову менш. Моладзь з’язджае, і гэта заканамерна.

— Мы жывём быццам бы ў мінулым стагоддзі, — гаворыць Генадзь. –У нас няма інтэрнэту, мабільная сувязь працуе дрэнна, рэй­савы аўтобус ходзіць толькі 2 разы на ты­дзень. А калі ў цябе няма спадарожнікавай “талеркі”, то даводзіцца глядзець толькі 8 тэлевізійных ка­налаў. Маладыя да гэтага не прывыклі.

Толькі ні ў якім разе не падумайце, што Генадзь скардзіцца на сваё жыццё. Наадварот,  ён любіць сваю Бацькаўшчыну,  сваё Вотчына, таму і застаўся тут жыць з сям’ёй. Старэйшы сын – гордасць сям’і — вучыцца ў Акадэміі авіяцыі. Дома падрастае маленькая дачушка Ксенія,  якой толькі шэсць годзікаў. Дзяўчынка наведвае дзіцячы садок, што ў Ляхаўцах. Яе, як і астатніх дзяцей,  штодзень возіць школьны аўтобус.

А нядаўна ў маладой сям’і Дзмітрыя і Марыі Гаральчукоў нарадзілася немаўлятка, гэта значыць, што на аднаго жыхара ў Вотчыне стала больш. Жыццё ў глыбінцы працягваецца.

Кацярына Яцушкевіч.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.