Раяль — для перамог

— Вось ён, наш прыгажун, — паказвае Ірына Пятрухіна, дырэктар УА “Маларыцкая дзяржаўная дзіцячая школа мастацтваў”, на чорны  паліраваны раяль японскай фірмы “К.KAWAI”. – Яго з’яўленне для нас — падзея. Пра гэта мы даўно марылі. Музычныя інструменты гэтай серыі маюць прыгожы дызайн, валодаюць унікальнай якасцю гучання, якое задаволіць патрабаванні любога піяніста і выканаўцы. Набыты раяль здольны спяваць ясным,  роўным тонам,  яму падуладны любы нюанс гучання. У яго голас прыгожы, чароўны. Іграючы на гэтым музычным інструменце, можна быць упэўненым, што  ёсць надзейны і чулы памочнік для ўвасаблення музычна-мастацкіх задумак і фантазій. Раяль можна падстроіць да спецыфічных і акустычных патрабаванняў любога памяшкання. Ён мае асаблівую элегантнасць і прывабнасць.
Раяль, які каштуе 70 мільёнаў рублёў, у МДДШМ паступіў якраз перад Новым годам, дзякуючы намаганням Казіміра Лапіча, старшыні райвыканкама. Да гэтага  дзеці вучыліся тут іграць і выступалі на раялі  “Чырвоны кастрычнік”,  1970 года выпуску. Зразумела, што такі інструмент маральна ўстарэў і адпавядаў далёка не ўсім сучасным падрабаванням. Пра гэта ішла размова 4 верасня з Пятром Пракаповічам,  старшынёй праўлення Нацыянальнага банка,  і Канстанцінам Сумарам, старшынёй аблвыканкама,  у час наведвання ўстановы. А 28 снежня ўзнятае пытанне было станоўча вырашана.
— У нашых 65 вучняў, якія займаюцца на аддзяленні фартэпіяна, з’явілася ўнікальная магчымасць іграць на музычным інструменце сусветна вядомай фірмы, — кажа Ірына Эдуардаўна. – Упэўнена,  што гэта паспрыяе якаснай падрыхтоўцы да конкурсных выступленняў і новым творчым перамогам.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Ірына Пятрухіна ля раяля фірмы “К.KAWAI”.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.