Размова аб надзённым: што турбуе арэхаўцаў?

У аграгарадку Арэхава адбылася сустрэча старшыні райвыканкама Мікалая Шума з жыхарамі населенага пункта і працаўнікамі ААТ “Арэхава”. Мікалай Мікалаевіч перад тым як трымаць своеасаблівую справаздачу перад вяскоўцамі, заклікаў усіх да грунтоўнай і шчырай размовы.

Старшыня райвыканкама расказаў прысутным аб тым,  як ідуць справы ў цэлым у раёне,  асноўны напрамак дзейнасці якога – сельская гаспадарка. З 10 сельскагас­падарчых арганізацый Мікалай Мікалаевіч вы­значыў тройку лідараў – СВК “Дарапеевічы”,  СУП “Савушкіна” і ААТ “Чырвоны партызан”. Гэтыя гаспадаркі не маюць запазычанасцей, дасягнулі высокіх паказчыкаў у вы­творчасці і працуюць з высокай рэнтабельнасцю.

Адна з самых праблем­ ных гаспадарак на сёння – ААТ “Макраны”, у адносінах да якой адкрыта конкурсная вытворчасць. Дарэчы, аб гэтым неаднойчы пісала раённая газета “”. Гаспадарцы, каб вылезці з даўгавой ямы і пачаць усё з чыстага ліста, патрэбен знешні інвестар,  як гэта адбылося з “Хаціслаўскім”. ААТ “Брэсцкі мясакамбінат” узяў прадпрыемства на свой ба­ланс з усімі запазычанасцямі. Зараз там значна вырас продаж  малака, якое, дарэчы, рэалізуецца на малочны завод толькі вышэйшым і экстра гатункамі.

На жаль,  у ар’ергардзе пакуль знаходзіцца і мясцовая гаспадарка – ААТ “Арэхава”,  якая зараз перажывае не самыя лепшыя часы. Як зазначыў Мікалай Мікалаевіч, у сельскагаспадарчай ар­ганізацыі назіраюцца пэўныя станоўчыя зрухі. Безумоўна, будучыня ў ААТ “Арэхава” ёсць, але ўсё залежыць ад зладжанай працы кожнага: ад спецыялістаў да механізатараў.

Не засталіся па-за ўвагай кіраўніка раёна і праблемы, што непасрэдна датычацца арэ­хаўцаў.

— Ведаем вашу праблему з вадой, — адзначыў Мікалай Шум. – На жаль, Маларытчына ў вобласці знаходзіцца на адным з апошніх месцаў па якасці вады. І паступова праблема будзе вырашацца. Спачатку станцыю па абезжалезванню плануецца пабудаваць у Хаціславе.

Узнімалі вяскоўцы пытанне наконт палігона цвёрдых бытавых адходаў, што знаходзіцца далёка ад населенага пункта. Як патлумачыў старшыня, новыя палігоны ніхто адкрываць не збіраецца, бо размова ідзе аб ахове прыроды. Наадварот, будзе праводзіцца аптымізацыя ўжо існуючых,  а смецце павінна ісці на перапрацоўку.

Прасілі сяльчане стар­шыню аказаць са­дзей­нічанне ў рамонце дарогі,  што па вуліцы Пясочная. У прыватнасці, невялікага яе ўчастка, дзе ўтварылася яміна і ў  цёплую пару года,  пасля дажджоў, там збіраецца вада. Мікалай Мікалаевіч адказаў, што не бачыць ніякай праблемы ў тым, каб прывезці некалькі прычэпаў шчэбню ці іншага матэрыялу, і прывесці дарогу ў належны стан. Але на гэтым арэхаўцы не спыніліся. Яны выказалі жаданне , каб па галоўнай вуліцы праклалі тратуар.

— Глабальныя пытанні, што тычацца добра­­ўпа­радкавання вёскі і рамонту вуліц, паступова будуць вырашацца пры правядзенні раённых “Дажынак”,  якія па даручэнні губернатара ладзяцца ў вёсках, — пракаменціраваў сітуацыю Мікалай Міка­лаевіч.

Прагучала з залы прось­­ба і аб абулад­каванні яшчэ аднаго аўтобуснага прыпынку, таму што вёска вялікая, і многім арэхаўцам, каб сесці на аўтобус ці маршрутку, трэба хвілін трыццаць ісці хуткім крокам. Мікалай Мікалаевіч паабяцаў дэталёва разабрацца ў гэтым пытанні. Што тычыцца мабільнай сувязі МТС, перабоі з якой ёсць у населеных пунктах Арэхаўскага сельсавета, то ў лютым будучага года аператар сотавай сувязі плануе пачаць будаўніцтва непадалёку ад вёскі Дрочава дадатковай падстанцыі.

Старшыня Арэхаўска­га сельвыканкама Святлана Вітаноўская ад імя ўсіх жыхароў Арэхава выказала словы падзякі Мікалаю Шуму за будаўніцтва дарогі на Арэхава.

— Праблема з дарогай існавала даўно,- адзначала Святлана Васільеўна. – І многія з вяскоўцаў не верылі, што да Арэхава будзе пакладзены асфальт. Вялікі дзякуй, Мікалай Мікалаевіч, што нас пачулі як на раённым узроўні, так і на абласным, і зрабілі ўсё неабходнае для дабрабыту вяскоўцаў.

Кіраўнік раёна пад­вёў вынікі сустрэчы, за­значыўшы,  што вялікіх праблем у арэхаўцаў няма. Адчуваецца цес­ная ўзаемасувязь мясцовай улады з насель­ніцтвам,  якая, калі ўзні­каюць тыя ці іншыя пытанні, іх паступова вырашае.

Кацярына Яцушкевіч.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.