Векавы юбілей органаў ЗАГС — на ўсе 100!!!!!
Усе самыя важныя падзеі ў жыцці чалавека – нараджэнне, шлюб, адыход у небыццё – патрабуюць абавязковай дзяржаўнай рэгістрацыі. Для гэтага і былі заснаваны органы рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану. Днём з’яўлення органаў загса прынята лічыць 18 снежня 1917 года. Менавіта з гэтай датай звязана прыняцце Дэкрэта Саўнаркама “Аб грамадзянскім шлюбе, аб дзецях і вядзенні кніг актаў стану”, які адмяніў стары парадак шлюбна-сямейных адносін, і з таго часу афіцыйным шлюбам пачала лічыцца адпаведная рэгістрацыя ў дзяржаўных органах, а ўсе архівы метрычных кніг, якія належылі цэрквам, былі перададзены аддзелам загса. З таго часу прайшло 100 гадоў. Векавая гісторыя такой важнай службы багатая на падзеі. З самых цікавых звестак і пачалася сустрэча, якая ў дзень юбілею сабрала гасцей у малой зале ГДК.
На Маларытчыне гісторыя дзейнасці органаў загса, як адзначала ў прывітальным выступленні начальнік аддзела загса Маларыцкага райвыканкама Наталля Камянчук, пачынаецца з 1940 года, калі пачалі ажыццяўляць рэгістрацыю актаў грамадзянскага стану Вялікарыцкі, Лукаўскі, Гвозніцкі, Макранскі, Олтушскі, Арэхаўскі і Хаціслаўскі сельскія Саветы. А з 1944 года да іх далучыўся Чарнянскі сельскі Савет, з 1945 года – Збуражскі, Ляхавецкі, Радзежскі і Масевіцкі, якія былі скасаваны ў 1954 годзе. Першы запіс акта аб нараджэнні ў бюро ЗАГС Маларыцкага раёна зроблены 3 кастрычніка 1944 года, а першы шлюб зарэгістраваны 14 кастрычніка. Быў перыяд, калі бюро ЗАГСа з’яўлялася падраздзяленнем народнага камісарыяту ўнутраных спраў, а затым МУС, супрацоўнікі аддзела насілі афіцэрскія пагоны.
Загсы не толькі засведчваюць самыя значныя падзеі у жыцці грамадзян, выдаюць неабходныя дакументы, але і захоўваюць важныя запісы. Удзельнікаў сустрэчы не маглі не зацікавіць агучаныя лічбы. Цяпер у архіве аддзела загса захоўваецца 389 кніг запісаў актаў, з іх 81 кніга запісаў актаў аб заключэнні шлюбу, 153 кнігі аб нараджэнні, 107 кніг аб смерці, 27 кніг адноўленых запісаў актаў. У 2015 годзе ўсе метрычныя запісы, якія знаходзіліся ў аддзеле загса, былі перададзены на пастаяннае захоўванне ў Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў г. Гродна.
Расказваючы пра шматгранную дзейнасць органаў загса, а гэта не толькі карпатлівае афармленне і захоўванне ўсіх важных звестак, але і прававая дапамога, і работа па ўмацаванні сям’і і прапагандзе шлюбна-сямейнага заканадаўства, Наталля Мікалаеўна не абмінула ўвагай ролю тых людзей, якія ў розныя гады выконвалі ўсю гэтую работу. Больш за 31 год Маларыцкі аддзел загса ўзначальвала Вольга Віктараўна Мартысюк, больш за 20 гадоў работай у ім кіравала Антаніна Сцяпанаўна Пішчык. Спецыялістамі аддзела шмат гадоў працавалі Кацярына Уладзіміраўна Васілюк, Ірына Паўлаўна Каравайчык, Людміла Уладзіміраўна Гарбацэвіч (з 2013 г. па 2015 г. – начальнік аддзела загса), Людміла Мікалаеўна Марушава.
Гаварыла Наталля Камянчук і пра стараннасць тых людзей, хто выконваў і выконвае важныя задачы органаў рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану на месцах, у сельвыканкамах. Гучалі прозвішчы Вольгі Уладзіміраўны Вілента, Лідзіі Сямёнаўны Мірчук, Таццяны Сцяпанаўны Абрамук, Мікалая Мікалаевіча Пракапука, Валянціны Іванаўны Чагайда, Надзеі Яфімаўны Філановіч і іншых. Ім, ветэранам працы і сённяшнім работнікам, прысвячаліся цёплыя словы падзякі за працу.
Асабіста павіншаваць работнікаў органаў загса са значнай юбілейнай датай знайшоў час старшыня райвыканкама Мікалай Шум. За асабісты ўклад у рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі ў сферы рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану, стварэнне і развіццё архіваў запісаў, добрасумленную і шматгадовую працу віншавальны адрас і каштоўны падарунак ад аблвыканкама і Грамату Маларыцкага райвыканкама кіраўнік раёна ўручыў Антаніне Сцяпанаўне Пішчык, якая ўзначальвала аддзел загса з 1992 да 2013 года. Пісьмамі падзякі Маларыцкага райвыканкама былі ўзнагароджаны ветэраны працы Таццяна Сцяпанаўна Абрамук, якая працавала кіраўніком спраў Вялікарыцкага сельвыканкама, і Вольга Уладзіміраўна Вілента, былы кіраўнік спраў Олтушскага сельвыканкама. Ганаровую грамату Маларыцкага раённага Савета дэпутатаў атрымала ветэран працы, галоўны спецыяліст аддзела загс Маларыцкага райвыканкама Людміла Мікалаеўна Марушава.
Юбілейная сустрэча – магчымасць пагартаць старонкі мінулага. Шчырымі ўспамінамі дзяліліся многія. Нямала гаварылі і пра сённяшні дзень. Аб цесным супрацоўніцтве з аддзелам загса ў такіх важных пытаннях, як умацаванне інстытута сям’і, расказвала старшыня раённай арганізацыі “Беларускі фонд міру” Людміла Бурштын.
Госці сустрэчы змаглі пазнаёміцца з фотапрэзентацыяй і выставай малюнкаў, якія прымалі ўдзел у конкурсе “Загс вачамі дзяцей”. Пераможца гэтага конкурсу — вучань Маларыцкай дзіцячай школы мастацтваў Аляксандр Ківачук, быў запрошаны на юбілейную сустрэчу і атрымаў узнагароду.
А падарункам усім гасцям свята была канцэртная праграма, якую падрыхтавалі салісты гарадскога Дома культуры.
Святлана МАКСІМУК.
Спасибо, поправили