Доктар хлебных навук

80-гадовую Ксенію Саўчук,  хоць яна ўжо і даўно на заслужаным адпачынку, памятаюць многія маларытчане. А дакладней –смак і водар хлеба, які выпякаўся зменай на хлебазаводзе, дзе жанчына не адзін год працавала майстрам. Прадукцыя заўжды была нязменна высокай якасці. За 45 з паловай гадоў, якія аддала Маларыцкаму хлебазаводу, яна здолела стаць высокакваліфікаваным спецыялістам, сапраўдным асам сваёй справы. І калі б існавала званне “Доктар хлебных навук”, Ксеніі Якаўлеўне можна было даць яго першай.
…У шматдзетнай сям’і Ксенія была сярэдняй. Жылі бедна. Змалку стала дапамагаць бацькам па гаспадарцы. Да вайны паспела закончыць усяго толькі 2 класы савецкай школы. Чытаць, пісаць навучылася.
— На тым мая навука і скончылася, — прызнаецца Ксенія Якаўлеўна. – Хоць жаданне вучыцца было. Думала, што пасля заканчэння школы набуду добрую спецыяльнасць. Аднак усё ўраз перарвала вайна. Не да гэтага тады было зусім. Адна думка круцілася ў галаве: як выжыць?
Пасля вызвалення раёна і вёскі ад захопнікаў сям’я Дземчукоў (дзявоцкае прозвішча Ксеніі Саўчук) вярнулася ў родныя мясціны. Аднак жыць не было дзе, бо роднае гняздо было поўнасцю разбурана. Як-ніяк, а 5 дзяцей неабходна апрануць і пракарміць. Каб неяк выбрацца з галечы, Ксенія Якаўлеўна ідзе ў заробкі.
— Я стала наймічкай, парабчанкай, — успамінае мая субяседніца. – Працавала ў полі ад цямна да цямна, наогул, выконвала любую чорную работу, якую давалі. Не перабірала, не мела права. За непаслухмянасць маглі і пра­гнаць. А куды тады ісці, дзе знайсці прытулак? Невыносна цяжка было, але цярпела. З цягам часу з усім звыклася. Жыла ў гаспадароў. Спачатку — некаторы час на хутарах ля Ланской, а пасля, недзе год з паловай, – у Маларыце.  Мяне за гэта тут кармілі, апраналі і нават плацілі нейкія грошы. Але я іх адразу аддавала маці, бо ў сям’і было яшчэ двое меншых дзяцей: брат Коля і сястра Таня. Іх трэба было падымаць на ногі. Я стала для іх, напэўна, галоўнай карміцелькай. Дадому амаль не наведвалася.
Пераломным у лёсе Ксеніі Саўчук стаў 1953 г. Неяк адзін знаёмы падказаў, што на хлебапякарню патрабуюцца рабочыя. Дзеля цікавасці дзяўчына завітала туды. Пераступіўшы парог, зразумела, што тут яна зможа працаваць. Яе залічылі ў штат памочнікам пекара. На прадпрыемстве тады была цякучасць кадраў. Нават наймалі салдат, каб яны сартавалі хлеб. Затрымліваліся тут самыя адданыя справе, якія не баяліся цяжкасцей. Ксеніі падабаліся гарачыя змены ў цэху, а пах свежага хлеба, непараўнальны водар прымушаў забываць пра стому. Дзяўчына старалася, усё выконвала сумленна, адказна, па шчырасці. Праз некалькі гадоў прапанавалі стаць майстрам змены. Хоць і не адразу, але згадзілася.
— Як працавалі? Хлеб мясілі ўручную, здаецца, аж да 1962 года, — расказвае Ксенія Саўчук. – У цэху стаялі асаблівыя дзежкі, памерам прыкладна 80 см на 2 м. Ля кожнай  шчыравалі 2 чалавекі. Праз 25-30 хвілін увішнай працы цеста было падрыхтавана і яго пачыналі фармаваць, а затым саджалі ў печ. З адной дзежкі атрымлівалася прыблізна 200 боханаў хлеба. Пшанічнага не выпякалі, быў толькі жытні.
— Зусім не выпякалі? – перапытваю я.
— Так, — сцвярджае Ксенія Якаўлеўна. – Здаецца, да 1958 года быў на паліцах нашых магазінаў толькі жытні хлеб. Потым з’явіліся батоны, сайкі, абаранкі.
— А што найбольш Вам помніцца?
— Першая зарплата. Як я яе чакала! Колькі планаў было! Прадумала, куды патрачу кожную капейку. За месяц атрымала 15 рублёў. Ці шмат гэта? Адзін бохан жытняга хлеба ў залежнасці ад гатунку каштаваў тады і 14, і 17, і 20 капеек. Але для мяне 15 рублёў, заробленых уласным мазалём, здаваліся значнай сумай. Такія вялікія грошы ў руках трымала ўпершыню. На іх купіла адзенне, абутак, а частку пакінула на харчаванне. Добра памятаю і 1957 год, калі за адзін месяц атрымала ажно 30 рублёў зарплаты. Былі гады, калі выпякалі хлеб у 4 змены, каб забяспечыць ім увесь раён.
На працягу многіх гадоў калектыў, які ўзначальвала майстар змены Саўчук, нормы выпрацоўкі выконваў на 120-130%.
— Я ж была вельмі патрабавальнай, — прызнаецца Ксенія Якаўлеўна. – І лічыла, што толькі пры добрай дысцыпліне кожнага, вялікай адказнасці можна дасягнуць высокіх вынікаў. У нашай справе абы-як працаваць было сорамна. Як суседзям, знаёмым, якія куплялі хлеб у магазіне, можна глядзець у вочы, калі прадукту даюць адмоўную ацэнку? Тут я была прынцыповай.
За сваю самаадданую і плённую “хлебную” працу Ксенія Саўчук атрымала безліч узнагарод рознага ўзроўню. Адных толькі грамат і дыпломаў ажно за 20. У 1991 г. яе імя было занесена на раённую Дошку гонару. Ксенія Якаўлеўна таксама мае званне “Майстар залатыя рукі”, яна – ударнік дзясятай і адзінаццатай  пяцігодак, выдат­нік спажывецкай кааперацыі, неаднаразовы пераможца абласных спаборніцтваў, акрамя таго, узнагароджана медалём “За добрасумленную працу”.
— Дома ж, напэўна, нічога ўжо не пяклі?
— Пякла, — усміхаецца Ксенія Якаўлеўна. – Дзецям у першую чаргу. І да гэтага часу пяку, але ўжо больш рэдка, чым раней.
— Сапраўды, гэта так, — падтрымлівае размову сын Сяргей, які на юбілей маці прыехаў з Мурманска. Ён, лётчык з 10-гадовым стажам, а зараз – супрацоўнік органаў МУС Расіі, прызнаўся:
— Маці ўмела і любіла кулінарыць. Кухня – яе пастаяннае месца прапіскі. Усё ў яе заўжды атрымлівалася смачным, апетытным. Гатаваць я навучыўся сам, а вось пірагі пячы ўрокі браў у маці. Мне ёсць чаму яшчэ павучыцца ў гэтым плане ў яе. Пераўзысці маці цяжка.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Ксенія Саўчук, пекар з 45-гадовым стажам.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Доктар хлебных навук: 1 комментарий

  • 15.03.2011 в 12:01 дп
    Permalink

    Мы Вас очень любим, дай бог вам здоровья и долгих лет жизни.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.